Заззяла агеньчыкамі ёлка ў Астрыне! А на свята сабраўся ўвесь пасёлак

 

Шумна и весела было 8 снежня ў маленькім дэндрапарку Астрыны. Сабралася многа людзей розных узростаў, а галоўнае, што яны ўзялі з сабою цудоўны настрой і добрыя ўсмешкі. Многа было дзяцей, а як жа без іх? Ёлка запаліць свае агеньчыкі!

 

Ды і ёлка не зусім звычайная, яе пасадзілі ў дэндрапарку некалькі гадоў назад. І калі елачка падрасла, знайшоўся нядобразычлівец, які зламаў ёй верхавіну. Усе вельмі шкадавалі і думалі, што вырасце дрэўца непрыгожым. Але ялінка, нібы ў адказ на добрыя да яе адносіны і ўвагу, вырасла такой прыгажуняй, што ўзрадавала ўсіх жыхароў пасёлка. Часта да яе прыходзілі выхаванцы дзіцячага садка і вучні школы, упрыгожвалі цацкамі, вадзілі карагоды. А сёлета яна ўжо стала галоўнай ёлкай пасёлка. І гэта значыць, што яшчэ многа год навагоднія святы будзе ўпрыгожваць свая гадаванка, а не прывазная госця.

 

 

Свята пачалося вясёлай музыкай і добрымі надзеямі на адпачынак. Шмат цёплых слоў сказала астрынчанам старшыня Астрынскага сельвыканкама Наталля Лебядзевіч, пажадала шчаслівых свят і шчыра падзякавала работнікам РУП ЖКГ, мясцоваму прадпрымальніку Міхаілу Журуну за дапамогу ва ўпрыгожванні ялінкі і арганізацыю свята.

 

Потым кіраўніцтва ў свае рукі ўзялі Баба Яга (Наталля Лукіна), Дзядуля Мароз (Стас Сімановіч) і Снягурачка (Антончык Насця). Музыка і песні, танцы і гульні, вясёлыя жарты і розыгрышы, мех цукерак у Дзеда Мароза – весела было ўсім. А што яшчэ трэба ў такі вечар!? Работнікі Астрынскага Дома культуры і тэатральнай творчасці яшчэ раз даказалі, што таленту ім не займаць. Шчыры “дзякуй!” хочацца сказаць гасцям свята са Шчучына і Новага Двара. Яны ўпрыгожылі гэты вечар.

 

Адкрыццё ёлкі прайшло надзвычай насычана, працягвалася амаль дзве гадзіны. Колькі радасці атрымалі людзі! А гэта ж так цудоўна: дарыць радасць. Спадзяемся, што ўсе святы пройдуць ярка, запамінальна і таленавіта.

 

Ганна СЦЯПАНЧАНКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!