Васілішкаўскі дом-інтэрнат сярод пераможцаў рэспубліканскага конкурсу

Нядаўна былі падведзены вынікі рэспубліканскага агляду-конкурсу сярод устаноў сацыяльнага абслугоўвання па добраўпарадкаванні, азеляненні і санітарным утрыманні тэрыторыі ў 2019 годзе. 

 

Каля сотні прэтэндэнтаў з усёй краіны – санаторыі, дамы-інтэрнаты і іншыя ўстановы сацсферы – здзіўлялі журы арыгінальным ландшафтным дызайнам, зручнай інфраструктурай, дагледжанасцю і прыгажосцю сваіх ваколіц. Дастойнае месца ў рэйтынгу заняў і Васілішкаўскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якому прысуджана трэцяе месца.

 

– Тыя дзяржаўныя сродкі, што ў свой час былі ўкладзены ў развіццё інфраструктуры нашага дома-інтэрната па праграме “Дзеці Беларусі”, сёння апраўдваюць сябе, – гаворыць дырэктар установы Здзіслаў Іосіфавіч Янкевіч. – Мы не толькі беражліва захоўваем раней зробленае, але і развіваем распачатую справу. 

 

Сапраўды, кожны, хто трапляе на тэрыторыю Васілішкаўскага дома-інтэрната проста ў захапленні ад гармоніі старажытнай сядзібы асветнікаў Іваноўскіх і сучасных карпусоў, добраўпарадкаванай тэрыторыі, дзе з вясны радуюць вока арыгінальныя клумбы і малыя архітэктурныя формы, а ў гэтыя дні ажывае навагодняя казка дзякуючы неверагодна прыгожай ілюмінацыі ад уязных варот і па ўсёй тэрыторыі, мудрагелістай выцінанцы на вокнах, крэатыўнаму афармленню памяшканняў і холаў.

 

Дарэчы, толькі за гэты год калектыў дома-інтэрната высадзіў больш за сто дрэўцаў, заклаў вішнёвую алею, у паркавай зоне абсталяваў тактыльную сцяну і дзве сцяжыны здароўя.

 

Незаспакоенасць – добрая рыса: значыць, наперадзе новыя перамогі. 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!