Жыццё яго – гісторыі падручнік. 90-гадовы юбілей адзначыў жыхар аг. Ражанка Віктар Салалайка
У мінулую нядзелю адзначыў свой 90-гадовы юбілей жыхар аграгарадка Ражанка Віктар Гаўрылавіч Салалайка. Доўгажыхар прыняў віншаванні ад радні, сяброў і знаёмых, а таксама ад старшыні Ражанкаўскага сельвыканкама В.В. Бурдзея і прадстаўнікоў ААТ “Шчучынскі рамонтны завод” – эканаміста С.М. Пажыган і майстра, старшыні прафкама М.В. Шашко.
І хаця, як кажа юбіляр, “гады выветрылі з памяці многае”, прыгадаць яму ёсць што. Бо лёс гэтага чалавека – яскравае адлюстраванне гісторыі краіны і раёна. Нарадзіўся Віктар Салалайка 19 студзеня 1930 года ў мнагадзетнай сям’і. Скончыў на выдатна тры класы польскай школы. З устанаўленнем савецкай улады ў 1939-ым зноў сеў за парту. Падручнікаў не хапала, але хлопчыку пашанцавала: у іх доме кватараваў афіцэр, які і падараваў малому патрэбную кнігу. А яшчэ на воінскім складзе яму падабралі шапку-будзёнаўку: такой у школе не было ні ў каго!
Калі паглыбішся ў гісторыю жыцця гэтага паважанага чалавека, то знойдзеш там успаміны і пра трывожны дзень 22 чэрвеня 1941 года, і пра схаваны ў дупле піянерскі гальштук, і дні ў акупацыі, праведзеныя ў вёсцы Заполле на Мастоўшчыне – на малой радзіме бацькі. А яшчэ – пра снарады, якія цікаўныя хлапчукі знаходзілі ў лесе і кідалі ў касцёр, пра партызанскія дыверсіі ў тыле ворага і карныя аперацыі фашыстаў…
Калі ж на Шчучыншчыну прыйшло вызваленне, Салалайкі вярнуліся ў Ражанку. Дзеці, у тым ліку і Віця, працягвалі вучобу. Актыўны падлетак сагітаваў равеснікаў уступіць у камсамол, яны ж абралі яго сваім важаком. Так у школе была створана камсамольская арганізацыя.
“Віктар Гаўрылавіч у 1976-ым мяне на работу прымаў, калі я пасля вучобы прыехала ў мясцовую “Сельгастэхніку”, – заўважае Святлана Мікалаеўна Пажыган. – Тады ў калектыве было звыш 400 чалавек. А ў кадравай службе – толькі Віктар Гаўрылавіч і яшчэ адна супрацоўніца. Так што работы яму хапала”.
Словы госці – “указальнік” на яшчэ адну, бадай, самую галоўную старонку ў біяграфіі юбіляра. Калі вясной 1950 года ў Ражанцы стварылі машынна-трактарную станцыю, Віктар Салалайка, маючы за плячамі васьмігодку, адвучыўся на курсах трактарыстаў, атрымаў новы трактар і да восені, пакуль не прызвалі на службу ў армію, працаваў у калгасе. Армейскія будні правёў далёка – на Урале. Здольнага хлопца пасля заканчэння школы сержантаў пакінулі вучыць маладое папаўненне, а пазней накіравалі на афіцэрскія курсы. Таму праз тры гады ён вярнуўся дамоў у званні малодшага лейтэнанта. І зноў прыйшоў у МТС, дзе ўладкаваўся інспектарам па кадрах. Тут яго выбралі сакратаром камсамольскай арганізацыі, прынялі ў партыю. Дарэчы, грамадскім актывістам Віктар Салалайка быў і потым: узначальваў партарганізацыю, ветэранскую пярвічку, не стаяў у баку ад сельсавецкіх спраў. За гэта і пашану меў, і ўзнагароды – медаль “За доблесную працу”, ганаровыя граматы. А пра карысць грамадскай работы Віктар Гаўрылавіч кажа так: “Я узбагаціўся духоўна, быў заўжды сярод людзей”. “Ён да гэтага часу беражліва захоўвае свае членскія білеты”, – расказвае жонка Станіслава Браніславаўна.
Віктар Гаўрылавіч і яго верная спадарожніца жыцця разам ужо 65-ы год. “Заўжды і ўсюды былі ўдваіх. Ён стараўся, каб я выглядала як найлепш”, – усміхаецца гаспадыня дома. Безумоўна, дзевяноста – сур’ёзны ўзрост: не тыя сілы, не тыя вочы… І таму цяпер яна акружыла блізкага чалавека асаблівым клопатам і ўвагай. А галоўны набытак і самая вялікая радасць гэтай сям’і – дзве дачкі, чацвёра ўнукаў і шэсць праўнукаў.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.