З надыходзячым Новым годам, ветэраны!
У гэтыя перадсвяточныя дні намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пасюта і старшыня раённага савета ветэранаў Эдмунд Станіслававіч Дзікевіч наведалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, каб павіншаваць іх з надыходзячым Новым годам і ўручыць кветкі і каштоўныя падарункі.
Былая партызанская сувязная Алена Парфёнаўна Сямёнава, нягледзячы на свой паважаны ўзрост – жанчыне хутка споўніцца 98 гадоў – шчыра радавалася сустрэчы з Дзедам Марозам і Снягурачкай, якія прыйшлі разам з прадстаўнікамі раённай улады.
-- Дзякуй вам за свабоду і мірнае неба, -- выказала цёплыя словы ў адрас ветэрана намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пасюта. – Дзякуючы вашай стойкасці і мужнасці сёння мы жывём у незалежнай краіне. Няхай у Новым годзе усе вашы пажаданні абавязкова збудуцца! Шчасця, бадзёрасці і даўгалецця!
Алена Парфёнаўна Сямёнава была вельмі расчулена пачутым у свой адрас. Яна пажадала маладому пакаленню шчучынцаў ніколі не ведаць жахаў вайны.
Сустрэчы з гасцямі была рада і ўдзельніца Вялікай Айчыннай вайны Таццяна Сяргееўна Осіпава.
-- Дзякуй што не забываеце пра тых, хто аддаў усё, што мог, на алтар Перамогі, -- звярнулася да сабраўшыхся Таццяна Сяргееўна. – Вашы ўвага і клопат для нас найлепшы падарунак у Новы год!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.