Моладзь – за ўраджай: у Шчучынскім раёне быў узнагароджаны першы малады вадзіцель “тысячнік”
У Шчучынскім раёне быў узнагароджаны першы малады вадзіцель, які перавёз тысячу тон збожжа. Ім стаў 27-гадовы Яўгеній Сівы з філіяла “Жалудоцкі агракомплекс”.
У рамках рэспубліканскага праекта “Моладзь – за ўраджай” Яўгеній быў адзначаны Ганаровай граматай і падарункамі ад БРСМ. Павіншаваць “тысячніка” ў полі прыехала першы сакратар Шчучынскага раённага камітэта БРСМ Віталія Селівончык.
– Праца аграрыяў у перыяд уборачнай мае вялікую каштоўнасць. Складана ўявіць, колькі сілаў аддаюць гэтыя людзі, каб у нас заўсёды быў на стале свежы хлеб. Асабліва прыемна, што свой унёсак ва ўборку робіць і моладзь. На сённяшні дзень у раёне на жніве задзейнічаны 21 малады аграрый ва ўзросце да 31 года, – адзначыла яна.
Рэспубліканскі праект БРСМ “Моладзь – за ўраджай” – гэта спаборніцтвы сярод моладзевых уборачных экіпажаў і маладых вадзіцеляў, занятых на адвозцы збожжа. Мэта праекта – павышэнне прадуктыўнасці працы маладых аграрыяў і заахвочванне іх ініцыятывы.
Яўгеній дасягнуў запаветнай тысячы на айчынным самазвале МАЗ-5551.
– Старэнькі, але не падводзіць! – так пра сваю машыну гаворыць кіроўца. – З запчасткамі праблем няма, таму не скарджуся, думаю, што ў гэтую кампанію пераадолею тры тысячы тон. У гаспадарцы працую чацвёрты сезон. Летась быў задзейнічаны больш на пасяўных работах, а ў гэтым годзе ўжо прымаю актыўны ўдзел у жніве. Мне тут падабаецца, скажам так, гарадское жыццё не для мяне. Я люблю, каб было спакойна, а тут і разумеюць, і дапамагаюць. Пачынаецца мой дзень а сёмай гадзіне раніцы, а палове на восьмую я еду на працу. Спачатку праводжу агляд, калі трэба, то і рамонт машыны, а пасля ўсё залежыць ад надвор’я. Бывае, што дадому вяртаюся толькі пасля дзесяці гадзін вечара. Але ўмовы працы добрыя, мяне задавальняюць.
Па словах Святланы Куцкель, намесніка дырэктара па ідэалагічнай і кадравай рабоце, у філіяле “Жалудоцкі агракомплекс” створаны спрыяльныя ўмовы для маладых і перспектыўных працаўнікоў, прадугледжаны добрыя грашовыя надбаўкі, вялікая ўвага надаецца стварэнню камфортнага побыту для работнікаў.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.