З любоўю да роднай мовы. Даведаліся, як жыве і даследуецца беларуская мова ў Галавічпольскай сярэдняй школе
Мова – душа народа. Ні для каго не сакрэт, што сённяшні стан беларускай мовы ў нашым грамадстве далёкі ад ідэалу, таму вельмі важна надаваць вялікую ўвагу адукацыі дзяцей на роднай мове. Так лічыць настаўніца беларускай мовы і літаратуры Галавічпольскай сярэдняй школы Святлана Леанідаўна Антухевіч, якая любіць родную мову ўсім сэрцам і перадае гэтую любоў сваім вучням.
Святлана Леанідаўна Антухевіч працуе ў Галавічпольскай СШ з 2014 года. Да гэтага яна была настаўніцай у Хадзілонскай базавай школе. Любоў да роднай мовы ў Святланы з’явілася яшчэ ў маленстве. Бацькі дома размаўлялі па-беларуску, першая настаўніца – таксама. Аднак найбольшы ўплыў на нашу гераіню зрабіла яе класны кіраўнік Марыя Глаўніцкая, якая выкладала беларускую мову і літаратуру.
– З яе вуснаў мы, школьнікі, чулі сапраўдную сакавітую беларускую мову, – кажа Святлана Леанідаўна. – Яна была добрым класным кіраўніком, заўсёды дапамагала і, напэўна, дзякуючы ёй я вырашыла паступіць у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і стаць настаўнікам.
Школа ў Галавічполі – беларускамоўная. Таму ўзровень валодання роднай мовай у тутэйшых вучняў даволі высокі. Як кажа Святлана Антухевіч, выпускнікі школы падчас вучобы ў ВНУ паказваюць добры прыклад і ў далейшым распаўсюджваюць беларускую мову ў сваім асяроддзі.
Варта адзначыць, што ў Галавічпольскай сярэдняй школе добра развіта даследчыцкая дзейнасць. Так, пад кіраўніцтвам Святланы Антухевіч ажыццяўляецца вывучэнне гаворкі жыхароў вёскі Хадзілоні. Святлана Леанідаўна яшчэ ва ўніверсітэце працавала над гэтай тэмай, потым выкарыстоўвала свае напрацоўкі ў школе, дзе развівала іх з дзецьмі.
– Нас, як даследчыкаў, асабліва цікавіць каларытная гаворка пажылых людзей, – адзначае настаўніца, – яна прыгожая і прыцягвае да сябе не толькі сваёй гісторыяй, але і маўленнем.
У Хадзілонях і сёння кажуць: “вангалерка” – так называюць вяскоўцы сліву, “загіжэнец” – такім словам характарызуюць худую, недагледжаную жывёлу. Мову тутэйшых жыхароў напаўняюць вобразныя фразеалагічныя выразы. “Выдзелвацца, як жаба на ражне” – гэта значыць, какетнічаць, хацець прыцягнуць да сябе ўвагу. “Ладкі ладкаваць” – вельмі добра жыць. “Маслы маслаць” – рабіць доўгі час цяжкую работу.
Для таго, каб пашыраць свае навыкі валодання мовай, трэба многа чытаць, асабліва класічныя творы, лічыць Святлана Антухевіч:
– Важна, каб у школах большы акцэнт рабіўся на родную мову. Варта праводзіць больш цікавых мерапрыемстваў па-беларуску.
У гэтым навучальным годзе ў Галавічпольскай сярэдняй школе ўжо прайшло шмат мерапрыемстваў, мэтай якіх была папулярызацыя беларускай мовы. Мясцовыя школьнікі ўдзельнічалі ў чэленджы “Гучы, беларуская, мова!” Шэраг запамінальных мерапрыемстваў сёлета прысвячаўся 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Цікавы факт: у Галавічпольскай школе выпускнікі заўсёды здаюць на ЦТ беларускую мову. Не змянілася сітуацыя і ў гэтым годзе. Сёлета ўсе тамтэйшыя адзінаццацікласнікі будуць спрабаваць свае сілы на цэнтралізаваным экзамене менавіта па беларускай мове. Таму без сумненняў можна казаць, што ў Галавічполі шануюць родную мову.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.