Беларускім традыцыям – жыць!

Кожная жанчына марыць быць прыгожай і ў святы, і ў будні. Што рабіць, калі на паліцах крамы не знаходзіцца тая самая запаветная сукенка? Супрацоўнікі аддзела рамеснай дзейнасці РЦКіНТ знайшлі выйсце: да Дня Незалежнасці і Дня вышыванкі яны самі стварылі шыкоўныя строі. Эксклюзіўнасці дадае беларускі арнамент, уласцівы для Шчучынскага краю.

 

Сукенкі са шчучынскім густам

 

Загадчык аддзела рамеснай дзейнасці РЦКіНТ Ірына Хвайніцкая і яе калегі Вольга Каранкевіч, Наталля Лябецкая, Вольга Роліч і Таццяна Лебядзевіч даўно марылі аб беларускіх строях, вось толькі ўсё больш вышывалі на заказ. Пашыць беларускія сукенкі для сябе вырашылі да Дня Незалежнасці. Кожны сам выбіраў мадэль адзення, прадумваў да дробязі, як размясціць арнамент.

 

 

Справа ладзіцца, калі за яе бяруцца сапраўдныя майстры. Сціплы матэрыял ва ўмелых руках ператварыўся ў прыгожыя і эксклюзіўныя рэчы. Старанна, на працягу трох месяцаў дзяўчаты вышывалі беларускі арнамент. Сукенкі атрымаліся шыкоўнымі! У кожным арнаменце – пэўнае значэнне: каханне, дабрабыт, прыгажосць, багацце, сувязь з родам.

 

 – Пасля мовы найважнейшай этнічнай прыкметай лічыцца касцюм: ён адлюстроўвае менталітэт, характар, узровень духоўнай і матэрыяльнай культуры народа, – гаворыць Ірына Хвайніцкая. – Праўдзівае ўяўленне пра касцюм беларускіх сялян мы маем, пачынаючы з сярэдзіны XIX стагоддзя, калі з’явілася фатаграфія. Мужчынскае і жаночае традыцыйнае адзенне ў Беларусі заўсёды адрознівалася ў залежнасці ад рэгіёнаў. На Шчучыншчыне яно таксама мае свае адметныя рысы. Вышыўка здаўна лічылася моцным абярэгам і выконвалася ў асноўным чырвонымі ніткамі. Размяшчалася яна ў месцах, дзе адкрываўся доступ да цела: па каўняры, побач з шыяй, па версе рукавоў і абшыўкі, нізе спадніц, фартухоў і гэтак далей. У жанчын дзетароднага ўзросту асабліва багатым быў арнамент на грудзях: лічылася, што ён абараняў іх ад злога погляду і негатыўнага ўплыву. Самыя распаўсюджаныя колеры ў беларускай народнай традыцыі – белы, чырвоны, чорны, сіні. Мы выбралі чырвоны колер арнаменту. Цяпер дзяўчаты будуць, бадай, самымі прыгожымі на святах. А калі ў шчучынцаў ёсць жаданне – можам вышыць сукенкі і для іх!

 

Ах, якія беларусы!

 

Расказалі супрацоўнікі аддзела рамеснай дзейнасці РЦКіНТ і як выглядалі беларусачкі ў XIX, пачатку XX стагоддзях. Традыцыйны паўсядзённы касцюм беларускі складаўся з доўгай кашулі, палатнянай, паўшарсцяной або ваўнянай спадніцы-андаракі, якая ззаду збіралася ў складкі, камізэлькі і шматслойнага галаўнога ўбору. Зімой жанчыны апраналі паверх адзення світку. Абавязковым атрыбутам жаночага народнага касцюма быў фартух, які ў святочным варыянце вышываўся прыгожымі арнаментальнымі палосамі. Згодна з традыцыяй, да ўступлення ў шлюб дзяўчатам дазвалялася хадзіць з непакрытай галавой. Звычайна дзяўчаты запляталі валасы ў адну ці дзве касы, упрыгожвалі іх яркімі стужкамі.

 

 

Прыгожай была і мужчынская вопратка. Мужчынскі традыцыйны сялянскі касцюм менш разнастайны, чым жаночы: кашуля, штаны, камізэлька і абавязковы атрыбут – пояс. Дзякуючы яму кашуля прылягала да цела і не замінала выконваць працу, а яшчэ ён лічыўся сапраўдным абярэгам. Мужчыны насілі камізэлькі з саматканага сукна або палатна. Верхнім адзеннем служылі світка і кажухі, пашытыя з вырабленай скуры жывёл. Самым распаўсюджаным галаўным уборам беларусаў зімой была шапка-вушанка з аўчыны або заячага футра, пакрытая зверху, як правіла, цёмным сукном. Знізу прышывалі чатыры вухі: пярэдняе і задняе завязваліся зверху на макушцы, два бакавыя апускаліся або падвязваліся пад падбародкам. Улетку насілі брыль – плецены капялюш з саломы. Абуткам і для мужчын, і для жанчын служылі лапці з лыка або лазы, зімой – боты.

 

Сувязь з мінулым

 

Для мяне вышыванка – не проста даніна модзе, гэта трывалая нітачка, якая звязвае нас з мінулым, з маімі каранямі. Можа таму я з задавальненнем набываю вопратку і рэчы з нацыянальным беларускім арнаментам, беражліва захоўваю расшытыя бабулінай працавітай рукой сурвэткі, ручнікі і бялізну. Гэта маё – спрадвеку беларускае, роднае. Мой нацыянальны строй, які я апранала на такія святы, як Дзень Незалежнасці, Дзень беларускага пісьменства, Купалле, Дзень вышыванкі, заўсёды выклікае інтарэс у многіх. Можа таму, што ён не толькі прыгожы, але зручны і экалагічны. Дзякуючы лёну ў спякотны дзень я адчуваю сябе камфортна, а вечарам мяне не палохае паніжэнне тэмпературы. А яшчэ мне падаецца, што дзякуючы вышыванцы нашы прыгожыя жанчыны становяцца яшчэ прыгажэйшымі, а мужныя мужчыны яшчэ больш мужнымі.

 

 

Вышыванкі – у трэндзе

 

Безумоўна, сёння беларусы апранаюцца ў рознае адзенне, аднак нацыянальны строй не выходзіць з моды. Зараз тэма вышыванкі і ўвогуле вопраткі з нацыянальнай адметнасцю стала папулярнай. Сукенкі з лёну запатрабаваны. Іх можна замовіць у спецыялізаваных крамах, пашыць на заказ або самастойна. У моладзі ў трэндзе вышымайкі – майкі з арнаментам. Аднак, нягледзячы на кошт, самымі папулярнымі застаюцца кашулі і сукенкі з ручным арнаментам. Вышыванка павінна быць вышытая рукамі, бо ў вышыўку ўкладваецца не толькі сэнс, але і думкі, энергія. Праўда, у гэтай справе майстра трэба выбіраць асабліва дасканала.

 

Некалькі гадоў таму разам з актывістамі БРСМ Гродзеншчыны прымала ўдзел у арт-парадзе “Пад сцягам з вышыванкай”, які ладзіўся падчас першага ў нашай краіне Дня вышыванкі. Яшчэ раз пераканалася, што жыхары нашага Прынёманскага краю насамрэч вельмі шчырыя і добразычлівыя. Калі ідзеш плячо ў плячо з жыхарамі Гродзеншчыны, абараняеш гонар сваёй вобласці на рэспубліцы, асабліва адчуваецца адзінства і згуртаванасць. А яшчэ за гады працы мне пашчасціла пазнаёміцца з майстрамі Шчучыншчыны, якія не толькі ўмеюць адмыслова вышываць, але і дакладна ведаюць значэнне кожнага беларускага арнаменту. Яны расказалі, што імкнуцца, каб вышыўка не сышла, каб увесь шматгадовы досвед бабуль і прабабуль захаваўся ў сучаснасці. Яны не аднаўляюць строі, а бяруць элементы і ўстаўляюць у сучаснае адзенне.

 

 

Пафестывалім?

 

На Гродзеншчыне традыцыйна праводзяцца шматлікія фестывалі, такія, як фестываль нацыянальных культур, рэспубліканскі фестываль мастацтваў “Мірскі замак”, абласны фестываль народнай музыкі “Грай, музыка!”, міжнародны рыцарскі турнір у Навагрудку і іншыя. На Шчучыншчыне папулярнасць набываюць фестываль “Паміж намі, суседзямі”, Свята кветак”, “Свята дзеркача”, “Свята паэзіі” і іншыя. Гэта святы, якія накіраваны на захаванне беларускіх традыцый. А калі ёсць такія майстрыцы, якія могуць з лёгкасцю пашыць сучасныя сукенкі і разам з гэтым захаваць беларускі арнамент, значыць, традыцыям жыць!

 

 

Ганна КАСПЕР.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!