Калектыў ААТ “Дэмбрава” прызнаны пераможцам раённага спаборніцтва сярод працоўных калектываў сельгаспрадпрыемстваў Шчучыншчыны

 

Аграрыі ААТ “Дэмбрава” з сезона ў сезон дабіваюцца высокіх вытворчых паказчыкаў, дзякуючы чаму калектыў гаспадаркі пад кіраўніцтвам Аляксандра Тулі ўжо чацвёрты год запар прызнаны пераможцам раённага спаборніцтва сярод працоўных калектываў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Шчучыншчыны. Летась вытворчасць зерневых і зернебабовых культур у гаспадарцы з бала-гектара пасяўной плошчы ў вазе пасля дапрацоўкі склала 0,63 цэнтнера. Вытворчасць малака ў разліку на 100 бала-гектараў сельгасугоддзяў дасягнула 69,22 цэнтнера, мяса – 9,01 цэнтнера.

 

– Наша сельгаспрадпрыемства адно з самых вялікіх у раёне і займае плошчу 12063 гектары, – зазначае дырэктар ААТ “Дэмбрава” Аляксандр Туля. – У нас налічваецца 10571 гектар сельскагаспадарчых угоддзяў, у тым ліку 7655 гектараў ворнай зямлі. Раслінаводчая прадукцыя ў агульным аб’ёме вытворчасці займае 39,5%, астатнія 60,5% прыходзяцца на жывёлагадоўлю. Мінулы сезон для нас быў няпростым, аднак мы зрабілі ўсё неабходнае, каб вырасціць дастойны ўраджай: унеслі неабходную колькасць мінеральных угнаенняў і ў поўнай меры апрацавалі ўсходы розных культур сродкамі аховы. Дзякуючы гэтаму з кожнага гектара ў сярэднім намалацілі 57 цэнтнераў зерня. Валавы збор зерня ў вазе пасля дапрацоўкі склаў 20576 тон. Гэта дазволіла нам не толькі паспяхова выканаць дзяржзаказ, але і цалкам забяспечыць сябе зернефуражом, засыпаць насенны і страхавы фонды.

 

На сённяшні дзень статак буйной рагатай жывёлы ў ААТ “Дэмбрава” налічвае 12888 галоў, з якіх 2610 – гэта дойныя каровы. Каб забяспечыць жывёлу якаснымі кармамі, дэмбраўскія аграрыі летась заклалі каля 61 тысячы тон сенажу і зернесенажу, а таксама больш за 63 тысячы тон сіласу і 1222 тоны сена. Такім чынам, на адну ўмоўную галаву ў гаспадарцы назапашана 64,5 цэнтнера кармавых адзінак, што на 2 цэнтнеры больш, чым у 2020 годзе.

 

– Вялікая дапамога для нас – свой цэх па перапрацоўцы рапсу, – працягвае Аляксандр Віктаравіч. – У 2019 годзе мы яго мадэрнізавалі і цяпер адціскаем 300 тон рапсу ў месяц, атрымліваем 100 тон масла і 200 тон макухі. Апошняя дзякуючы высокаму ўтрыманню бялку з’яўляецца важным складальнікам у рацыёне жывёлы, які станоўча ўплывае на надоі. Зараз мы доім больш за 60 тон малака штодзень. У мінулым сезоне ад кожнай рагулі надаілі 8585 кілаграмаў малака, што на 517 кілаграмаў больш, чым у 2020 годзе. 94% усёй атрыманай сыравіны здалі сортам “экстра” на перапрацоўку ў Шчучынскі філіял ААТ “Малочны Мір”. Рэнтабельнасць малака складае 29%.

 

На сённяшні дзень сярэднясутачны надой у сельгаспрадпрыемстве складае 24,8 кілаграма малака. На перадавой малочнатаварнай ферме “Дэмбрава-777” гэты паказчык увогуле дасягнуў 30,5 кілаграма. На гэтым вытворчым аб’екце ад кожнай каровы летась жывёлаводы атрымалі 10405 кілаграмаў малака.

 

– Мы актыўна развіваем мясную галіну, – дзеліцца Аляксандр Туля. – Наш комплекс па адкорме БРЖ “Стараўшчына” па сваіх высокіх вытворчых паказчыках заслужана ўваходзіць у дзясятку лепшых аналагічных аб’ектаў Гродзеншчыны. Тут утрымліваецца 5400 быкоў, а сярэднясутачная прывага складае 953 грамы (на адкорме гэты паказчык 1061 грам). Летась рэалізавалі 2079 тон буйной рагатай жывёлы, выручка склала 7,2 мільёна рублёў. Рэнтабельнасць мяса замацавалася на ўзроўні 11,8%.

 

Штогод у ААТ “Дэмбрава” абнаўляюць 5-8% машынна-трактарнага парка. Летась тут набылі апырсквальнік, прэс-падборшчык, культыватар, тры трактары, раскідвальнік мінеральных угнаенняў, экскаватар, каток і іншую сельскагаспадарчую тэхніку, якая была паспяхова абкатана ў мінулым сезоне. На сённяшні дзень у гаспадарцы працуюць 79 механізатараў, у распараджэнні якіх для правядзення розных відаў сельскагаспадарчых работ ёсць 48 аўтамабіляў, 70 трактароў, а таксама 3 кормаўборачныя і 12 зернеўборачных камбайнаў. Уся тэхніка як след дагледжана і абслужана.

 

– Наш дружны калектыў налічвае 380 работнікаў, – заключае Аляксандр Віктаравіч. – Кожны працуе з поўнай аддачай і добрасумленна выконвае свае прафесійныя абавязкі. Разам нам пад сілу вырашаць нават самыя складаныя задачы. І высокія вытворчыя паказчыкі гэтаму лепшае пацвярджэнне!

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!