Пляжны суперкубак едзе ў Шчучын! ПФК “Шчучын” перамог магілёўскі “ЦОР” і забраў першы трафей пляжнага сезона 2023

У пятніцу ў Кіраўску Магілёўскай вобласці стартаваў сезон пляжнага футболу Беларусі. Традыцыйна, ён пачаўся матчам за суперкубак паміж лепшымі камандамі мінулага года: магілёўскім “ЦОР” і “Шчучынам”. Можна сказаць, што гэтае супрацьстаянне ўжо стала прынцыповым.

 

У мінулым сезоне клубы з Магілёва і Шчучына таксама вызначалі лёс суперкубка. Летась матч праходзіў у нашым горадзе і мацнейшымі тады аказаліся футбалісты “ЦОР”, якія ўпэўнена перайгралі каманду Шчучынскага раёна з лікам 4:12. Таму гэтым разам шчучынцы імкнуліся ўзяць рэванш ужо на арэне саперніка ў Кіраўску.

 

 

Першы з трох перыядаў атрымаўся цяжкім для нашай каманды. Атакуючая ініцыятыва была цалкам на баку гаспадароў, якія не давалі шчучынскай абароне часу на перадых. Упэўненыя дзеянні “ЦОР” прывялі да парушэння і небяспечнага штрафнога ў вароты “Шчучына”, які гаспадары рэалізавалі на пятай хвіліне сустрэчы (1:0). Нашы футбалісты таксама стваралі небяспеку каля чужых варот, але значна радзей. Да канца першага тайма, дзякуючы самаадданай абароне шчучынцаў лік на табло не змяніўся, аднак перавага магілёўскай каманды была відавочная.

 

На другі перыяд “Шчучын” выйшаў зараджаным на перамогу, гэта стала бачна з першых секунд, бо магілёўцы ўжо самыя пачалі адбівацца ад атак гасцей. Гульня выраўнялася і ўжо шчучынцы задавалі тэмп. За чатыры хвіліны да канца тайма гулец “Шчучына” Яраслаў Пруднікаў адкрыў лік галам каманды і зраўняў лічбы на табло (1:1). Магілёўская каманда таксама мела некалькі добрых момантаў каб забіць, але выкарыстаць іх не змагла.

 

 

У апошнім перыядзе каманды абменьваліся імклівымі атакамі, “Шчучын” часцей рабіў падыходы да варот саперніка. На трэцяй хвіліне Арцём Байгот эфектным ударам праз сябе вывеў нашу каманду наперад (1:2). “ЦОР” таксама нападаў але доўгі час забіць не мог. Да канца гульні ініцыятыву канчаткова перахапілі шчучынцы, яны ўпэўнена выглядалі на пляцоўцы і маглі павялічваць сваю перавагу, але ім не шанцавала. Магілёўцы ж не пакідалі спроб зраўняць лік і за 53 секунды да канца асноўнага часу забілі другі мяч у сетку “Шчучына”. Такім чынам, па выніках трох перыядаў мацнейшага каманды не выявілі. Дадатковы час прайшоў без галоў, таму лёс першага трафея сезона 2023 мусіў вырашацца ў пасляматчавай серыі пенальці.

 

Серыя пенальці стала сапраўдным псіхалагічным выпрабаваннем для абедзвюх каманд. У рэшце рэшт шчучынцы змаглі даціснуць саперніка і перамаглі магілёўскі “ЦОР”. Трэба адзначыць выдатную гульню варатара “Шчучына” Міхаіла Аўгустава, які добра абараняў вароты каманды падчас гульні і зрабіў вырашальныя сэйвы ў серыі пенальці.

 

Такім чынам “Шчучын” авалодаў першым трафеем сезона і ўзяў рэванш за леташнюю паразу. Віншуем каманду з перамогай і жадаем поспеху ў наступных спаборніцтвах.

 

 

Ужо сёння ў Кіраўску стартуе першы тур чэмпіянату Беларусі па пляжным футболе, які цягам гэтага лета пройдзе ў розных гарадах Беларусі. Так, другі тур чэмпіянату запланаваны на 9-10 чэрвеня ў Мінску, трэці тур пройдзе на гродзенскай пляцоўцы 24-25 чэрвеня. Заключны чацвёрты тур і суперфінал чэмпіянату ў гэтым годзе прыме Шчучын 8-9 ліпеня. Таму жыхары нашага раёна змогуць далучыцца да гэтага спартыўнага свята і на ўласныя вочы пабачыць чэмпіёна 2023 года. Маем надзею, што гэта будзе наша каманда.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота Крысціны БАЙГОТ.  

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!