Музей “Халоднай вайны” адчыніцца ў падземным бункеры

Падземны бункер, які знаходзіцца ля вёскі Руткевічы, перададзены ў карыстанне турыстычнай кампаніі “ЛорыСтур”, якая плануе стварыць тут музей “Халоднай вайны”. Такое рашэнне было прынята Шчучынскім райвыканкамам.

– Мы прывязём сюды ўнікальныя экспанаты той эпохі: рассакрэчаныя ваенныя карты, тэлетайпы (тэлеграфныя апараты з клавіятурай, што запісваюць прымаемыя паведамленні літарамі. – Заўв. аўт.), спецыяльны процівагаз, які акрамя хімічнай абароны дае магчымасць дыхаць пад вадой, – гаворыць дырэктар турыстычнай кампаніі “ЛорыСтур” Л.Г. Валчок. – Адновім у бункеры асвятленне, навядзём парадак у памяшканнях, у салдацкіх казармах паставім ложкі. У наведвальнікаў музея складзецца ўражанне, быццам ваенны аб’ект функцыянуе і па-сённяшні дзень. 
Будзе прыведзена ў належны стан і прылеглая да ваеннага аб’екта тэрыторыя: у будучым тут плануецца арганізаваць ваенна-спартыўныя гульні “Зарніца”.
– Зараз мы наладжваем кантакты з літоўцамі і палякамі, якія вельмі зацікаўлены не толькі ў правядзенні аглядных экскурсій па бункеру, але і арганізацыі на тэрыторыі гэтага ваеннага аб’екта міжнародных спартыўных спаборніцтваў, – зазначае Ларыса Георгіеўна. – І мы падорым ім такую магчымасць! 
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!