Сёння на працягу ўсяго дня будзе гучаць “Музыка маёй Радзімы”. Шчучынская дзіцячая школа мастацтваў упершыню стала пляцоўкай для правядзення рэгіянальнага фестывалю-конкурсу
Каля сотні юных дараванняў выказалі жаданне прыняць удзел у І рэгіянальным адкрытым фестывалі “Музыка маёй Радзімы”.
-- Трыццаць канкурсантаў – гэта вучні нашай школы, -- з гонарам канстатуе дырэктар Шчучынскай ДШМ Марына Налівайка. – Раней нашы дзеці ездзілі на конкурсы ў іншыя гарады, і мы сустракалі іх з перамогамі і прэстыжнымі ўзнагародамі. А на гэты раз менавіта ў Шчучыне ўтварылася выдатная фестывальная пляцоўка. Да нас прыехалі госці з Гродна, Ваўкавыска, Свіслачы, Росі, Васілішак… Шчыра радуе, што гэты фестываль папулярызуе менавіта беларускую народную музыку і творы айчынных аўтараў. Упэўнена, атрымаецца сапраўднае музычнае свята.
Прыўзнятую атмасферу перад пачаткам конкурснай праграмы ствараў народны інструментальны ансамбль настаўнікаў дзіцячай школы мастацтваў “Дывертысмент”. Цёпла прывітала ўдзельнікаў і гасцей фестывалю галоўны спецыяліст ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Барэль, пажадала музыкантам і іх настаўнікам натхнення, веры ў перамогу і новых дасягненняў.
Вядучая праграмы Сняжана Чучэйка пазнаёміла прысутных з членамі журы на чале з Уладзімірам Кукаловічам – старшынёй цыклавой камісіі “Народныя інструменты баян, акардэон”, лаўрэатам прэміі А.І. Дубко Гродзенскага аблвыканкама.
Конкурсную праграму распачалі самыя юныя музыканты. Гучалі цымбалы Марыны Дзядзенка і Лізы Кучэйка са Шчучына, радавала гітара Вадзіма Мароза і Лізаветы Хоміч з Ваўкавыска. На сцэне школы мастацтваў у разнастайных намінацыях будуць выступаць не толькі асобныя выканаўцы, але і ансамблі. Падвядзенне вынікаў конкурсу і ўзнагароджанне лепшых з лепшых плануецца сёння пасля 17 гадзін.
Варта сказаць, што больш за сорак канкурсантаў з розных рэгіёнаў Гродзеншчыны бяруць удзел у фестывалі-конкурсе “Музыка маёй Радзімы” завочна.
(Будзе дапоўнена)
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.