Лясніцтва ахоўваюць … мядзведзі

Статус Жалудка як сталіцы фестывалю кветак з энтузіязмам падтрымліваюць не толькі жыхары сядзібаў, але і арганізацыі ды прадпрыемствы, што знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета. За гэты сезон непазнавальна змянілася ваколіца Жалудоцкага лясніцтва. Калі тры гады таму адбылася рэканструкцыя з аддзелкай блокхаўсам самога будынка, то сёлета ў прыярытэце стала добраўпарадкаванне тэрыторыі і ландшафтнае афармленне.

– Дзякуючы залатым рукам рэзчыка па дрэве ва двары з’явіліся скульптуры, а вось дэкаратыўнай каменнай кладкай для аздаблення кветнікаў і азеляненнем непасрэдна займаліся нашы работнікі Анатолій Рычардавіч Тоцэвіч і Вольга Іосіфаўна Мамуль, – гаворыць ляснічы Віктар Генрыхавіч Дашкевіч. – Усе мы вельмі любім наш родны пасёлак і імкнёмся ўнесці свае фарбы ў яго прывабную палітру.
Мноства кветак, прыгожая альтанка для адпачынку, каларытныя церамкі і забаўныя медзведзяняты на тэрыторыі лясніцтва прыцягваюць увагу настолькі, што сюды ўжо наведваюцца экскурсанты, а хто-ніхто прыходзіць запазычыць вопыт. Дарэчы, менавіта Жалудоцкае лясніцтва заваявала сёлета першае месца ў фестывальным конкурсе па добраўпарадкаванні адміністрацыйных тэрыторый і ўдастоена дыплома.
Таццяна ВАЛЯНЦІНАВА. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!