Зялёнае багацце нашай зямлі. Каля 30 новых кропак росту і пражывання чырванакніжных відаў было знойдзена ў Шчучынскім раёне

 

Хоць Беларусь і не мае выхаду да мора, але ў нас ёсць свой зялёны акіян – бяскрайнія лясы, якія хаваюць у сабе яшчэ шмат чаго цікавага і нявывучанага. Так лічыць спецыяліст арганізацыі “Дзікая прырода” Юрый Янкевіч, які нядаўна правёў міні-экспедыцыю па нашым раёне ў пошуках рэдкіх відаў раслін і жывёл.

 

Прыблізна тыдзень Юрый Янкевіч назіраў за прыродай Шчучыншчыны. За гэты час ён аб’ездзіў амаль увесь наш раён. У маршруце Юрыя значыліся розныя лясніцтвы, але асаблівую цікавасць у яго выклікаў заказнік “Котра”. Менавіта там была знойдзена даволі вялікая колькасць цікавостак.

 

Напрыклад, былі знойдзены віды раслін, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Сярод іх грыб ганадэрма бліскучая, лішайнік лабарыя лёгачная, які пераважна сустракаецца ў Белавежскай пушчы, у Прыпяцкім нацыянальным парку і на поўначы Беларусі. Да рэдкіх раслін Шчучыншчыны цяпер можна дадаць і чырванакніжны лішайнік менегацыя прадзіраўленая – новы від для Котры.

 

 

Яшчэ адна цікавая ахоўная расліна, знойдзеная на тэрыторыі заказніка, – лінея паўночная. Гэты вечназялёны кусцік з прыгожымі кветачкамі з’яўляецца сімвалам шведскай правінцыі Смоланд, а яшчэ служыць кормам для аленяў на Далёкай Поўначы.

 

Раслінным светам экспедыцыя не абмежавалася – у заказніку таксама былі знойдзены новыя пасяленні барсука. Аднак, са слоў Юрыя, берагі Котры хаваюць у сабе значна больш цікавага:

 

– Котра – гэта мала вывучаная тэрыторыя. Калі грунтоўна падысці да яе вывучэння, то ўпэўнены, што там можна знайсці яшчэ шмат чаго цікавага. У тым ліку птушак і расліны.

 

 

 

Падчас маніторынгу на тэрыторыях Шчучынскага і Астрынскага лясніцтваў былі знойдзены гнёзды чырванакніжнага чорнага бусла і малога арляца. Каля гэтых знаходак будзе стварацца ахоўная зона, дзе забароняць пэўныя віды чалавечай дзейнасці. Яшчэ ў Шчучынскім лясніцтве быў выяўлены дастаткова рэдкі від моху – парэла пласкалістая. У Беларусі вядома ўсяго каля 20 месцаў яго вырастання, прыемна, што наш раён у іх ліку.

 

– Моцна спадабаліся лясы Шчучынскага лясніцтва, – расказвае Юрый Янкевіч. – У некаторых месцах яны выдатна захаваліся. Напрыклад, участак каля бетоннай дарогі паміж Жалудком і Шчучынам. Гэта звязана з дзейнасцю ў часы СССР вайсковых аб’ектаў на гэтай тэрыторыі. Там амаль не праводзілася лесанарыхтоўка і на асобных участках захаваліся дубровы па 140 – 150 гадоў, дзе жыве і расце шмат відаў, якія знаходзяцца пад аховай. Гэтыя зоны будуць выдзелены як рэдкія тыповыя біятопы на плошчы каля 30 гектараў. Тут створаць своеасаблівы міні-запаведнік, дзе будзе забаронена вырубка. Увогуле прыгожы лес, я даўно працую з прыродай і магу адзначыць, што такія рэдка бачу.

 

 

Асноўнай мэтай знаходжання Юрыя ў нашым раёне быў маніторынг і пошук месцаў пражывання і вырастання рэдкіх відаў жывёл і раслін. Гэтая работа праводзілася пры цесным узаемадзеянні са Шчучынскай раённай інспекцыяй аховы прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя, а таксама Шчучынскім лясгасам.

 

Як заўважыў начальнік раённай інспекцыі Іван Вянцковіч, сабраныя падчас даследаванняў звесткі перададуць у абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Будзе запушчана працэдура перадачы пад ахову новых участкаў з рэдкімі відамі. Там будзе ўстаноўлены адпаведны ахоўны рэжым, які дазволіць захаваць від і месца іх пражывання ці росту. Таксама гэтая інфармацыя можа быць выкарыстана для паляпшэння турыстычнага патэнцыялу нашага раёна.

 

– У выніку маніторынгу сітуацыя добрая, – кажа Іван Вянцковіч. – Большасць прыродаахоўных зон на тэрыторыі нашага раёна пацвердзілі свой статус. Аднак некаторыя ахоўныя ўчасткі ўсё ж страцілі сваю актуальнасць, таму наша задача зняць ахоўны рэжым там.

 

Часта рэдкія віды знікаюць па абсалютна натуральных прычынах. Так, бабры могуць падтапіць мясцовасць, і асяроддзе становіцца не прыдатным для вырастання якой-небудзь расліны. Падобныя прыклады былі заўважаны ў нашым раёне.

 

 

Адным з апошніх даследаванняў у рамках міні-экспедыцыі Юрыя стаў маніторынг месца каля вёсак Калечыцы і Міцары. Месца пражывання барсука каля вёскі Міцары было перададзена пад ахову яшчэ ў 2010 годзе. З таго часу звер мог змяніць сваё месца жыхарства, таму яно патрабавала ўдакладнення.

 

“Кватэру” барсука шукаюць па прыкметах жыццядзейнасці. Да іх адносяцца сцежкі, разрытыя ямкі. Увогуле гэтыя звяры любяць сяліцца ў сухім месцы на ўзгорках недалёка ад поля. Звычайна іхнія гарадкі налічваюць 5-6 нор. Падчас пошуку барсука каля Міцароў заселены гарадок знайсці не атрымалася, аднак была заўважана свежая часовая нара. Гэта сведчыць аб тым, што барсук усё яшчэ жыве на гэтым участку, але шукае месца для перасялення.

 

Абследаванне ахоўнай зоны каля вёскі Калечыцы прынесла большы плён, там быў выяўлены вялікі гарадок барсукоў, дзе, улічваючы колькасць нор, можа жыць некалькі пар звяроў.

 

 

Калі падводзіць вынік міні-экспедыцыі, то можна сказаць, што падчас маніторынгу было знойдзена 30 новых кропак росту і пражывання чырванакніжных відаў. Да гэтага ў раёне налічвалася каля 60 месцаў. Работа Юрыя значна ўдакладніла і ўзбагаціла веды аб прыродзе нашага краю.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!