Акардэон іграе – душа спявае

Для работнікаў культуры што ні дзень, то свята, якое яны рыхтуюць для іншых. І толькі адзін раз у год яны арганізуюць свята для саміх сябе – Дзень работнікаў культуры.
Сучасны культработнік. Хто ён? Якімі рысамі характару павінен валодаць? Каб знайсці адказ на гэтыя пытанні, мы сустрэліся з таленавітым музыкантам-віртуозам, акампаніятарам РЦКіНТ Яўгеніем Вашчылам – прадстаўніком маладога пакалення работнікаў культуры.

Нягледзячы на тое, што Яўгеній толькі нядаўна пачаў працаваць у райцэнтры, маладога чалавека ўжо запрыкмецілі многія. Інакш, як віртуоз, яго не назавеш. Акардэон у яго руках літаральна на вачах ажывае. “Дыхаюць” мяхі, і з гукаў чорна-белых клавішаў на свет нараджаецца чароўная музыка… Хочаш табе – класіка, хочаш – сучасныя кампазіцыі. Сачыць за выступленнем Яўгенія – адно задавальненне. Калі глядзіш, як пальцы бегаюць па клавішах і хлопец прытанцоўвае на сцэне з акардэонам, здаецца, што гэта лёгка і проста. Аднак, калі ўлічыць, што вага музычнага інструмента 18 кілаграмаў… Мусіць, свая ноша не цяжкая.
Бацькава мара 
Яўгеній Вашчыла родам з аграгарадка Васілішкі. Тата Генадзь Віктаравіч заўсёды хацеў, каб яго сыны ігралі на акардэоне (у Яўгенія ёсць малодшы брат Раман, аднак з музыкай ён сваё жыццё не звязаў). Мама Ірына Тадэвушаўна таксама была не супраць выхаваць будучага таленавітага музыканта.
– Памятаю, як аднойчы вечарам тата прыйшоў з працы з арыгінальным нямецкім акардэонам “Hohner”, які выменяў у свайго калегі, – успамінае мой суразмоўца. 

Акардэон быў у добрым стане. Маленькі, вытанчаны інструмент так захапіў хлопчыка, што яму адразу захацелася навучыцца на ім іграць. Вось толькі набор у музычную школу быў ужо завершаны, і другі месяц ішлі заняткі ў філіяле Астрынскай музычнай школы. Была і яшчэ адна праблема – юны ўзрост. 
Бацькі проста ўпрасілі пазаймацца з хлопчыкам настаўніка музыкі Алену Анатольеўну Руткевіч. Яна чатыры разы на тыдзень прыязджала ў Васілішкі са Шчучына вучыць сельскіх дзяцей музыцы, таму згадзілася ўзяць яшчэ аднаго вучня.
Замест “вайнушкі” – гамы … 
Ці лёгка было юнаму музыканту? Прызнаецца, што не. 
– Ніяк не маглі прывыкнуць пальцы абедзвюх рук адначасова бегаць па розных клавішах і кнопках, – успамінае свае першыя ўрокі Яўгеній. – Было ўсё: слёзы, калі, седзячы перад люстэркам, я спрабаваў прымусіць свае рукі працаваць сінхронна; боль ад расцяжкі пальцаў, была крыўда ад таго, што сябры -хлапчукі катаюцца на веласіпедах і гуляюць у “вайнушку”, а я павінен развучваць гамы і акорды…
Часам Яўгеній ажно да позняй ночы зубрыў тыя ненавісныя гамы, але адступаць не думаў.
Дзякуючы чуласці, педагагічнаму майстэрству і мацярынскай апецы педагога Алены Анатольеўны паступова ўсё пачало атрымлівацца. І напрыканцы першага класа Яўгеній з лёгкасцю іграў невялікія п’ескі, накцюрны і народныя песні. З кожным годам праграма ўскладнялася, вось толькі гэта акалічнасць не пужала вучня. 
Музыка вяла да перамог 
Яўгеній стаў актыўна ўдзельнічаць у розных конкурсах. Пачаліся паездкі па Гродзеншчыне. Затым юны музыкант прымаў удзел у міжнародным дзіцячым конкурсе выканаўцаў на народных інструментах “Пралескі” ў Брэсце, адкрытым рэспубліканскім конкурсе выканаўцаў на народных інструментах імя Жыновіча ў Мінску. І ўсё часцей хлопчык вяртаўся з узнагародамі. Як рэліквія захоўваецца да гэтага часу ў сямейным альбоме фота, дзе сфатаграфаваны Яўгеній і прафесар Міхаіл Солапаў – фігура ў беларускім музычным свеце, можна сказаць, легендарная – прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, самы вядомы ў краіне баяніст, акардэаніст, дырыжор, педагог. Хто ведае, можа і наш герой будзе не менш вядомым. 
Замест машыны… “Вольтмейстер” 
Яўген перакананы, што ўсё атрымлівалася яшчэ і таму, што заўсёды побач з ім былі добрыя педагогі і бацькі, якія падтрымлівалі мудрай парадай, добрым словам. Ніколі не забудзе ён падарунак, што зрабілі яму бацькі: купілі новенькі прафесійны інструмент (акардэон з выбарам) нямецкай фірмы “Вольтмейстер”, які каштаваў 4 тысячы долараў, як добрая машына… Інструмент стаў самым любімым. Мара таты збылася. 
На адным з абласных конкурсаў таленавітага юнака заўважыла выкладчык Гродзенскага музычнага каледжа Наталля Уладзіміраўна Кукаловіч і прапанавала паступаць да іх. Можа таму пасля заканчэння дзявятага класа пытанне, куды пайсці вучыцца, адпала само сабой. У 2008 годзе, здаўшы ўступныя экзамены, Яўгеній стаў студэнтам Гродзенскага музычнага каледжа. Чатыры гады студэнцтва праляцелі імгненна. Яўгеній з цікавасцю асвойваў не толькі акардэон, але і іншыя музычныя інструменты: фартэпіяна, гітару, баян, цымбалы, балалайку… 
Першы заробак
Дзякуючы таленту і старанню, студэнт убачыў свет. Былі конкурсныя паездкі ў Варшаву, Кракаў, Гданьск, Рыгу, Талін, Харкаў, Санкт-Пецярбург. 
– Асабліва запомнілася паездка ў Вільнюс на міжнародны конкурс “Gradus od Parnassum”, – гаворыць Жэня. – Там мне не вельмі хацелі ўручаць Гран-пры, бо я іншаземец, але вымушаныя былі гэта зрабіць. І гэта быў мой першы сур’ёзны самастойны заробак – 500 літаў (200 долараў). 
Яўгеній разумеў, што неабходна абавязкова атрымаць вышэйшую адукацыю, таму пасля заканчэння каледжа паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтва на аддзяленне “Інструментальная музыка (народная)” факультэта музычнага мастацтва. Разам са сваім выкладчыкам Вікторыяй Вячаславаўнай Старыкавай і аднагрупнікамі выступаў у якасці саліста, у складзе дуэта, ансамбля на розных конкурсах у Прыднястроўі, Маскве, Казані, Разані, Пскове. Уражанняў і ўзнагарод было шмат.
Прывітанне, Шчучын! 
Пасля заканчэння ўнівер­сітэта хлопец размерка­ваўся ў Шчучын. І прызнаецца, што не пашкадаваў. 
– Шчучын – маленькі, утульны, светлы гарадок, дзе жывуць працавітыя, блізкія мне па духу людзі, – гаворыць Яўгеній. – Спачатку было ўсё незразумела, складана. Але прынялі мяне ў ЦКіНТ ветліва, гасцінна, паставіліся, можна сказаць, па-бацькоўску. 
Калегі да маладога спецы­яліста ўжо душой прыкіпелі. Яно і зразумела: разумны, таленавіты, з добрым пачуццём гумару. 
– Такіх таленавітых спецыялістаў трэба берагчы і не адпускаць, – перакананы вопытны музыкант Генадзь Аляксеевіч Паноў. 
А Яўгеній і не збіраецца нікуды ўцякаць, радуе сваімі выступленнямі шчучынцаў і гасцей горада. Іграць ёсць на чым: на сённяшні дзень у арсенале маладога музыканта чатыры акардэоны нямецкіх і італьянскіх майстроў і баян. 


З моладдзю на адной хвалі – музычнай 
Малады чалавек лічыць, што сучасны культработнік павінен быць адукаваным, актыўным, завадным і непрадказальным. 
– Каб спадабацца моладзі, трэба цікавіцца яе думкамі, праблемамі і жаданнямі, ісці, як кажуць, з ёю ў нагу, быць на яе хвалі, – разважае мой суразмоўца. – Моладзь наша актыўная, толькі трэба яе захапіць, накіраваць у патрэбным кірунку. 
Не ўтрымалася, каб не спытаць, ці параўноўваюць васілішкаўскага музыку з Пятром Дрангам, ці называюць віртуозам? Яўгеній прызнаўся, што параўноўваюць, аднак віртуозам ён сябе ніколі не лічыў і не лічыць, бо няма мяжы дасканаласці. 
–Я рады, што Бог даў мне талент, што яго своечасова разгледзелі і развілі, што на маім жыццёвым шляху трапляліся неабыякавыя людзі, да якіх я ў любы момант магу звярнуцца па параду і дапамогу, – кажа Яўгеній. – На будучыню не загадваю, але спадзяюся, што змагу рэалізавацца як асоба і як музыкант. У іншай прафесіі я сябе не бачу.
У кожнага – свой сцэнарый 
Падчас размовы высветлілася, што Яўгеній не толькі музыкант, але і вядучы розных мерапрыемстваў. 
У сацыяльных сетках знайшла яго групу і ў хуткім часе запрасіла быць вядучым прэзентацыі маёй кнігі. З заданнем ён справіўся на выдатна!
Аказалася, што ў школе Яўгеній быў вядучым усіх школьных святаў і мерапрыемстваў. Мама – настаўніца беларускай мовы і літаратуры – навучыла юнака чытаць вершы, інтанаваць. Цяпер гэтыя навыкі, безумоўна, дапамагаюць у працы. 
– Аднойчы раніцай прачнуўся з думкай: чаму б не паспрабаваць сябе ў новай ролі? – расказвае Яўгеній. – Праглядзеў у інтэрнэце нямала выступленняў прафесійных вядучых, склаў сцэнарый і наперад! Дарэчы, першую ўрачыстасць правёў тры гады таму, і гэта быў юбілей, які ладзіўся ў Шчучыне. 
У выхадныя дні Яўгеній музыцыруе і… закідвае вуды! Кажа, што на рыбалцы адпачывае душой. 
Спадзяюся, што прыйдзе час і імя нашага героя будзе вядомым на ўсю краіну. А мы ўжо сёння ганарымся нашым таленавітым земляком і жадаем яму натхнення і поспехаў. 
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара і Аляксандра КАСПЕРЧУКА. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!