Шляхамі веры і духоўнасці. Сёння ў храме Богаяўлення ў Шчучыне архіепіскап Антоній узначаліў набажэнства ў гонар Аўгустоўскай іконы Божай Маці

 

Як вядома, царква Богаяўлення ў Шчучыне па вуліцы Пушкіна яшчэ толькі будуецца. Але цокальны паверх са жніўня 2014 года дзейнічае як Ніжні храм, асвечаны ў гонар Аўгустоўскай іконы Божай маці. Такім чынам сёння прыхаджане адзначаюць прастольнае свята.

 

Усе старанна рыхтаваліся да гэтай урачыстасці, раздзяліць якую са шчучынцамі прыехаў архіепіскап  Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній. Уладыку вернікі сустракалі з хлебам-соллю, кветкамі і прыгожымі вершамі, што так міла гучалі з вуснаў дзяцей. Яго Праасвяшчэнства цёпла прывітаў усіх прысутных, а рабят спытаў, як яны адпачылі за лета, благаславіў іх на добрую вучобу.

 

 

На святочнае набажэнства сабралася шмат людзей. Архіепіскап Антоній узначаліў Боскую літургію. Яму саслужылі святары Шчучынскага і іншых благачынняў Гродзенскай епархіі. Узнёсла гучалі пяшчотныя галасы пеўчых, малітоўныя прашэнні вернікаў аб дараванні міру нашым славянскім народам і ўсім людзям на зямлі. Кранальна трапяталі агеньчыкі і плакалі свечкі ля Аўгустоўскай іконы Божай маці, якой сёння прыйшлі пакланіцца шчучынцы і госці нашага горада.

 

 

З глыбокай верай расказвалі мне прыхаджане гісторыю пра тое, як недалёка ад нашых мясцін падчас Першай сусветнай вайны з’явілася перад рускімі воінамі Божая Маці і натхніла іх напярэдадні цяжкай бітвы на подзвіг і перамогу. З таго часу і асвячаюцца храмы ў гонар гэтага цуда. А Шчучын, як вядома, таксама горад вайскоўцаў: жыццё многіх нашых землякоў цесна звязана з гарнізонам і буйнейшай авіябазай. Вось і злучыла такім чынам новая царква мінуўшчыну і сучаснасць. Дарэчы, сярод прыхаджан і актыву храма нямала афіцэраў-ветэранаў, якія ўносяць свой адметны ўклад у духоўнае жыццё нашага горада.

 

Ва ўрачыстасці ў гонар Аўгустоўскай іконы Божай Маці прыняў удзел старшыня Шчучыскага раённага выканаўчага камітэта Аляксей Садоўскі.

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.  

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!