Камунальнікі ўжо амаль устанавілі на плошчы Свабоды галоўную навагоднюю ёлку раёна
Шчучын актыўна рыхтуецца да сустрэчы Новага года. Камунальнікі ўжо амаль устанавілі на плошчы Свабоды галоўную навагоднюю ёлку раёна вышынёй 16 метраў і хутка займуцца яе ўпрыгожваннем. Паклапоцяцца работнікі РУП ЖКГ і аб тым, каб гарадскі сквер і цэнтральныя вуліцы таксама выглядалі па-святочнаму ярка.
– Сёлета для ўпрыгожвання цэнтральнай навагодняй елачкі мы закупілі ілюмінацыю навейшага фармату 2D, – зазначае намеснік дырэктара РУП ЖКГ Ігар Вячаслававіч Вішнеўскі. – Таксама выкарыстаем шматлікія цацкі, гірлянды і рознакаляровыя шары. Калі мы закончым, наша навагодняя прыгажуня будзе выглядаць адной з самых шыкоўна ўбраных у вобласці!
Камунальнікі ўсталююць новую ілюмінацыю і на фантане ў гарадскім скверы, дзякуючы чаму ён заззяе яшчэ ярчэй. Побач установяць шматлікія каркасныя фігуры розных казачных герояў. Дрэвы таксама ўпрыгожаць рознакаляровымі агеньчыкамі.
– Сёлета па-святочнаму багата аформім і набярэжную насупраць былога палаца Друцкіх-Любецкіх, – гаворыць І.В. Вішнеўскі. – Упэўнены, усё гэта дапаможа гараджанам адчуць набліжэнне свята і падніме настрой!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.