Касавіца назвала сваіх герояў

 

 

Механізатары саўгаса “Вялікае Мажэйкава” Сяргей Валянцінавіч Кузняцоў і Іван Іванавіч Ажахоўскі ў ліку іншых аб’яўлены пераможцамі раённага спаборніцтва на нарыхтоўцы кармоў з траў першага ўкосу. Павіншаваць перадавікоў з высокімі працоўнымі дасягненнямі прыехалі старшыня райвыканкама Аляксей Валянцінавіч Садоўскі і прафсаюзны лідар аграрыяў раёна Генрых Іосіфавіч Юрэвіч.

 

– Дзякуй за добрасумленную працу! – звярнуўся да мажэйкаўскіх механізатараў Аляксей Валянцінавіч Садоўскі. – Вы не лічыцеся з асабістым часам і адказна падыходзіце да любой справы. Таму і вынікі радуюць! На такіх неабыякавых работніках і трымаецца сельская гаспадарка!

 

 

Цёплыя словы ў адрас перадавікоў выказаў і прафсаюзны лідар аграрыяў раёна Генрых Іосіфавіч Юрэвіч. Разам з Аляксеем Валянцінавічам ён уручыў пераможцам раённага спаборніцтва на нарыхтоўцы кармоў з траў першага ўкосу Пісьмы-падзякі і грашовыя прэміі.

 

– Прыемна, што нашу няпростую працу цэняць на такім высокім узроўні, – дзеліцца механізатар Іван Іванавіч Ажахоўскі. – Першым укосам накасіў амаль 12 тысяч тон зялёнай масы і працягваю штодзень запісваць на свой рахунак прыкладна па 500 тон зялёнай масы. Пераменнае надвор’е з частымі дажджамі станоўча паўплывала на рост траў, але негатыўна адбілася на тэмпах касавіцы. Таму мы імкнёмся выкарыстаць кожную пагодную хвіліну. На полі трэба быць максімальна ўважлівым, каб адначасова рухацца ў заданым накірунку і не дапусціць прасыпання зялёнай масы на зямлю. Безумоўна, гэта вымотвае, але з нагрузкай спраўляюся.

 

Самааддана працуе на нарыхтоўцы кармоў і механізатар Сяргей Валянцінавіч Кузняцоў.

 

img_1625.jpg

 

– На энерганасычаным трактары МТЗ-3522 з дзевяціметровай касілкай за працоўную змену абкошваю да 80 гектараў зямлі, – зазначае Сяргей Валянцінавіч. – Адметна тое, што пры неабходнасці магу фарміраваць адзін або тры пракосы. Прычым пасля мяне на поле не трэба пускаць граблі, што дазваляе эканоміць паліва і час. Калі закончу другі ўкос траў, то падчаплю сеялку і пачну сеяць азімыя культуры.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!