Першым “тысячнікам” – падзяка і пашана

Днямі начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Генадзій Баляслававіч Хоміч сумесна са старшынёй Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Іванам Станіслававічам Алізаровічам і прафсаюзным лідарам аграрыяў Шчучыншчыны Генрыхам Феліксавічам Шандрохам наведалі гаспадаркі раёна, каб павіншаваць першых “тысячнікаў” і ўручыць перадавікам жніва граматы і грашовыя прэміі.

Камбайнера ААТ “Васілішкі” Юрыя Іосіфавіча Жоліка мы засталі ў полі, дзе той ненадоўга спыніў свой магутны “Джон Дзір”, каб выгрузіць зерне з перапоўненага бункера ў кузаў МАЗа.

– Не кожнаму пад сілу вытрымаць напружаны рытм уборачнай кампаніі, – зазначыў Іван Станіслававіч Алізаровіч. – Аднак вы выдатна спраўляецеся з пастаўленай задачай. Пакуль у сельскай гаспадарцы працуюць такія прафесіяналы, на сталах беларусаў заўсёды будзе хлеб.

Да слоў Івана Станіслававіча далучыўся Генадзій Баляслававіч Хоміч:

– Першая тысяча тон намалочанага зерня – выдатны вынік, але тэмпаў збаўляць нельга. Жніво працягваецца, і наперадзе яшчэ не адзін дзень напружанай працы. Упэўнены, хутка мы прыедзем да вас зноў, каб уручыць чарговую ўзнагароду.  

Перадавы камбайнер Ю.І. Жолік быў прыемна крануты аказанай увагай.

– Я не “ганюся” за рэкордамі, але заўсёды працую з поўнай аддачай, – прызнаецца Юрый Іосіфавіч. – Менавіта так мяне навучыў мой бацька, былы механізатар, дзякуючы якому я і звязаў сваё жыццё з тэхнікай. У дзень на “Джон Дзіры” намалочваю звыш 100 тон зерня. Строга вытрымліваю ўсе тэхналагіі. Да прыкладу, каб мінімізаваць страты зерня, рухаюся па полі з аптымальнай хуткасцю – прыкладна 3 кіламетры ў гадзіну. За настройкамі жняяркі сочыць бартавы камп’ютар. Безумоўна, дробныя паломкі здараюцца, але дастаткова аднаго тэлефоннага званка, і рамонтная брыгада аператыўна выязджае на месца. Але ў большасці сваёй мы, механізатары, самі рамантуем сваіх “жалезных коней” прама ў полі. Яно і зразумела: са сваім камбайнам я неразлучны ўжо 14 гадоў і за гэты час вывучыў яго да апошняга шрубка.

Не менш плённа працуе на ўборцы хлебнай нівы камбайнер ААТ “Васілішкі” Віктар Зянонавіч Зневяроўскі, на рахунку якога таксама звыш тысячы тон намалочанага зерня. Заслужаныя ўзнагароды знайшлі перадавіка прама ў полі.

У той дзень не застаўся без увагі і камбайнавы экіпаж саўгаса “Вялікае Мажэйкава” ў складзе механізатара Андрэя Аляксандравіча Рышкевіча і яго памочніка Аляксандра Іванавіча Пазняка: прафсаюзны лідар раёна Г.Ф. Шандроха ўручыў ім граматы і грашовыя прэміі. Аналагічным чынам Генрых Феліксавіч ушанаваў і маладога вадзіцеля гэтай жа гаспадаркі Аляксандра Васільевіча Шмуксту, які на МАЗе перавёз больш за тысячу тон залатога грузу.

– Калі працаваць добрасумленна, то і людзі цябе будуць паважаць, – перакананы А.В. Шмукста. – Асвоіўшы прафесію вадзіцеля, я паралельна вучуся на агранома ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце. Пасля атрымання дыплома буду прымяняць атрыманыя веды на практыцы ў родным саўгасе. Гаспадарка забяспечыла мяне з жонкай жыллём – утульнай трохпакаёвай кватэрай, дзе мы і гадуем нашага дзевяцімесячнага сына. Ёсць работа, якая дастойна аплачваецца, дык чаму не пусціць тут корані?

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!