Хто губляе лішні кілават – перад прыродай вінаваты
У гімназіі г. Шчучына прайшоў Тыдзень па энергазберажэнні, прымеркаваны да Сусветнага Дня энергазберажэння
– Правядзенне мерапрыемстваў на тэму энергазберажэння стала добрай традыцыяй для нашай навучальнай установы, – расказвае настаўніца геаграфіі і класны кіраўнік 10 "В" класа – былога атрада "Берагошы", а цяпер валанцёрскага атрада "Лідар" – Таццяна Міхайлаўна Сярдзюк. – Гімназісты з пятага класа ўмеюць эканоміць святло, паперу, ведаюць кошт кожнага дарэмна страчанага літра вады або выкінутай на вецер гігакалорыі цяпла. Дарэчы, вучыцца энергазберажэнню ў гімназію прыязджаюць і вучні іншых школ раёна – экскурсіі ў нашым энергаэфетыўным кабінеце карыстаюцца папулярнасцю. Рабяты з Навадворскай, Галавічпольскай, Васілішкаўскай школ, з СШ №2 г. Шчучына і іншых, а таксама з устаноў адукацыі Ваўкавыскага раёна даведаліся шмат цікавага і раней для іх невядомага.
Стартаваў Тыдзень энергазберажэння з цікавага мерапрыемства: на вялікім перапынку ў холе сабраліся гімназісты, каб паслухаць невялічкія эсэ "Мой погляд на праблему беражлівых адносін да рэсурсаў Зямлі", паглядзець флэш-моб і падзівіцца на незвычайныя мадэлі, створаныя з другаснай сыравіны, якія прадэманстравалі дзяўчаты.
Малюнкі, цікавыя работы з прыродных матэрыялаў і другаснай сыравіны, – гэтыя невялічкія мастацкія шэдэўры, якія сталі экспанатамі выставы, многія рабяты стваралі разам са сваімі бацькамі.
Эка-дэбаты "Жыць, каб эканоміць, эканоміць, каб жыць", акцыя "Чыстаму дому – чыстыя пад'езды", інфармацыйныя гадзіны, віктарына "Як эканоміць электраэнергію" і многія іншыя мерапрыемствы прайшлі ў рамках тыдня. Удзел у іх прымалі вучні ўсіх класаў пад кіраўніцтвам настаўнікаў біялогіі В.І. Шэйгерэвіч, геаграфіі С.М. Дубок, Т.М. Сярдзюк і іншых.
Дарэчы, сёлетнія дзясяцікласнікі з радасцю перадалі эстафету "берагошаў" сваім малодшым пераемнікам – вучням 6 "А" класа. Цяпер іх малодшыя сябры будуць вучыць сваіх калег-гімназістаў энергазберажэнню.
Ганна РУДСКАЯ. Фота аўтара.