Пад апякунствам Маці Божай. Сёння ў Ракавіцкім храме правёў Боскую літургію епіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній
Другі дзень ушанавання цудатворнай Ракавіцкай іконы Маці Божай атрымаўся не меней хвалюючым і насычаным духоўнымі падзеямі. Ранішняя літургія і водаасвятны малебен ля святой крыніцы сабралі багата вернікаў з усіх куточкаў не толькі Прынеманскага краю, але і ўсяе Беларусі.
-- Мы з мужам прыехалі з Міншчыны – з Чэрвеньскага раёна, -- гавораць Кацярына і Валерый Каляда. – Штогод 10 жніўня абавязкова накіроўваемся ў Ракавічы на ўшанаванне нашай святыні, бо самі адсюль родам, выраслі на духоўных традыцыях гэтай зямлі. Прыемна сёння бачыць столькі вернікаў з тутэйшых вёсак і вёсачак, са Шчучына, Гродна, іншых гарадоў. Жыве вера ў сэрцах людзей.
Прыхаджане ішлі ў храм з букетамі кветак, шчыра маліліся ля цудатворнай іконы, просячы Заступніцу аб здароўі, міры ды згодзе ў сем’ях і на зямлі беларускай, запальвалі свечкі, мелі магчымасць паспавядацца і прычасціцца святых Хрыстовых тайн.
Надзвычай урачыстай атрымалася сустрэча епіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Антонія. Хлеб-соль і цудоўныя, шчырыя вершы ад самых юных прыхаджан усхвалявалі і выклікалі апладысменты. Уладыка Антоній узначаліў Боскую літургію. Яму саслужылі святары Шчучынскага і іншых благачынняў Гродзенскай епархіі.
Храм Ражства Прасвятой Багародзіцы адзначае сёння сваё прастольнае свята. Прыгожае і светлае, яно аб’ядноўвае людзей, усяляе ў душы надзею і любоў.
Не засталіся ў баку ад галоўнай падзеі ў духоўным жыцці свайго краю і ракавіцкія работнікі культуры. У СДК працавала выстава рэпрадукцый ікон, што спрадвеку ўшаноўваюцца на Беларусі.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.