Землякі. Яўген Астроўскі жыве ў Майкопе, але амаль кожны год наведваецца ў Шчучын
Яўген Аляксеевіч Астроўскі жыве ў Майкопе, сталіцы Рэспублікі Адыгея, выкладае замежныя мовы ў гуманітарна-тэхнічным каледжы. Са Шчучынам ён разлучыўся яшчэ ў юнацтве і ўсе гады ўдалечыні з цеплынёй і светлым сумам успамінае малую радзіму. Гэты ўспамін цешыць душу і выліваецца ў пяшчотна-пранікнёныя вершаваныя радкі...
Пасля заканчэння СШ №1 г. Шчучына Яўген Астроўскі некаторы час працаваў у сельскай школе, а потым паступіў у Пяцігорскі інстытут замежных моў. Пасля заканчэння працаваў у Калмыкіі, на некаторы перыяд прыйшлося змяніць прафесію. Жаданне зноў стаць выкладчыкам прыйшло ў сталыя гады. Яўген Аляксеевіч лічыць, што гэтым ён абавязаны свайму першаму настаўніку Пятру Аляксеевічу Івашкову, дарэчы, адзінаму ў Шчучыне настаўніку малодшых класаў – мужчыну. Гэты чалавек быў таленавітым педагогам і ў свой час падаў добры прыклад свайму кемліваму вучню.
Са шчырай удзячнасцю ўспамінае наш зямляк і сваю настаўніцу роднай мовы Зою Аляксандраўну Глаз. “Яна здавалася мне чараўніцай, бо змагла зачараваць мяне прыгожымі вершамі, дзіўнымі аповядамі, цікавымі гісторыямі, – прызнаецца Яўген Аляксеевіч. – Зоя Аляксандраўна так захоплена расказвала пра жыццё і творчасць Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча і іншых беларускіх пісьменнікаў, што пытанне пра дысцыпліну на яе ўроках ніколі не ўсплывала”.
Яўгену Астроўскаму давялося пабываць і пажыць у многіх кутках былога Саюза. І дзе б ні быў, успамінаў Шчучын, міжволі параўноўваў чужую старонку з роднымі краявідамі. Сваё захапленне малой радзімай і свой сум выказваў у вершах, якія стараўся пісаць на роднай мове. Як аказалася, яе немагчыма забыць…
Яўген Аляксеевіч амаль кожны год наведваецца ў Шчучын. Тут магілы бацькоў і дарагіх яму людзей. Сустрэчы з сябрамі і аднакласнікамі даюць эмацыянальны зарад на цэлы год. Сёлета ён прыязджаў са сваёй сям’ёй, з радасцю паказаў родны горад, які штогод маладзее і прыгажэе, і на яго вуліцах усё ж гучыць родная мова.
Ала ФЯДОТАВА.