Патрэбна дапамога? Пазваніце па нумары 21-0-85
Сацыяльнага работніка Ірыну Храноўскую сустрэла на вуліцы Гастэлы ў Шчучыне. Яна была з пакетам у руках, накіроўвалася да сваёй падапечнай Паўлаўны, якой ужо дзявяты дзясятак. Ірына Антонаўна расказвае, што цяпер, у эпідэмію каронавіруса, дастаўка прадуктаў – паслуга асабліва запатрабаваная: людзі ў сталым узросце асцерагаюцца выходзіць у грамадскія месцы, абмяжоўваюць кантакты.
Пад пастаяннай апекай сацыяльнага работніка І.А. Храноўскай 13 пажылых грамадзян. Ім, можна сказаць, пашанцавала мець у памочніцах такую адказную маладую асобу. І справай дапаможа, і словам суцешыць. А як быць гараджанам і вяскоўцам у гадах, якія яшчэ нядаўна абыходзіліся ў хатніх справах уласнымі сіламі, а цяпер з-за ковіду вымушаны фактычна ізалявацца ў дамах і кватэрах?
– Сацыяльная служба гатова дапамагчы не толькі нашым “надомнікам”, але кожнаму сталаму чалавеку і інваліду, – запэўнівае загадчык аддзялення пярвічнага прыёму інфармацыі, аналізу і прагназавання тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шчучынскага раёна Жана Несцер. – Па рабочых днях з 9.00 да 18.00 у нас працуе “гарачая лінія” па дастаўцы прадуктаў, медыкаментаў і прадметаў першай неабходнасці. Варта толькі патэлефанаваць па нумары 21-0-85 і паведаміць, у чым чалавек мае патрэбу. Заказ даставім да дзвярэй. Зразумела, чэк з крамы ці аптэкі прыкладаецца. Працуюць нашы супрацоўнікі ў масках і пальчатках.
Па словах Жаны Мечыславаўны, з пачатку мая па сённяшні дзень такой паслугай скарысталася 97 чалавек, 58 з якіх – людзі адзінокія. Большую частку заявак выканалі самі сацыяльныя работнікі. Пры неабходнасці да добрай справы падключаюцца і супрацоўнікі адміністрацыі ТЦСАН.
– Увогуле мы працуем у цесным кантакце з сельсавецкай уладай, валанцёрамі РК БРСМ і раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа, – падкрэслівае загадчык аддзялення. – У прыватнасці, на рахунку чырванакрыжных памочнікаў ужо 20 выкананых заявак. А калі нядаўна патэлефанавала адзінока пражываючая жыхарка Амбілеўцаў, якой спатрэбіліся медыкаменты, мы пераказалі яе просьбу старшыні Лядскага сельвыканкама Паўлу Літавару, і ён сам адвёз жанчыне лекі. Такое ж шчырае жаданне вырашаць надзённыя праблемы людзей уласціва ўсім яго калегам.
Работнікі сацыяльнай службы просяць пенсіянераў, адзінокіх, адзінока пражываючых жыхароў раёна не хвалявацца, а звяртацца ў выпадку неабходнасці па дапамогу. Нумар тэлефона “гарачай лініі” трымайце пад рукой.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.