Я сэрцам табе прысягаю, мой Шчучын...
Сёлета статус юбіляра прымераў наш ужо сталы і адначасова малады Шчучын: споўнілася 55 год, як ён стаў горадам звацца. У гэтай юбілейнай дарозе разам з населеным пунктам былі і яго жыхары. Некаторыя з іх на працягу 2017 года таксама адзначылі ўласныя прыгожыя даты з дзвюма пяцёркамі, а хтосьці яшчэ знаходзіцца напярэдадні такіх асабістых свят. Сёння мы распыталі равеснікаў Шчучына ў статусе горада, як іх жыццёвыя пуцявіны перапляліся з біяграфіяй райцэнтра: якія шчаслівыя хвіліны перажылі яны тут, якіх вышынь дасягнулі і сведкамі якіх падзей у яго развіцці сталі. І вось што пачулі.
Павел Анатольевіч ЛІТАВАР:
– Неяк не прыдаваў увагі даце свайго нараджэння. Лічбы як лічбы – 31 жніўня 1962 года... А тут сябры напомнілі, што я з’явіўся на свет менавіта ў той дзень, калі наш Шчучын “пайшоў на павышэнне” – стаў горадам. Кажу “наш”, бо лічу горад сваёй другой радзімай. Маладым лейтэнантам – інспектарам інспекцыі дзяржпажнагляду 4 жніўня 1982 года ўпершыню прайшоўся па яго вулачках. І з’язджаць адсюль не захацеў, хаця падчас службы ў РАНС, дзе пэўны час быў кіраўніком, паступалі прывабныя прапановы змяніць пасаду і месца пражывання. Усё тут склалася для мяне добра: цудоўная жонка Дана – карэнная шчучынка, тут выраслі нашы дзеці Максім і Оля. Ні нам, ні гораду за іх не будзе сорамна: сын працуе ў адным з раённых аддзелаў Следчага камітэта, дачка – у службе маркетынгу гандлёвай фірмы. Што да горада, то мы сталелі з ім разам. На маіх вачах Шчучын раздаваўся ў бакі, прыгажэў, набываў еўрапейскі шарм. Пытаеце, які колер дапасуе нашаму Шчучыну? Зялёны, бо гэта колер руху, а не таптання на месцы. Развіцця і жадаю нашаму юбіляру. Дарэчы, летась прыязджаў у госці сябар з Сургута і быў у захапленні ад мясцовых краявідаў і гасціннасці людзей. І яшчэ... Помніцца, летась мяне павіншавалі з днём нараджэння 135 чалавек. Мяркую, сёлета будзе больш (смяецца).
Лілія Мар’янаўна ГЕВАРКОВА:
– Я – карэнная жыхарка Шчучына. Бацькоўскі дом знаходзіўся на вуліцы Школьная, на гэтым месцы чатыры гады таму мы ўзвялі свой, у якім прасторна і камфортна ўсім маім пяцярым, ужо дарослым дзецям. Некалі мае тата і мама працавалі на “Аўтапровадзе”, гэта прадпрыемства стала на цэлых 35 год і маім лёсам. Зрэшты, як і для многіх маіх калег. Тут склаліся свае працоўныя дынастыі. Наш завод па праве называюць горадаўтваральным. Тут знайшлі сталую працу людзі розных узростаў, многа маладых спецыялістаў. Актыўна развіваецца вытворчасць, праводзіцца мадэрнізацыя, укараняюцца новыя тэхналогіі. Толькі ў валачыльным цэху тры машыны замяняюць дзясяткі рабочых рук... Няма праблемы з забеспячэннем работнікаў прадпрыемства жыллём: прасторны інтэрнат напоўнены дзіцячымі галасамі. Заўжды гатова прыняць камфортная база адпачынку “Каменскае”. Лічы, штогод нашы завадчане спраўляюць наваселлі ў новых дамах, якія будуюцца ў Шчучыне. Ніколі не пашкадавала, што прыйшла працаваць на “Аўтапровад”. Наш калектыў дружны і працаздольны. Дзякуючы заводскай марцы “Шчучынскі завод “Аўтапровад” мой родны горад ведаюць далёка за межамі рэспублікі. І я ганаруся гэтым.
Людміла Яраславаўна ЧУДОЎСКАЯ:
– Часта з працы іду пехатой. Любуюся горадам, а яшчэ больш – яго людзьмі. І як жанчыну, і як ўрача, мяне больш за ўсё цікавіць соцыум, людзі – іх адносіны між сабой і тое, як яны праяўляюцца ў розных сітуацыях. Вось і ўчора па дарозе дамоў завялі са знаёмай жанчынай размову... пра зло і дабро. У каторы ўжо раз я прыгадала даўні эпізод, які і сёння напаўняе сэрца цяплом. На першым годзе маёй працы ў Шчучыне, калі і сяброў завесці не паспела, патрапіла я... на бальнічны ложак. І як жа была ўражана, калі дзверы ў палату адчыніліся, зайшоў хлапчук і, спытаўшы маё прозвішча, перадаў пакунак. Гэта быў сын ўрача Ліны Іванаўны Вараб’ёвай. Калега, ведаючы, што я прыезджая, паклапацілася пра мяне. Ежы, смачнейшай за таго смажанага карпа з пюрэ, я ніколі не ела. Бо страва была “прыпраўлена” ўвагай і спагадай. Тады я і зразумела, што трапіла ў горад, дзе жывуць надзвычай душэўныя і добрыя людзі. І я заўжды ўдзячна Богу, што, лічы, 30(!) год таму ён указаў мне сюды дарогу. Са святам, шчучынцы – дарагія мае землякі!
Сяргей Фёдаравіч ШОСТАК:
– Мой шчучынскі перыяд у жыцці бярэ адлік з 1992 года. Тады з пасады начальніка пашпартнага аддзялення ў суседнім райцэнтры перавёўся сюды на службу. Папрасіўся ў Шчучын сам, бо... закахаўся ў мясцовую дзяўчыну. Тут са Святланай Іванаўнай і ўзаконілі адносіны. Дарэчы, ЗАГС размяшчаўся ў памяшканні, дзе цяпер знаходзіцца магазін “Смак”. Скажу вам, “смак” да сумеснага жыцця мы з жонкай не страцілі (смяецца). Па 2000 год працягваў службу ў РАУС – у крымінальным вышуку і ў службе ўласнай бяспекі. Час быў няпросты. Каб не дапусціць разгулу крыміналу, ахоўвалі спакой людзей, у тым ліку і гараджан, днём і ноччу разам з такімі “гвардзейцамі”, як Грыневіч, Кавалеўскі, Саук, Кажухоўскі... Пазней з кіраўніцкай пасады ў райаддзеле суседняга раёна я зноў вярнуўся ў такі родны Шчучын, дзе знайшоў каханне і сяброў і з якім звязана шмат прыемных падзей. І не шкадую. Сёння радуюся добрым зменам, якія тут адбыліся. А найбольш люблю ціхую і зялёную вуліцу Суворава, дзе жыву. А яшчэ – парыбачыць на возеры: тут добра думаецца... Дарэчы, мой дзень нараджэння святкуе... ўвесь горад. Ды што горад?! Краіна! Бо ён выпадае на 3 ліпеня – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, а яшчэ – на дзень народзінаў майго таты, які некалі працаваў участковым у... Жалудоцкім раёне. Вось так.
Ірына Мікалаеўна ХІЛЬМАНОВІЧ:
– Нядаўна вярнулася з Гомеля. Вялікі і прыгожы ён, мой родны горад. Але і невялічкі Шчучын даўно не чужы. Некалі чарнобыльскія падзеі прывялі нас менавіта сюды, на радзіму мужа. Гарадок вельмі прывабны і яркі летняй парой, а я люблю яго ў залатых фарбах бабінага лета. Праходзячы, затрымліваю погляд на вежы з гадзіннікам, любуюся фантанам, возерам, якое глядзіцца ў вокны былога палаца... Шчучын у апошні час дабавіў у архітэктурнай прывабнасці, зручнасці для пражывання. Мне ж, педагогу па прафесіі, вельмі хацелася б бачыць тут вялікую, дабротную, яркую, зручную і, канешне ж, бяспечную дзіцячую пляцоўку. Паколькі многія ідэі актыўна ўвасабляюцца ў жыццё, спадзяюся, спраўдзіцца і маё пажаданне.
Аднойчы – ў пачатку 2000-га – мы з мужам прынялі рашэнне развіваць уласны бізнес. Пачыналі “чаўнакамі”, а цяпер маем стацыянарную гандлёвую краму на міні-рынку “Раніца”. Да сямейнай справы далучыўся і сын. Плануем развіваць бізнэс. Шчыра жадаю шчучынцам, сваім сябрам, якія разам з намі сталі на шлях прадпрымальніцтва, моцнага здароўя. А таксама перамог, якія б прынеслі славу і ім асабіста, і нашаму гораду. І каб былі ў іх магчымасці дабівацца новых вышынь.
Шчырыя прызнанні занатавала
Таццяна ПАЛУБЯТКА.