Крок у будучыню
Хутчэй за ўсё сённяшнім дзевяцікласнікам гімназіі г. Шчучына будзе нескладана вызначыцца з будучай прафесіяй. Іх класныя кіраўнікі Алена Уладзіміраўна Трахімчык і Ірына Станіславаўна Падгурская робяць усё магчымае для таго, каб дапамагчы рабятам.
– Для нашых вучняў быў арганізаваны факультатыўны курс “Крок у будучыню”, падчас якога яны знаёміліся з рознымі прафесіямі, з іх асаблівасцямі, разважалі над тым, якая спецыяльнасць найбольш прываблівае кожнага з іх, – расказвае Алена Уладзіміраўна Трахімчык. – Акрамя гэтага, мы пабывалі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы, дзе рабяты прайшлі прафарыентацыйнае тэсціраванне. З імі працавалі псіхолагі. У выніку мы атрымалі рэкамендацыі для кожнага школьніка, якія таксама дапамогуць сарыентавацца і падкажуць, як не памыліцца і накіравацца менавіта ў тую сферу, якая найбольш падыходзіць будучаму выпускніку. Паездку для рабят дапамагала арганізаваць педагог-псіхолаг гімназіі Дзіяна Іванаўна Навагродская.
Педагогі стараюцца арганізаваць для рабят розныя экскурсіі, у тым ліку і на прадпрыемствы, каб яны знаёміліся з вытворчасцю, ведалі, наколькі сёння важна стаць адукаваным спецыялістам, каб быць запатрабаваным на рынку працы. Яны ўжо пабывалі ў раённым аддзеле Следчага камітэта, Шчучынскім лясгасе, на шклозаводзе ў Бярозаўцы, у музеі-аптэцы ў Гродне, назіралі за работай лініі па сартаванні цвёрдых бытавых адходаў у Шчучынскім РУП ЖКГ.
Да гэтай пары вучні 9 “Б” класа знаходзяцца пад уражаннем ад экскурсіі, якую арганізавалі для іх спецыялісты прадпрыемства “Праймілк”. Разам з намеснікам дырэктара па якасці Наталляй Аляксандраўнай Куц яны прасачылі ўвесь цыкл атрымання сыроватачна-тлушчавага канцэнтрату, пачынаючы ад паступлення сыроваткі на прадпрыемства і заканчваючы адгрузкай атрыманай прадукцыі.
– Мне было вельмі цікава пабываць на заводзе, – расказвае гімназістка 9 “Б” класа Дар’я Бялко. – Уразілі маштабы вытворчасці. Адразу было не зусім зразумела, якую прадукцыю выпускае прадпрыемства. Так мы нават пакаштавалі сухую сыроватку і цяпер ведаем, што гэта і для якіх мэт выкарыстоўваецца. Шчыра прызнацца, нават задумалася аб тым, чаму б не атрымаць прафесію тэхнолага, каб працаваць на падобным прадпрыемстве.
– А я да таго як наведала “Праймілк” думала, што на заводзе працуе вялікая колькасць людзей, каб сачыць за вытворчасцю, – гаворыць Марыя Кукуруза. – Аказваецца, там усё аўтаматызавана. Кваліфікаваныя спецыялісты толькі кантралююць наладжаны працэс. А яшчэ нават уявіць сабе не магла, што гатовая прадукцыя для рэалізацыі накіроўваецца нават у Японію!
Цалкам згодны з аднакласніцамі і Андрэй Мацко.
– Ведаеце, калі знаёмішся з такой суперсучаснай вытворчасцю, нават ахоплівае нейкі асаблівы гонар за наш невялікі гарадок, – гаворыць Андрэй. – У нашым Шчучыне ёсць такі завод! З яго адкрыццём для гараджан былі адкрыты і новыя працоўныя месцы – гэта ж таксама для нас вялікі плюс.
А педагогі ўжо думаюць над тым, якую новую экскурсію арганізаваць для гімназістаў.
– Мы плануем пабываць у Гродзенскім занальным інстытуце раслінаводства, у Шчучынскай ЦРБ, у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, пазнаёміцца з работай журналістаў у рэдакцыі раённай газеты “Дзянніца”, – гаворыць Ірына Станіславаўна Падгурская. – Нашы рабяты, выбіраючы будучую прафесію, павінны дакладна ўсведамляць, што іх чакае і чым яны будуць займацца. Тым больш, знаёміцца з работай устаноў і прадпрыемстваў заўсёды вельмі цікава.
Ганна РУДСКАЯ.