Жывёлаводы здалі экзамен на прафмайстэрства

На базе комплексу па вытворчасці малака “Агароднікі” саўгаса “Вялікае Мажэйкава” прайшоў раённы конкурс прафесійнага майстэрства па вывядзенні буйной рагатай жывёлы. За званне лепшага па прафесіі змагаліся каля трыццаці жывёлаводаў, якія прадстаўлялі розныя гаспадаркі Шчучыншчыны.

 

Спачатку спецыялісты здавалі тэарэтычны экзамен. І хоць працоўны стаж большасці ўдзельнікаў быў салідным, усе вельмі хваляваліся. Аднак гэта не перашкодзіла жывёлаводам прадэманстраваць глыбокія веды.

 

Пасля прайшла практычная частка раённага конкурсу, падчас якой тэхнікі-асемянатары, заатэхнікі-селекцыянеры і ветурачы-гінеколагі даказалі свою кампетэнтнасць. Не дзіва, што суддзям было няпроста вызначыць пераможцаў. 

 

 

У будынку Мажэйкаўскай базавай школы, дзе праходзіла цырымонія ўзнагароджання, панавала святочная атмасфера. Адзначыць перадавых жывёлаводаў прыехаў намеснік старшыні райвыканкама–начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Анатолій Іванавіч Тодрык, дырэктар Шчучынскага цэнтра селекцыі і генетыкі Аляксандр Іванавіч Туля, а таксама спецыялісты камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Сяргей Аляксандравіч Шымановіч і Іван Антонавіч Рапей. Пад гучныя апладысменты калег яны ўручылі пераможцам раённага конкурсу прафмайстэрства дыпломы, кветкі і каштоўныя падарункі. Лепшымі ў сваёй прафесіі былі прызнаны ветурач-гінеколаг ААТ “АграГЖС” Святлана Аляксандраўна Талочка, тэхнік-асемянатар гэтай жа гаспадаркі Віктар Іванавіч Янковіч і заатэхнік-селекцыянер філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” Марыя Станіславаўна Снапко. 

 

– Я працую ў ААТ “АграГЖС” звыш 20 гадоў, з якіх 7 – ветурачом, – зазначае Святлана Аляксандраўна Талочка. – І не перастаю вучыцца! Штогод прымаю ўдзел у раённым конкурсе прафесійнага майстэрства па вывядзенні буйной рагатай жывёлы. Лічу, што гэта выдатная магчымасць не толькі праверыць свае веды, але і пераняць працоўны вопыт у калег, абмеркаваць апошнія дасягненні ў жывёлагадоўлі.

 

 

Самым перадавым звяном, якое набрала пераможныя 65 балаў, стала звяно па ўзнаўленні буйной рагатай жывёлы ААТ “Дэмбрава” ў складзе Наталлі Аляксандраўны Дораш, Юліі Фёдараўны Каршак і Руслана Уладзіміравіча Другаля. У той дзень памятны падарунак за добрасумленную працу атрымала і работніца ААТ “Шчучынаграпрадукт” Наталля Сямёнаўна Богдан, якая працуе ў гаспадарцы тэхнікам па штучным асемяненні амаль дваццаць гадоў.

 

Спонсарскую і арганізацыйную дапамогу ў правядзенні конкурсу аказала Гродзенскае племпрадпрыемства. Не застаўся ў баку і старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Генрых Феліксавіч Шандроха, які таксама падрыхтаваў для прызёраў падарункі. Заахвоцілі сваіх спецыялістаў і гаспадаркі Шчучыншчыны.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!