Срэбныя медалі ў “Шчучына”: наша каманда заняла другое месца на Кубку Рэспублікі Беларусь па пляжным футболе

 

На мінулых выхадных у горадзе Кіраўску Магілёўскай вобласці праходзіў розыгрыш Кубка Рэспублікі Беларусь па пляжным футболе сярод мужчын. У турніры прымалі ўдзел шэсць каманд з усёй краіны. Змагаліся за трафей і нашы землякі ў складзе ПФК “Шчучын”.

 

 

Турнір быў падзелены на два этапы: у суботу каманды спаборнічалі за выхад з групы, а ў нядзелю праходзілі паўфіналы і фінал. Наша каманда апынулася ў групе Б разам з клубамі “Волат” (Мінск) і “Юркас” (Віцебск).

 

 

Субота прайшла рэзультатыўна для нашай дружыны, у першым матчы “Шчучын” з разгромным лікам 13:5 перамог віцебскі “Юркас”. Другі групавы матч таксама скончыўся на карысць нашай каманды. Быў пераможаны з лікам 4:2 мінскі “Волат”. Такім чынам, па выніках першага гульнявога дня ПФК “Шчучын” заняў 1- е месца ў групе Б і забяспечыў сабе выхад у паўфінал.

 

 

На наступны дзень у паўфінале турніру нашу каманду чакалі землякі з ПФК “Гроднааблспорт”. Шчучынцы не спазналі цяжкасцей у гэтым матчы і ўпэўнена перамаглі гродзенскіх калегаў з лікам 11:4.
У фінале наша каманда сустрэлася з прынцыповым сапернікам – магілёўскім ПФК “ЦОР”. Некалькі тыдняў таму каманды ўжо сустракаліся ў фінале чэмпіянату Беларусі па пляжным футболе, тады шчучынцы не змаглі перамагчы магілёўскую каманду і таму былі зараджаны на рэванш у Кубку. Матч чакаўся цікавы і напружаны, так і адбылося.

 

 

З самага пачатку фінальнай сустрэчы два лепшыя клубы краіны паказалі, што гатовы змагацца за трафей да апошняга. Ніхто не хацеў саступаць, каманды праводзілі эфектныя атакі, паказвалі добрыя, загадзя падрыхтаваныя камбінацыі. За сем хвілін да канца першага перыяду гулец “Шчучына” Дзмітрый Фралоў імкліва прарваўся па флангу саперніка і зрабіў навес у штрафную пляцоўку магілёўскай каманды, дзе яго ўжо чакаў аднаклубнік Павел Дубук, які трапным ударам галавы накіраваў мяч у вароты саперніка. Да канца першага перыяду магілёўская каманда голам адказаць не змагла, але некалькі разоў была да гэтага блізкая. Такім чынам, першы тайм завяршыўся на карысць нашай каманды з лікам 1:0.

 

 

Другі перыяд стаў фатальным для ПФК “Шчучын”. Ужо на першай хвіліне нашы гульцы прапусцілі гол. Шчучынцы працягвалі атакаваць і ціснуць на саперніка, але чагосьці не хапала камандзе. Магілёўская ж дружына эфектыўна выкарыстоўвала свае падыходы да чужых варот, што прывяло да яшчэ двух галоў у перыядзе. Па выніку другога тайма лік быў ужо 1:3 на карысць магілёўскай каманды.

 

Старт апошняга перыяду ў нашых таксама не атрымаўся, яны зноў прапусцілі на першай хвіліне пасля свістка. Аднак каманда не апусціла рукі і пайшла ў атаку. Шчучынцы не давалі перадыхнуць магіляўчанам, а ў сярэдзіне перыяду Алег Гапон забіў з развароту эфектны гол у вароты “ЦОРа”. Інтрыга захоўвалася да канца сустрэчы, за трэці перыяд адбылося шмат эмацыйных эпізодаў, якія трымалі гледача ў напружанні. Наша каманда не збаўляла тэмп гульні, але, на жаль, рэалізаваць свае моманты не змагла. Кропку ў фінальным супрацьстаянні паставілі гульцы “ЦОРа”, якія забілі на апошняй хвіліне матча. Вынік – 2:5 на карысць саперніка з Магілёва. ПФК “Шчучын” застаўся са срэбнымі медалямі.

 

 

Шкада, што нашай камандзе не пашанцавала, бо гульню шчучынцы паказалі годную і мелі ўсе магчымасці станавіцца чэмпіёнамі. Спадзяваемся, што ў наступным годзе яны возьмуць залатыя медалі і прывязуць кубак у Шчучын.

 

Па выніках турніру гульцам таксама былі ўручаны асабістыя ўзнагароды ў некалькіх намінацыях. Так, лепшым гульцом усяго спаборніцтва быў вызначаны нападаючы ПФК “Шчучын” Алег Гапон.

 

 

Варта адзначыць, што бронзавыя медалі рэспубліканскага турніру ўзяла яшчэ адна каманда з Гродзенскай вобласці – ПФК “Гроднааблспорт”, яна ў матчы за трэцяе месца перамагла мінскі “Волат”.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота Крысціны БАЙГОТ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!