Па залатым кальцы Шчучыншчыны
У Шчучынскім раёне некалькі гадоў таму быў рэалізаваны краязнаўчы праект «Вандроўкі па Шчучынскім раёне», у працэсе якога вучні ўстаноў адукацыі, іх бацькі і педагогі выраблялі макеты славутасцяў дойлідства малой радзімы — цэркваў, касцёлаў, сядзіб і палацавых комплексаў. Цяпер гэтыя мініяцюрныя копіі (сапраўдныя мастацкія творы) месцяцца ў раённым Цэнтры турызму і краязнаўства, з імі знаёмяцца навучэнцы з сельскіх і гарадскіх школ, тут наладжваюць віртуальныя і інтэрактыўныя экскурсіі, квэст-гульні, праводзяць тэматычныя заняткі і такім чынам папулярызуюць сваю гістарычна-культурную спадчыну.
— Гэтая экспазіцыя цікавая і гасцям горада, — кажа дырэктар Алена АРАБЧЫК (на фота справа). — Не сакрэт, што Шчучыншчына займае трэцяе месца ў вобласці па колькасці захаваных помнікаў.
Алена Іванаўна працуе ў сістэме дадатковай адукацыі амаль трыццаць гадоў, стварыла сапраўдную школу краязнаўцаў і ганарыцца выхаванцамі. Асаблівы гонар яна адчувае ў сувязі з тым, што цэнтру даручана апекавацца помнікам сусветнай спадчыны, які занесены ў спіс ЮНЕСКА і ўсталяваны на месцы знойдзенага геадэзічнага пункта дугі Струвэ. У калекцыі макетаў з'явілася копія і гэтага манумента. А дапамагае рупліваму кіраўніку педагог-арганізатар Вікторыя Смародская.