Сумесны крок да вырашэння праблем людзей з інваліднасцю (ДАПОЎНЕНА)

На мінулым тыдні ў кінатэатры "Беларусь" зноў сабраліся ўдзельнікі міжнароднага праекта, каб абмеркаваць далейшую стратэгію планавання "Мясцовай павесткі 50". Нагадаем, наш Шчучын абраны пілотным гарадам, дзе на міжнародным узроўні праходзіць вывучэнне праблем людзей з інваліднасцю менавіта ў кантэксце лакальнасці -- у адпаведнасці з улікам свайго рэгіёна і канкрэтнымі запатрабаваннямі.

На чарговую сесію ў Шчучын прыехалі польскія партнёры з фонда ТУС Пётр Тодыс і Малгажата Перацятковіч, а таксама эксперт з Даніі Лені Петэрсан, якая з'яўляецца прадстаўніком міжнароднай грамадскай арганізацыі "Еўрапейскі дом". Госці пазнаёмілі прысутных з дзейнасцю сваіх грамадскіх фарміраванняў, расказалі, як удаецца паўплываць на тое, каб інваліды мелі магчымасць працаўладкоўвацца, прымаць актыўны удзел у грамадскім жыцці, адчуваць сябе паўнавартаснымі членамі соцыума.  

 Удзел у канструктыўным дыялогу прынялі намеснік старшыні райвыканкама Г.С. Хвядзюк, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне А.І. Навіцкі, прадстаўнікі архітэктурнай службы раёна і ўпраўлення капітальнага будаўніцтва. І самі людзі з абмежаванымі магчымасцямі, і тыя, хто прадстаўляе іх інтарэсы, разам з замежнымі партнёрамі не толькі абмяркоўвалі актуальныя пытанні, але і вучыліся іх вырашаць, распрацоўваць адпаведныя юрыдычныя дакументы, праводзіць дыягностыку сацыяльных праблем, выкарыстоўваючы ўжо апрабаваную на прасторах Еўрасаюза і эфектыўную метадалогію "22 крокі".  

-- Педагогі, медыкі, супрацоўнікі сацыяльнай службы, актывісты грамадскіх арганізацый, аб'яднаныя агульнай ідэяй, стварылі каманду па рэалізацыі "Мясцовай павесткі 50" і размеркавалі абавязкі, якія тычацца сацыялізацыі людзей з інваліднасцю, -- гаворыць каардынатар, загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН А.Р. Шпакоўская. -- Сярод прыярытэтных напрамкаў, якія маем намер развіваць, гэта працаўладкаванне, даступнасць асяродка для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, у тым ліку наяўнасць нізкапольнага транспарту і  паслугі сацыяльнага таксі.

У гэтыя дні прадстаўнікі нашай ініцыятыўнай групы пабывалі на сецявой сустрэчы ў Мінску, дзе абмяняліся досведам з калегамі з іншых пілотных гарадоў -- Бабруйска, Валожына, Стаўбцоў і Століна.

Таццяна СТУПАКЕВІЧ. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!