Завод “Праймілк” ведаюць і ў Кітаі
Днямі завод “Праймілк” наведала дэлегацыя з Кітая. Для замежных гасцей была арганізавана экскурсія па прадпрыемстве, падчас якой яны мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца з усімі тэхналагічнымі працэсамі і пераканацца ў высокай якасці выпускаемай тут прадукцыі.
– На міжнароднай выставе ў Кітаі мы пазнаёміліся з прадстаўнікамі кампаніі “Olam International” – адным з лідараў сельгасвытворчасці ў свеце, – гаворыць дырэктар завода “Праймілк” Анатолій Станіслававіч Бяляўскі. – Абмеркавалі ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва і заключылі дагавор на пастаўку 750 тон сыроваткі. Першыя 100 тон сыравіны адгрузім на бягучым тыдні. Герметычна запакаваную ў спецыяльныя пакеты прадукцыю ў кантэйнерах даставім па чыгуначнай дарозе у Клайпеду – літоўскі партовы горад. Аддуль морам адправім у Кітай, куды тавар прыбудзе прыкладна праз 40 дзён.
Кампанія “Olam International” цесна супрацоўнічае з вядучымі малакаперапрацоўчымі прадпрыемствамі Беларусі, у якіх закупае да 5000 тон прадукцыі ў месяц. У бліжэйшым будучым кіраўніцтва завода “Праймілк” плануе павялічыць пастаўкі кітайскім партнёрам да 1000 тон сыроваткі, што будзе эканамічна выгадна абодвум бакам.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.