“Хатка дастатку” заўжды рада гасцям
Сядзіба Валерыя Аркадзьевіча і Алены Іванаўны Паўлюкевічаў у лясной вёсачцы Рыбакі як аб’ект агратурызму пачала працаваць параўнальна нядаўна, але ўжо набыла вядомасць у аматараў вясковага адпачынку. Гэтым летам у разгар грыбнога сезона маладыя сем’і засяляліся на некалькі дзён, каб скарыстацца шчодрасцю тутэйшых гаёў і вярнуцца ў горад ужо з гатовымі марынадамі. А хтосьці прыязджае сюды, каб на прыволлі ўдосыць наслухацца салаўіных спеваў, палюбавацца, як “сонца жар-птушкай за лесам садзіцца”, удыхнуць ні з чым не параўнаны водар гулка падаючых у траву антонавак… Кажуць, так аднаўляюцца сілы, вяртаецца радасць быцця.
А яшчэ тут сустракаюцца з сябрамі, вядуць душэўныя бяседы ля вогнішча, іншы раз пускаюць гітару па крузе, а пры жаданні адпраўляюцца ў паход. Гаспадары распрацавалі захапляючы экамаршрут па славутасцях гэтага краю.
Старэйшай дачцэ прысніўся вешчы сон
– Як усё пачыналася? – перапытваюць гаспадары. – Калі бацькоўская хата апусцела, наведваючы яе, усялякі раз у дзвярах бачылі запіску: “Гатовы купіць у вас дом” і кантактныя тэлефоны. А тут старэйшай дачушцы Дашы, якую бабуля з дзедам расцілі, пакуль мы студэнтамі былі, сон прысніўся, дзе дзядуля наказ усім нам дае: “Не прадавайце дом, не запускайце зямлю!” Ці ж маглі мы аслухацца? Параіліся на сямейным савеце і вырашылі адкрыць сваю аграсядзібу. Наша сярэдняя дачка Насця закончыла факультэт гасціннасці і турызму Гродзенскага дзяржуніверсітэта, дапамагла ў напісанні бізнес-плана, а малодшая, Валерыя, назву прыдумала – “Хатка дастатку”. Вось і працуем мы ўсе разам на гэту ідэю. Мінулае лета падарыла шмат цікавых сустрэч і гасцей. Водгукі – толькі пазітыўныя. Выходзіць, у правільным напрамку рухаемся.
Валерый Аркадзьевіч не хавае, што ў свой час закончыў курсы прадпрымальніцтва, куды яго накіравала служба занятасці, і скарыстаўся субсідыяй ад дзяржавы на адкрыццё аграсядзібы. Так была пабудавана прыгожая тэраса, выкапана сажалка, на беразе якой размясцілася кампактная лазня. Алена Іванаўна развівае экалагічнае агародніцтва, і зяленіва, салата, радыска, агуркі на яе градках – у распараджэнні гасцей.
Да дзедаўскіх разгалістых антонавак на прасторным участку далучыліся маладзенькія яблынькі сучаснай селекцыі. Паўсюдна кветкі і ландшафтныя кампазіцыі – хобі гаспадыні.
А гаспадар паклапаціўся, каб быў турнік і баскетбольная пляцоўка для прыхільнікаў здаровага ладу жыцця, арэлі для вялікіх і маленькіх рамантыкаў, пясочніца для дзятвы. Так бы мовіць, інфраструктуру аграсядзібы Паўлюкевічы плануюць і далей удасканальваць, каб за прыгожым мастком “у дзікую прыроду” вялі праз ручай сцяжыны да бабровых хатак, у бярозках чакалі стомленага падарожніка стылізаваныя лаўкі і альтанкі.
– Задумак багата, – дзеліцца Валерый. – Хочам этнаграфічны музейчык беларускага побыту адкрыць, дый на падворку гэту тэму працягваць. Ужо два даўнейшыя вазы ў вяскоўцаў купіў, увогуле спадчынай продкаў даражым – і не толькі матэрыяльнай.
Дом з гісторыяй
У гэтым доміку колеру сонца жылі вельмі паважаныя людзі – бацькі Алены Іванаўны.
– Мой тата, Іван Рыгоравіч Бубноў, нейкі перыяд пасля вайны ўзначальваў раённы аддзел народнай адукацыі, а мама – Яўгенія Севяр’янаўна – была дырэктарам сельскай школы. Мы з трыма братамі часта прасілі тату расказаць пра вайну. Ён у нас быў камісарам гераічнага партызанскага атрада “За Савецкую Беларусь” брыгады імя Ленінскага камсамола. А перад тым тройчы ўцякаў з нямецкага канцлагера. Расказваў, як французскія ваеннапалонныя аддалі яму компас, дзякуючы якому і ўдаўся трэці пабег. Знясілены, але не зломлены духам, ён пераадолеў сотні кіламетраў, пераплыў дзясяткі рэк і ручаёў, расшукаў партызан і стаў адным з кіраўнікоў атрада. Тата сапраўды чалавек-легенда. Выкладаў у школе гісторыю, вёў вялікую работу па ваенна-патрыятычным выхаванні, да апошняга (а пражыў ён 97 гадоў) сустракаўся са школьнікамі, расказваў пра тое, што перажыў, што на свае вочы бачыў падчас Вялікай Айчыннай. А Дзень Перамогі быў у нашым доме самым галоўным святам. І застаецца! Гэта наша сямейная традыцыя – збіраць у бацькоўскай хаце 9 Мая ўсю радню, наведваць могілкі, ушаноўваць памяць, а потым ладзіць сапраўднае свята, – расказвае Алена Іванаўна.
Сямейныя каштоўнасці
Інтэр’ер дома, дарэчы, захавалі такім, як пры жыцці бацькоў – сельскіх інтэлігентаў. Цікавыя фотаздымкі, вязаныя клапатлівымі рукамі гаспадыні сурвэтачкі і цэлыя дывандэкі, вазачкі і посуд у стылі 60-х – усё гэта вельмі кранае, настройвае на рэтрахвалю.
А як прыгожа льецца народная песня ў выкананні Алены Іванаўны, якая і ў вакальнай групе спявае, і саліруе цудоўна! Праўду кажуць, калі чалавек таленавіты, то ён таленавіты ва ўсім. Але галоўны дар гэтага дома, як мне падалося, – гарманічныя ўзаемаадносіны ў сям’і. Няўзброеным вокам бачна, як Валерый Аркадзьевіч паважае і шануе сваю чароўную палавінку, якімі закаханымі вачамі глядзіць на прыгажуню-жонку. І Алена Іванаўна з цеплынёй і пяшчотай адносіцца да мужа. Дарэчы, хутка дачушкі з зяцямі будуць віншаваць бацькоў з жамчужным вяселлем. Трыццаць год ужо, як Валерый і Алена носяць адно прозвішча, упэўнена крочаць па жыцці поплеч. А цяпер іх з новай сілай аб’яднала новая ідэя – адраджэнне бацькоўскай сядзібы.
– Выходзіць, мой мудры тата і тут нас накіраваў, дапамог з’арыентавацца, каб не страціць нешта куды большае, чым матэрыяльную спадчыну. Дарэчы, у нашай вёсачцы Рыбакі многія з гарадскіх вяртаюцца да сваіх вытокаў, і гэта – сімвалічна, – лічыць Алена Іванаўна.
Мы развітваліся добрымі сябрамі, абяцаючы, што абавязкова сустрэнемся ў аграсядзібе “Хатка дастатку” яшчэ не адзін раз. А гаспадары паспяшаліся затапіць печ – да іх мелася прыехаць з горада чарговая група турыстаў.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.