Чаму наш Шчучын і племпрадпрыемства ў Гірдзеўцы ведалі за межамі рэспублікі, расказваюць ветэраны працы

 

 

У летапіс Шчучынскага філіяла РУСП “Гродзенскае племпрадпрыемства” заслужана патрапілі прозвішчы многіх дастойных людзей, якія тут доўга і плённа працавалі. Сярод іх – Зоя Іванаўна і Яўген Сцяпанавіч Чывелі. За гады сваёй працы гэта сямейная пара ўнесла значны ўклад у развіццё племянной справы ў жывёлагадоўлі не толькі на Шчучыншчыне, але і ў Беларусі. Да таго ж абое яны – з кагорты равеснікаў нашага раёна.

 

На сваёй зямлі

 

Інтэлігентныя, добразычлівыя і кантактныя людзі ахвотна адклікнуліся на просьбу ўспомніць маладосць і стваральныя будні. Зоя Іванаўна родам з Талочына, што на Віцебшчыне. У 1957 годзе паступіла ў Шчучынскі заатэхнікум, дзе і пазнаёмілася з будучым мужам – аднагрупнікам Яўгенам Чывелем. Пасля вучобы маладых спецыялістаў накіравалі на працу: яе – у Сенненскі раён, яго – у Докшыцкі. Але ў хуткім часе Зоя адважылася паехаць ажно ў Елабугу, дзе на той час жыла радня. Пайшла ў прыгарадны калгас заатэхнікам, а праз два гады ініцыятыўную дзяўчыну запрасілі на працу ў райкам камсамола. Пачуцці ў маладых людзей былі вельмі моцныя, бо пасля службы ў арміі Яўген прыехаў да Зоі ў Татарскую АССР. Вырашылі: сумеснае жыццё пачнуць у Беларусі, на малой радзіме хлопца. Ад пасёлка Ражанка, адкуль родам Яўген, было рукой падаць да Гірдзеўкі, дзе на той час размясцілася Гродзенская абласная станцыя па племянной справе і штучным асемяненні сельскагаспадарчай жывёлы. Прычым тады пад адным дахам існавала і гэта, і аналагічная міжраённая станцыя.

 

Гэта былі часы, калі ў рэспубліцы толькі пачынала зараджацца племянная жывёлагадоўля, і невялікае прадпрыемства непадалёку ад Шчучына апынулася ў эпіцэнтры падзей. Добрым словам успамінае Зоя Іванаўна першага дырэктара Сяргея Іванавіча Тузава – прафесіянала, навукоўца, апантанага справай чалавека. Ён зрабіў стаўку на чырвоную беларускую пароду, якая вызначалася высокай тлустасцю малака, мела іншыя вартасці. Напісаў пра свае даследаванні кнігу, абараніў дысертацыю.

 

Семя… у тэрмасах

 

– Пачынала я лабаранткай, а потым была загадчыцай сперматэкі, – расказвае Зоя Іванаўна. – На маіх вачах развіваліся тэхналогіі штучнага асемянення – ад самых простых да прагрэсіўных. На першым часе біяматэрыял, атрыманы ад быкоў-вытворцаў, нашы заатэхнікі-селекцыянеры штодзень у тэрмасах з лёдам развозілі па калгасах. Займаўся гэтым і мой муж. А пазней наша племпрадпрыемства, лічы, першым у рэспубліцы асвоіла тэхналогію замарозкі спермы. Ды і на ўвесь СССР было толькі некалькі цэнтраў такой работы. Сухі лёд самі прасавалі з вуглекіслаты. Яго мінус – хуткае выпарэнне. Тым не менш гэтым метадам захоўвання семені ахвотна карысталіся ўсе райплемстанцыі вобласці. Потым была закуплена французская тэхналогія замарозкі і захоўвання спермы ў вадкім азоце. Аналагічныя мелі тады калегі з Літвы і Латвіі, і нашы спецыялісты актыўна з імі супрацоўнічалі. Пазней айчынную – савецкую – тэхналогію замарожвання спермы стварыў літоўскі навуковец Пакенас. Работа мне падабалася. Было здорава бачыць прагрэс у развіцці, атрымліваць новыя веды. У калектыве ва ўсе часы працавала многа здольных спецыялістаў. Гэта І.І. Данілевіч, В.П. Хадкевіч, В.Б. Пацук, М.Н. Забароўская, З.В. Фомка, З.П. Налівайка, Р.І. Рудая, І.І. Забароўская, І.І. Войтка і іншыя.

 

“Мы ганарымся…”

 

Зоя Іванаўна ўспамінае, як не раз ездзіла на семінары ў Маскву, пераймала вопыт і дзялілася сваім. “Наш Шчучын тады ведалі ва ўсім Саюзе!” – з гонарам зазначае яна. Багаж ведаў спецыяліст папоўніла і падчас вучобы ў Гродзенскім сельгасінстытуце. Дарэчы, там жа завочна атрымаў дыплом аб вышэйшай адукацыі і муж. Так яны і працавалі ўвесь час разам. Прычым Яўген Сцяпанавіч Чывель амаль 30 год кіраваў племпрадпрыемствам. Гэта пры ім значна ўмацавалася матэрыяльна-тэхнічная база. “Калі мы прыступалі да работы, кантора мясцілася ў фінскім доміку, асобна стаялі будынак лабараторыі і два бычнікі, – прыгадвае З.І. Чывель. А з цягам часу разбудаваліся. З’явіліся яшчэ два бычнікі, адміністрацыйны будынак, лабараторыя, склады, азелянілі тэрыторыю. Змянялася і вёска Гірдзеўка. Тут і ў Ражанцы ўзвялі новыя дамы, усе работнікі атрымалі кватэры”.

 

– Усе гады нашай працы былі вельмі плённыя, – запэўнівае, далучыўшыся да размовы, Яўген Сцяпанавіч Чывель. – Прадпрыемства кожны год узнагароджвалі. Мы ж першыя месцы ў Саюзе займалі! Да нас прыязджалі і Машэраў, і іншыя кіраўнікі высокага рангу. А я па справах ездзіў у замежныя камандзіроўкі. Памятаю, у Францыі даваў першае сваё інтэрв’ю, а вось цяпер – у другі раз (смяецца). У раёне нам заўжды крыху зайздросцілі: умовы працы выдатныя, зарплата дастойная. І калектыў стабільны. Ведаеце, за маю работу ніхто не звольніўся. Бо мы цанілі добрых спецыялістаў, падтрымлівалі, забяспечвалі жыллём, кармамі для жывёлы… Вельмі рады, што намі закладзеныя традыцыі маюць працяг. Антон Станіслававіч Салкевіч – цудоўны кіраўнік. Дарэчы, пакідаючы дырэктарскую пасаду, я рэкамендаваў яго на сваё месца. Вялікі дзякуй і яму, і генеральнаму дырэктару П.З. Кашталяну, што не забываюць нас, былых працаўнікоў, дапамагаюць. А мы з жонкай ганарымся, што менавіта нашы калегі ўносяць важкі ўклад у павышэнне прадуктыўнасці статка ў рэгіёне.

 

Лад у доме, які “Масква пабудавала”

 

Цяпер Чывелі жывуць у аграгарадку Ражанка, у дабротным цагляным доме, які, як зазначае гаспадар, “Масква пабудавала”. Некалі адзін з высокіх начальнікаў зрабіў заўвагу, што жыллё ў дырэктара не адпавядае пасадзе. І выдзеліў грошы на два дамы. У адзін з іх і засялілася сям’я, якая да гэтага жыла і на прыватнай кватэры, і на “метрах” без выгод, і ў шматпавярхоўцы. Напомню: Я.С. Чывель – чалавек тутэйшы, з сям’і чыгуначніка. Як кажа сам, у дзяцінстве “спрабавалі і лебяду, і крапіву”, але выраслі, вывучыліся: брат – былы афіцэр і сястра-педагог таксама засталіся жыць на Шчучыншчыне.

 

Сюды, ва ўтульны бацькоўскі дом, часта прыязджае сын Ігар з сям’ёй. Зоя Іванаўна і Яўген Сцяпанавіч заўжды рады сустрэчы. Сын скончыў прэстыжны радыётэхнічны інстытут, цяпер вядзе ў Гродне свой бізнэс. У Чывеляў-старэйшых ёсць два ўнукі і 6-гадовая праўнучка. Такой дружнай кампаніяй яны павіншавалі Зою Іванаўну з 80-гадовым юбілеем. Дарэчы, сёлета ў сям’і яшчэ адна знакавая дата –55-годдзе сумеснага жыцця.

 

Дарэчы, падчас размовы высветлілася, што Яўген Сцяпанавіч таксама равеснік раёна. Бо ён нарадзіўся ў 1940-ым, але маці, калі пасля вайны аднаўляла пасведчанне, чамусьці амаладзіла сына на адзін год. Аднак новыя лічбы лёс не сапсавалі. І ў жонкі выбраў не абы-каго, а “золатка з золаткаў”(як кажа сам, а людзі пацвярджаюць), і пашану ў грамадства меў і мае (узнагароджаны медалём “За працоўную доблесць”), і бадзёрасць ды любоў да зямлі з узростам не страціў. “У нас заўжды ёсць справа, – запэўніваюць суразмоўцы, паказваючы цяплічку, дзе спее ўраджай. – Пройдзешся, што-небудзь сарвеш. І можна жыць!”. Дык і жывіце доўга-доўга, паважаныя!

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!