Фармалізм – не ў фармаце! Сёння на нарадзе кіраўнікоў устаноў адукацыі абмяркоўваліся новыя падыходы да навучальнага працэсу
“Падрыхтоўка школы да новага навучальнага года – гэта не толькі прывядзенне ў парадак яе будынка і тэрыторыі, а стварэнне асобага адукацыйнага асяродку”, -- зазначыла падчас нарады з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі Шчучыншчыны намеснік старшыні райвыканкама Алена Пасюта. Перад тым, як наведаць шэраг устаноў, дзе накоплены менавіта такі вопыт, адбылася шчырая размова на актуальныя тэмы.
“Дырэктарская” нарада распачалася ў актавай зале Палаца творчасці дзяцей і моладзі з абмеркавання санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў у арганізацыі адукацыйнага працэсу ў новым навучальным годзе. Аб выніках маніторынгу гатоўнасці школ да 1 верасня расказаў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Павел Тарчынскі. Карысныя парады адносна выканання новых патрабаванняў пажарнай бяспекі даў прысутным намеснік начальніка РАНС Артур Малмыга.
Засяродзілі ўвагу калег на асаблівасцях арганізацыі адукацыйнага працэсу, дзе стаўка робіцца на якасць выкладання прадметаў, трываласць ведаў вучняў, выхаваўчую і ідэалагічную работу, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Жанна Мецько і галоўны спецыяліст аддзела Вольга Чыжык. Дарэчы, першы ўрок у Дзень ведаў будзе прысвечаны тэме малой радзімы – “Я вырас тут, і край мне гэты дарагі”. Падкрэслівалася, наколькі важна сёння выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе музейную педагогіку. Плануецца, што ў новым навучальным годзе паўсюдна будуць дзейнічаць “Бацькоўскія ўніверсітэты”: праграму для іх выпрацавалі і прапануюць навукоўцы ГрДУ імя Янкі Купалы.
Як гаварылася на нарадзе, стануць даступнымі для ўсіх жадаючых паслугі кансультацыйнага цэнтра для падрыхтоўкі старшакласнікаў да цэнтралізаванага тэсціравання. Дапамогуць у развіцці ведаў і факультатыўныя заняткі, патрабаванні да якіх узмацняюцца: там недапушчальны фармалізм і павярхоўнасць. Прамоўцы звярнулі ўвагу кіраўнікоў на камплектаванне і эфектыўнасць работы профільных класаў. Да прыкладу, юныя аграрыі павінны больш зацікаўлена вывучаць практычныя дысцыпліны і мець магчымасць прымяняць свае веды на практыцы, каб потым свядома рабіць прафесійны выбар. На базе СШ №1 г. Шчучына сёлета створаны цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі юнакоў – будучых абаронцаў Айчыны.
Пытанні школьнага самакіравання, здаровага ладу жыцця, прафілактыкі правапарушэнняў і злачынстваў сярод падлеткаў – усё гэта таксама ў прыярытэце работы педагогаў. Не абыйшлі на нарадзе і тэму замацавання кадраў. Так, сёлета на Шчучыншчыну ва ўстановы адукацыі прыбылі на працу 33 маладыя спецыялісты. Пастаўлена задача замацаваць за кожным мудрага настаўніка, дапамагчы пачаткоўцам не толькі ў прафесійным плане, але і вырашыць бытавыя пытанні, з камфортам абуладкавацца на новым месцы.
Вынікі размовы падвяла намеснік старшыні райвыканкама Алена Пасюта.
Удзельнікі нарады з цікавасцю наведалі Ляшчанскі дз/СШ, дзе ўвачавідкі ўбачылі па-сапраўднаму гаспадарскі падыход, у дэталях пазнаёміліся, як рэалізуецца праект па фарміраванні станоўчага іміджу ўстановы адукацыі. З густам і любоўю тут аформлены інтэр’еры, на тэрыторыі – і малыя архітэктурныя формы, і прыгожае фларыстычнае афармленне, і пляцоўка па вывучэнні бяспекі на дарогах, і гульнявы гарадок…
-- Усё гэта – сваімі рукамі, у межах прафесійнай падрыхтоўкі вучняў! -- ганарыцца дырэктар Франц Арабчык, знаёмячы калег з цудоўным педагогам і мастачкай Ліліяй Жылук, што каардынуе гэту работу, у якой задзейнічаны ўвесь калектыў – ад малога да сталага.
Не менш карысным і цікавым для ўдзельнікаў нарады было наведванне гімназіі і гарадскіх школ, дзіцячых садкоў №6 і №4, дзе вельмі многае зроблена для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы, афармлення тэрыторый, арганізацыі сучаснага ўзроўню адукацыйна-метадычнага асяродка. Галоўнае, каб гэты каштоўны досвед стаў набыткам усіх.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.