Жыве мастацтва ў юных сэрцах. У раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў справаздачны канцэрт Шчучынскай ДШМ “Запальвай! Твары! Дзейнічай!” (+ВІДЭА)
З творчым імпэтам і радасцю ў таленавітых дзіцячых вачах прайшоў справаздачны канцэрт Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў “Запальвай! Твары! Дзейнічай!”. Мерапрыемства, якое прайшло ў Шчучынскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці, сабрала на адной сцэне самых таленавітых і стараных навучэнцаў школы мастацтваў – музыкаў, танцораў, тэатралаў і спевакоў.
Канцэрт наведалі шматлікія гледачы, сярод якіх былі бацькі, бабулі, дзядулі і сябры выступоўцаў. Упэўнены, што ніхто не пашкадаваў аб праведзеным у актавай зале часе. Цягам паўтары гадзіны выхаванцы школы мастацтваў здзіўлялі і абуджалі эмоцыі ў сэрцах гледачоў. Разнастайныя музычныя нумары захаплялі сваім артыстызмам і трымалі ўвагу прысутных.
У праграме канцэрта на адной сцэне з выхаванцамі дзіцячай школы мастацтваў выступілі і іх выкладчыкі. Тандэм досведу і маладосці парадаваў гледачоў жывой інструментальнай мелодыяй класічнай гітары, балалайкі, домры і піяніна. Упрыгажэннем канцэрту сталі таксама выступы флейтыстаў, скрыпачоў і барабаншчыкаў. Прыемнае ўражанне пакінулі сольныя нумары на баяне і акардэоне. Таксама ўражвалі сваімі чароўнымі спевамі харысты.
Сапраўдны майстар-клас паказалі выкладчыкі школы мастацтваў у складзе народнага аркестра народных інструментаў. Кіравала аркестрам дырыжор і дырэктар Шчучынскай ДШМ Марына Налівайка. Сваёй творчасцю выкладчыкі задаюць высокую планку і даюць добры прыклад для развіцця сваіх вучняў.
Пластыкай і цікавымі задумкамі здзіўлялі гледачоў навучэнцы харэаграфічнага аддзялення ДШМ. У вытанчаных, а часам, нават смелых рухах была паказана энергія жыцця і спроба ўпэўніць гледача ў тым, што не трэба баяцца адрознівацца ад астатніх людзей са свайго акружэння.
Цікава было назіраць мініацюры малодшых артыстаў-актораў, якія ў жартаўлівай форме расказвалі аб каштоўнасці сямейных стасункаў.
Філасофская тэма пошуку сябе і свайго месца ў жыцці гучала ў тэатральнай пастанове “Як стаць чалавекам”. Дзіцячы калектыў падняў даволі важную і актуальную сёння тэму неабходнасці шчырых чалавечых адносін і дабрыні да бліжняга.
Напрыканцы канцэрту гледачы пачулі вясёлыя школьныя песні, пабачылі гарэзлівыя танцы і атрымалі зарад бадзёрасці ад юных аматараў мастацтва. Гледачы засталіся ў поўным захапленні ад канцэрту, удзельнікі якога сыходзілі са сцэны пад бурлівыя апладысменты зачараванай публікі.
Падрабязней пра канцэрт расказала дырэктар Шчучынскай ДШМ Марына Налівайка:
– Штогод калектывы нашай школы мастацтваў даюць справаздачны канцэрт. Кожнае з нашых шасці аддзяленняў рыхтуе адмысловыя нумары, у якіх паказвае сваё майстэрства па кожным з элементаў, што вывучаюцца ў нашай школе. Усе выкладчыкі бралі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы мерапрыемства. Я цалкам задаволена канцэртам, калектывы паказалі свае лепшыя нумары. На мой погляд усё прайшло яскрава і крэатыўна. Новаўвядзеннем гэтага года стала тое, што ўпершыню самастойна вядучымі на таком мерапрыемстве былі нашы выхаванцы. Яны выдатна выканалі сваю задачу і атрымалі досвед правядзення сур’ёзных канцэртаў.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.