У рамках акцыі “Нашы дзеці” прадстаўнікі раённай улады разам з Дзедам Марозам і Снягурачкай наведалі юных пацыентаў райбальніцы
Рэспубліканская дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” набірае абароты. Дзятва ад душы гарэзнічае вакол навагодняй ёлкі і прымае ўдзел у казачных прадстаўленнях, а калі нечакана падвяло здароўе і хтосьці з рабят апынуўся на бальнічным ложку? Усё роўна цуды ніхто не адмяняў!
-- У нас зараз праходзяць курс лячэння дзевяць пацыентаў, -- гаворыць загадчыца педыятрычнага аддзялення Вікторыя Пракаповіч. – Нашы медыцынскія работнікі зрабілі ўсё магчымае, каб рабяты адчувалі сябе як дома і хутчэй папраўляліся.
Сапраўды, у холе аддзялення ззяе агеньчыкамі навагодняя ялінка, цешаць вока гірлянды і сняжынкі. Ва ўтульнай і прыгожай атмасферы, безумоўна, выздараўленне прыйдзе хутчэй.
Ці не таму не прымусілі сябе чакаць і галоўныя навагоднія персанажы?! З вялізным мяшком слодычаў прыйшлі ў бальніцу да дзяцей Дзед Мароз і Снягурачка. Варта адзначыць, што пра гэтыя падарункі паклапацілася раённае аддзяленне РГА “Беларускі дзіцячы фонд”. Самыя цёплыя і пяшчотныя віншаванні, шчырыя словы падтрымкі знайшлі для юных пацыентаў намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Пасюта і начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч. Падбадзёрыў дзятву і галоўны ўрач бальніцы Іван Загароўскі.
-- Галоўнае – моцна верыць, што мара твая абавязкова збудзецца, старанна вучыцца і працаваць дзеля яе здзяйснення, і ўсё атрымаецца! -- запэўнілі хлопчыкаў і дзяўчынак ганаровыя госці. – Моцнага вам здароўя і шчаслівай будучыні!
Віншаванні з надыходзячым Новым годам дапоўнілі Снягурачка і Дзед Мароз, з задавальненнем уручылі падарункі.
-- Мне вельмі прыемна, што свята завітала да нас нават у бальніцу, -- прызнаўся хлопчык Максім і паабяцаў хутчэй паправіцца, каб свята сустрэць усё ж дома, у родных Васілішках.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.