Чарговая “залатая” гонка Аляксандра Гедрэвіча
Днямі шчучынскі гоншчык Аляксандр Гедрэвіч вярнуўся з Брэста, дзе ў складзе зборнай каманды Гродзеншчыны прымаў удзел у першынстве Брэсцкай вобласці па картынгу.
За чэмпіёнскі тытул змагаліся 70 картынгістаў з розных куточкаў Беларусі, якія спаборнічалі ў васьмі класах. Наш зямляк выступаў у класе “KZ-2”, куды дапускаюцца толькі самыя магутныя машыны і найбольш вопытныя картынгісты.
– Траса была вельмі складанай і ўключала 23 павароты, – гаворыць Аляксандр Гедрэвіч. – Падчас гонкі давялося праехаць 10 кругоў агульнай даўжынёй 13,5 кіламетра. На пераадольванне кожнага мне спатрэбілася ў сярэднім крыху больш за хвіліну.
Дзякуючы такой хуткасці наш картынгіст з лёгкасцю абагнаў усіх сваіх сапернікаў і заняў першае месца ў асабістым заліку. У агульным жа – зборная Гродзеншчыны заваявала “бронзу”.
Вярнуўшыся дадому, Аляксандр Гедрэвіч працягвае актыўна трэніравацца, бо ўжо 26 мая ён адпраўляецца ў Мінск, дзе прыме ўдзел у першым этапе чэмпіянату Беларусі па картынгу. Жадаем нашаму земляку ўдачы і новых перамог!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.