“Калі я браўся за нешта, то стараўся гэта рабіць якасна і кваліфікавана”. Інтэрв’ю з заслужаным трэнерам Рэспублікі Беларусь Віктарам Мухлядай

 

Шчучыншчына – радзіма многіх вядомых людзей. Кожная вёсачка ці мястэчка ў нашым раёне мае кім ганарыцца. Не сталі выключэннем і Кронькі Васілішкаўскага сельсавета. Тут нарадзіўся вядомы ў краіне спартыўны дзеяч Віктар Мухляда. Лёс яго неаднаразова мяняў свой напрамак. Так, за 64 гады свайго жыцця наш герой паспеў пабыць спартсменам, трэнерам, суддзёй, паэтам і навукоўцам. У кожнай з гэтых роляў Віктар Казіміравіч дабіваўся поспеху і прызнання. Зрэшты, ён нам пра гэта раскажа.

 

На пад’ездзе да Кронькаў нам сустрэліся мясцовыя жыхары, якія не толькі паказалі дзе жыве Віктар Мухляда, але і расказалі добрую частку яго біяграфіі і дасягненняў. Адразу бачна, што чалавека тут любяць і паважаюць. Сам Віктар гасцінна, з шырокай усмешкай, сустрэў нас на надворку ля бацькоўскай хаты. Павітаўшыся, мы размясціліся ў цяньку невялічкага садзіка і пачалі размову.

 

 

­Віктар Казіміравіч, давайце пачнём з вашага роднага краю, раскажыце пра свой ранні этап жыцця.

 

– Нарадзіўся я ў 1959 годзе, хадзіў у васьмігадовую беларускамоўную школу ў Барэйшышках, яна знаходзілася недалёка ад Кронькаў. Потым я перайшоў давучвацца ўжо ў Васілішкі. У 90-х Барэйшышкаўская школка згарэла і, ніхто дагэтуль не ведае, што ж там сталася.

 

 – Вучыліся добра?

 

– Адразу скажу, што я гуманітарый. Што тычылася гісторыі ці геаграфіі, то там было ўсё добра, а вось у алгебры і геаметрыі я быў слабаком (усміхаецца). Мая маці, Рэгіна Іосіфаўна, настаўніцай беларускай мовы працавала, яна мяне крыху падцягвала. Калі маці выклікала да дошкі ў школе, то хлопцы ўсе ў класе выдыхалі: “Калі Віцю Мухляду выклікала да дошкі, то ўжо будзе яго пытаць хвілін 15, можна спакойна сядзець, не рухацца” (смяецца).

 

Вас тут добра ведаюць…

 

А як жа, тут усе мае людзі. Хтосьці з аднакласнікаў застаўся, гэта мой родны кут. Я калі вучыўся ў гродзенскім тэхнікуме і прыязджаў дахаты, то з аўтобуса заўсёды заходзіў да нашых бабулек, яны мяне заўсёды запрашалі: “Віця, зайдзі, пагавары з намі”. І я так па вуліцы і заходзіў да іх па чарзе, а маці ўжо стаяла ў брамцы і клікала: “Віця, што ты там усё па хатах ходзіш, ідзі дадому хутчэй”. Раней вёска бурліла жыццём (з сумам адзначае Віктар). Зараз тут ужо мала жыхароў, павыязджалі ўсе, хто ў Гродна, хто ў Мінск, і засталіся тут толькі бацькі нашыя, ды і тых ужо няшмат. Раней у нас у кожным доме было многа людзей, браты, сёстры, а зараз на маёй вуліцы толькі маці і цётка Валя… Сумна. Але вось добра, што ў Васілішках аграгарадок, туды шмат хто пераехаў жыць і працаваць, то гэтыя людзі тут, зусім поруч.

 

Пасля школы Вы вырашылі звязаць сваё жыццё са спортам?

 

Так, у 1976 годзе я скончыў школу і паступіў у Гродзенскі тэхнікум фізічнай культуры. Дарэчы, ішоў на “чырвоны” дыплом, але падчас практыкі паехаў у Мінск на спаборніцтвы па плаванні, абараняць гонар вобласці. Па вяртанні даведаўся, што за практыку мне ставяць тры, хаця ў мяне былі дамовы з выкладчыкамі на чацвёрку. У выніку я застаўся з “чырвоным” носам, а не з “чырвоным” дыпломам (жартуе наш герой). Пасля тэхнікума я пайшоў працаваць у школу ў Іўеўскім раёне. Адрабіў там недзе паўгода, і мяне прызвалі ў шэрагі Савецкай Арміі.

 

Як прайшла служба?

 

– Служба была сур’ёзная, служыў у Брэсце ў асобнай стралковай роце аховы. Два гады прайшлі ў вартах, праз дзень на рэмень. У войску я і вершы пісаў, у нас з хлопцамі нават быў свой ансамбль. На конкурсе-аглядзе ў Брэсце мы занялі першае месца. Выступалі з дзевяціхвіліннай літаратурнай кампазіцыяй “Чырвоныя макі”. Ансамбль выконваў песню, а я чытаў верш пра Брэсцкую крэпасць. У журы тады быў сам Эдуард Сямёнавіч Ханок. Вершы я да войска яшчэ пісаў – пра родны кут, пра каханне, ёсць і спартыўная тэматыка. Адзін з апошніх маіх твораў прысвечаны легендзе беларускага футбола Эдуарду Малафееву.

 

А што было пасля войска?

 

– Пасля войска я асеў у Мінску. Пайшоў працаваць на Мінскі завод ацяпляльнага абсталявання. Быў інструктарам па спорце, і так пайшла мая спартыўная кар’ера. Я добра гуляў у футбол і выступаў на першынстве рэспублікі сярод калектываў фізкультуры за каманду “Домабудаўнік”. Потым з 1986 года я працаваў на мінскай ТЭЦ-4. Гуляў там за заводскую каманду, потым пачаў трэніраваць яе. Вось, як аднойчы схадзіў пагуляць за каманду ТЭЦ, то на восем гадоў там і застаўся.

 

То добра схадзілі…

 

– Так, схадзіў добра (смяецца). Але ж на ТЭЦ быў не толькі футбол, там у першую чаргу праца была вельмі цікавая. Мяне ўсяму навучылі, на восем гадоў я атрымаў спецыяльнасць і добра працаваў дзяжурным электраманцёрам.

 

Вы ж пасля гэтага былі трэнерам зборнай Беларусі па міні-футболе сярод слабавідушчых людзей. Раскажыце, як туды трапілі?

 

У дзевяноста шостым годзе пазнаёміўся з Алегам Аляксандравічам Шэпелем, ён зараз прэзідэнт паралімпійскага камітэта, а тады быў дырэктарам Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі беларускага таварыства інвалідаў па зроку. Я з ім проста гуляў у футбол, так і пазнаёміліся. Бывала, збіраліся, як кажуць, “кулю паганяць” на выхадных. І ён мне паведаміў, што ствараецца каманда, зборная краіны па міні-футболе сярод інвалідаў па зроку, і прапанаваў яе трэніраваць. Я пагадзіўся, а ў 1997 годзе прыступіў да працы.

 

У тыя гады зборная Беларусі па міні-футболе сярод інвалідаў па зроку была адной з самых лепшых у свеце. Раскажыце пра дасягненні вашай каманды.

 

На першы чэмпіянат Еўропы мы паехалі ў 1997 годзе, гэта было ў Барселоне, і тады мы занялі трэцяе месца. У наступным годзе, у Бразіліі, праходзіў першы чэмпіянат свету па міні-футболе сярод слабавідушчых людзей. Мы на яго паехалі і сталі чэмпіёнамі свету. Другі чэмпіянат Еўропы праходзіў у 1999 годзе, у Мінску. Дома мы занялі другое месца, прайгралі ў фінале іспанцам. А вось у 2001-ым, у Францыі, мы сталі чэмпіёнамі Еўропы. Пасля гэтага мы яшчэ станавіліся чэмпіёнамі свету 2002 года ў Італіі і чэмпіёнамі Еўропы 2004 года ў Англіі. Хачу адзначыць, што міні-футбольныя турніры праводзяцца таксама і сярод татальна сляпых людзей. Яны зусім нічога не бачаць, гуляюць у спецыяльных шырокіх павязках на вачах, якія змяншаюць рызыку атрымання траўмы. Калі я ў Барселоне першы раз пабачыў, як сляпыя людзі гуляюць у міні-футбол, то на вачах слёзы з’явіліся. Гэта моцныя духам людзі, яны вартыя вялікай павагі.

 

А ў Беларусі ёсць міні-футбольныя каманды для цалкам сляпых людзей?

 

– Такая каманда ёсць. У Віцебску працуе з імі мой добры знаёмы Алег Канстанцінавіч Кірылаў. Ён у гэтым плане малайчына, што займаецца з невідушчымі людзьмі. Такая праца патрэбная, і гэта трэба падтрымліваць.

 

Трэнер каманды інвалідаў па зроку – гэта адказная пасада. Роля трэнера ў такім калектыве значна большая, чым у звычайным спорце?

 

– Так, безумоўна, тут свая спецыфіка. Дзесьці трэба дапамагаць, камусьці надаваць павышаную ўвагу. Самі разумееце, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Мы ж 7 гадоў запар ездзілі ў Херсон, на зборы. Там мора, і зразумела, што акрамя зарадкі і трэніровак, хлопцы маглі адпачыць, вечарам пайсці на танцы. Таму ў гэтай справе патрэбны спецыяльны кантроль. Тое ж самае і ў трэнажорнай зале, дзе да кожнага спартсмена мусіць быць свой асаблівы падыход. Хтосьці мог і штангу пацягаць і на трэнажорах папрацаваць, а камусьці гэта забаранялася. Усё залежала ад  захворвання.

 

І вынікі Вашай працы ў зборнай былі адзначаны.

 

– Так, у 2003 годзе мне было прысвоена званне заслужанага трэнера Рэспублікі Беларусь. Дзякуючы шэрагу перамог на чэмпіянатах свету і Еўропы ў мяне з’явілася магчымасць атрымаць гэтае ганаровае званне.

 

Потым Вы значна змянілі напрамак сваёй дзейнасці і сталі міні-фубольным суддзёй. Як так сталася?

 

– У 2002 годзе было скасавана фінансаванне зборнай па міні-футболе сярод інвалідаў па зроку. І я зразумеў, што мала чым змагу дапамагчы гэтай зборнай, бо прасіць і шукаць грошы я не ўмею. У 2003 годзе я вырашыў, што трэба нешта мяняць у жыцці, і падумаў пра тое, каб пачаць судзіць міні-футбол, тым больш што досвед які-ніякі быў. Менавіта так пачалася мая судзейская кар’ера, я судзіў матчы вышэйшай лігі. А потым пайшло-паехала, і я стаў лепшым суддзёй краіны па міні-футболе ў 2011 годзе. Гэта мне ўжо было 52 гады. Дарэчы, позна я пачаў судзіць, але тым не менш чагосьці дасягнуў. Калі я браўся за нешта, то стараўся гэта рабіць якасна і кваліфікавана. І вось у 2011 годзе я стаў лепшым арбітрам краіны і на гэтым скончыў кар’еру ў вышэйшай лізе. Але працы хапала, я ж яшчэ быў галоўным суддзёй па пляжным футболе і галоўным суддзёй чэмпіянату Мінска.

 

Нягледзячы на тое, што Вы былі даволі ўзроставым суддзёй, фізічныя кандыцыі дазвалялі Вам працаваць на высокім узроўні.

 

– Так, ніякіх пытанняў у гэтым плане не было. Калі здавалі нарматывы, умоўна кажучы, 55 чалавек, то я быў недзе ў сярэдзіне спісу. Але ж адна справа бегчы крос у 50 гадоў, а другая – калі б я бег гэты крос у 30. Пасля войска, калі працаваў інструктарам, я ж займаўся мнагабор’ем, па якім узяў першы разрад. Таму па фізічных паказчыках я падыходзіў.

 

Быць суддзёй гэта ж не так проста, заўсёды ёсць нейкі ціск, альбо нават канфлікты з гульцамі. Як было ў Вас?

 

– Усё правільна, на суддзяў часта кідаюцца, але на мяне асабліва і не кінесся. Калі нехта паводзіў сябе зусім некарэктна на полі, то я мог паказаць свой характар. Лічу, што суддзя павінен быць дыпламатам, я заўсёды стараўся згладзіць вострыя вуглы, і гэта часцей за ўсё атрымлівалася.

 

Вы маеце званне заслужанага трэнера Рэспублікі Беларусь, сталі лепшым суддзёй краіны, а цяпер будуеце педагагічную і навуковую кар’еру...

 

– У 2015 годзе я прыйшоў працаваць у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. І па сённяшні дзень там працую, на кафедры спартыўна-педагагічных дысцыплін факультэта фізічнага выхавання. Выкладаю спартыўныя дысцыпліны.

 

Віктар Казіміравіч, ці дапамагае вялікі спартыўны досвед знаходзіць агульную мову са студэнтамі?

 

– Дапамагае, у мяне са студэнтамі добрыя адносіны. Мне ёсць што расказаць і паказаць, хаця, зразумела, гады ўжо не тыя. Каб прыйшоў ва ўніверсітэт хаця б у гадоў 35-40, было б лягчэй працаваць, штосьці расказваць, паказваць.

 

Якія мэты ставіце перад сабой зараз?

 

– Я ўжо два гады як дацэнт кафедры, але гэта пасада. Зараз трэба атрымаць вучонае званне. Таксама ў маіх планах выдаць невялічкі зборнік вершаў і вясковых успамінаў.

 

А што зараз важна для Вас?

 

– Для мяне зараз важна быць здаровым. Вось я прыязджаю ў Кронькі, маці трэба дапамагчы. І бацькоўскую хату дзесьці трэба прывесці да ладу. Для мяне гэтая зямля вельмі важная, бо я тут нарадзіўся. Мне заўсёды прыемна прыязджаць сюды. Тут я атрымаў тое, што дае мне сілы на ўсё жыццё. Тут сфармаваўся мой характар. Скажу нават, што за гады жыцця ў сталіцы я не адчуваю сябе мінчанінам, а вось у Кроньках я тутэйшы.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара і з архіва Віктара Мухляды.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!