Дапамагаць людзям – яе прафесія. Даведаліся, як працуе сацыяльны работнік Святлана Сарока

 

Яна сапраўды праменіцца нейкім унутраным святлом і добразычлівасцю, а таму прафесія сацыяльнага работніка ёй вельмі падыходзіць, хоць асвоіла яе Святлана Вячаславаўна Сарока параўнальна нядаўна – два гады таму. Аднак сваёй чуласцю, уважлівасцю і добрасумленнасцю ўжо заваявала і заслужаны аўтарытэт сярод калег, і шчырую ўдзячнасць тых, хто знаходзіцца пад яе “апякунствам”.

 

– Я ж 37 гадоў на заводзе “Аўтапровад” адпрацавала аплётчыцай правадоў. Работа не з лёгкіх, а выйшла на пенсію і адчуваю, што не магу сядзець склаўшы рукі! Нешта рупіць, некуды трэба спяшацца, вырашаць бытавыя пытанні, дапамагаць іншым... Такая ўжо я па сваім складзе характару, – прызнаецца жанчына.
Сапраўды, чалавек яна незаспакоены, працавіты і выключна добрасумленны. Менавіта так ахарактарызавала С.В. Сароку загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН Ірына Іосіфаўна Данілевіч:

 

– Ніколі не ўзнікала ні пытанняў, ні прэтэнзій да яе работы. Вельмі цэнім мы талент Святланы Вячаславаўны наладзіць добрыя адносіны з людзьмі, падабраць ключык да сэрца кожнага са сваіх падапечных. А гэта ж у асноўным людзі няпростых лёсаў, якім патрэбна і фізічная дапамога, і маральная падтрымка. Для іх сацыяльны работнік – па-сапраўднаму родны чалавек.

 

Як ні дзіўна, а ўплыў на выбар Святланы Вячаславаўны аказала яе … дачка Вольга, якая таксама паспяхова працуе сацыяльным работнікам. Яна заўжды дзялілася з матуляй сваімі справамі і перажываннямі, а аднойчы, што называецца, паклікала ў сваю прафесію.

 

– Сёння я аказваю сацыяльныя паслугі на даму ажно дзясятку чалавек, сярод якіх ёсць сапраўдныя доўгажыхары, – з гонарам за “сваіх бабулек” гаворыць С.В. Сарока. – Напрыклад, ветэрану працы Антаніне Іванаўне Сяргеевай 92 гады: яна доўгі час узначальвала аптэчную сетку раёна, многае памятае з гісторыі развіцця Шчучыншчыны. А галоўнае, што погляд на жыццё ў яе і сёння малады ды сучасны. Яна з задавальненнем дзеліцца сваім досведам, успамінамі пра тое, як мужна пераадольвалі цяжкасці людзі яе пакалення і заставаліся пры гэтым патрыётамі сваёй краіны, свайго краю.

 

Вялікае і складанае жыццё і ў 93-гадовай Ніны Васільеўны Волчак, у іншых падапечных, пра якіх Святлана Вячаславаўна клапоціцца вельмі шчыра і, бадай, куды больш, чым гэта вызначана сухім службовым “функцыяналам”. Да прыкладу, нядаўна для Феліксы Сямёнаўны Мармыш такія стравы на Куццю прыгатавала, што адпавядаюць патрабаванням усіх народных традыцый! Вельмі ўдзячнай была Фелікса Сямёнаўна, для якой усе гэтыя нюансы многае значаць.

 

 Нялёгкія дзянькі выпалі ў сацыяльнага работніка і перад Навагоддзем. Па просьбе сваіх падапечных Вячаславаўна літаральна кілаграмамі закупляла слодычы, фрукты, інгрэдыенты для святочных страў… На жаль, не заўсёды выпадае толькі святочная кругаверць – нярэдка прыходзіцца і ў аптэку адпраўляцца, мераць падапечным ціск, пры неабходнасці – выклікаць доктара.

 

– Гэта вельмі добра, што ў нашай дзяржаве існуе такая служба, – не раз даводзілася чуць водгукі ад пажылых людзей. – Ёсць каму паклапаціцца пра адзінокіх ды нямоглых.

 

 На сённяшні дзень сацыяльнай дапамогай на даму ахоплена 896 жыхароў рэгіёна, у штаце ТЦСАН Шчучынскага раёна сто сацыяльных работнікаў – людзей вялікага сэрца.

 

Літаральна напярэдадні Новага года Святлана Вячаславаўна Сарока адзначыла свой Дзень нараджэння. Яе ад душы ўшаноўвалі дачушкі з сем’ямі – Вольга Ланец і Надзея Вечарынская. Падарункі для любімай бабулі прыгатавалі ўнукі. Не забылі блізкія людзі павіншаваць і з нагоды прафесійнага свята, ведаюць, што работа, як і сям’я, у жыцці Святланы займае вельмі важнае месца.

 

– А ў вольны час люблю чытаць “Дзянніцу” – і сайт рэгулярна наведваю, і з газетай сябрую. Праўда, не думала, што самой давядзецца адказваць на пытанні карэспандэнта, – смяецца Святлана Вячаславаўна і проста з гарадской плошчы, дзе мы робім гэты здымак, трымае накірунак спачатку на вуліцу Першамайскую, потым – на Зялёную, Заводскую, Горкага... Там яе чакаюць адзінокія людзі, бы светлы праменьчык надзеі на тое, што ўсё будзе добра.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!