З павагай да класікаў. Напярэдадні 147-годдзя са дня нараджэння Цёткі ў сценах Шчучынскай раённай бібліятэкі адбылася прэзентацыя зборніка “Песнярам Айчыны”
На гэтым тыдні спаўняецца 147 год са дня нараджэння выбітнай беларускай паэткі Алаізы Пашкевіч. Галоўным матывам яе жыцця і творчасці былі любоў да радзімы, служэнне роднаму краю і народу. Праца нашай зямлячкі на карысць беларушчыны не забыта і ўшаноўваецца нашчадкамі.
Напярэдадні 147-годдзя са дня нараджэння Алаізы Пашкевіч у сценах Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі прайшло творчае мерапрыемства “Я буду і сёння з табою гаварыць”. Імпрэза аб’яднала ў сабе сустрэчу жыхароў раёна з паэтамі Гродзеншчыны і прэзентацыю кнігі “Песнярам Айчыны”, якая нядаўна з’явілася ў фондзе бібліятэкі. “Песнярам Айчыны” – гэта зборнік твораў-прысвячэнняў пісьменнікаў Гродзеншчыны класікам беларускай літаратуры. Што цікава, пад вокладкай выдання таксама размясціліся працы студэнтаў Купалаўскага ўніверсітэта. Вядома, у змест зборніка ўвайшлі творы, прысвечаныя і нашай вядомай зямлячцы Алаізе Пашкевіч.
У творчай сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўнікі Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, якія таксама спрычыніліся да распрацоўкі новай кнігі з вершамі, апавяданнямі і эсэ. Так, у раённую бібліятэку завітала адна са складальнікаў зборніка “Песнярам Айчыны”, кандыдат філалагічных навук дацэнт кафедры беларускай філалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы Аліна Сабуць. Разам з ёй у сустрэчы ўзялі ўдзел паэты Мікалай Іваноўскі і наш зямляк з вёскі Матылі, паэт і краязнаўца Уладзімір Руль.
– Безумоўна, выхад кнігі – гэта найвялікшае свята, вялікая сакральная дзея, – адзначае спадарыня Аліна. – Зрэшты, гэта сплочаны пачэсны доўг перад сабою, перад чытачом і перад мастацтвам. Мінулы 2022 год быў знакавы ў многім. Гэта быў год гістарычнай памяці, год ушанавання нашых беларускіх класікаў, без якіх беларуская літаратура і Беларусь не былі б такімі, якія яны ёсць сёння. Таксама мінулы год аказаўся знакавым для нашай абласной літаратурнай пісьменніцкай арганізацыі дзякуючы выхаду зборніка “Песнярам Айчыны”. Для нас пачэсна, што аўтарам прадмовы да зборніка стаў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч. У прадмове пад назвай “Натхненне традыцый” ён высока ацаніў нашу працу і выказаў спадзяванні, што іншыя абласныя пісьменніцкія арганізацыі возмуць сабе за прыклад так ушаноўваць сваіх класікаў.
Падчас сустрэчы Мікалай Іваноўскі пазнаёміў прысутных са сваёй творчасцю і расказаў пра альбомнае выданне, якое стварыў у гонар свайго знакамітага брата-мастака Дзмітрыя Іваноўскага.
Наш зямляк Уладзімір Руль праз вершы падзяліўся з удзельнікамі сустрэчы сваімі перажываннямі за лёс роднай мовы і культуры. Таксама прысутныя пачулі радкі ягонага верша “У гонар Цёткі”.
Акрамя творчай сустрэчы, у Шчучынскай раённай бібліятэцы праходзяць і іншыя актыўнасці, звязаныя з асобай Цёткі. Напрыклад, на вокнах бібліятэкі размясціўся літаратурны вітраж “Цётка: на шляху да вечнасці”. Таксама дзейнічае кніжная выстава “Бліскавіца на небе Шчучыншчыны”, у рамках якой сабраны выданні, звязаныя з асобай Алаізы Пашкевіч. А яшчэ супрацоўнікамі бібліятэкі была адмыслова распрацавана інтэрактыўная гульня “Чорны кот”, мэта якой – праз пытанні і заданні пазнаёміць школьнікаў з біяграфіяй і творчасцю знакамітай паэткі.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.