З душой і без бар’ераў. Раённая ўлада зацікаўлена ў стварэнні даступнага асяроддзя і сацыялізацыі людзей з інваліднасцю

Што можа зрабіць улада, каб аблегчыць жыццё людзей з інваліднасцю, дапамагчы ім сацыялізавацца, адчуваць сябе больш самастойнымі і незалежнымі -- роўнымі сярод роўных. Свае канкрэтныя прапановы ў гэтым кантэксце выказвалі прадстаўнікі самых розных ведамстваў на пасяджэнні раённай камісіі па праблемах людзей з інваліднасцю. Намеснік старшыні райвыканкама Алена Пасюта ўважліва выслухала кіраўнікоў сацыяльнай службы раёна, прадстаўнікоў сфер аховы здароўя, адукацыі, грамадскіх арганізацый. Мэта ва ўсіх адна – стварыць у раёне безбар’ерны асяродак, ва ўсім улічваць інтарэсы тых, у каго аслабленае здароўе, фарміраваць у грамадстве пазітыўныя адносіны да людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

 

 Вельмі многае ў нашым горадзе ўжо зроблена. Да прыкладу, ад уезду ў Шчучын з трасы М-6 і да самай райбальніцы праведзены работы па заніжэнні бардзюраў: дзякуючы гэтаму забяспечаны бесперашкодны рух калясачнікаў на працягу чатырох кіламетраў.  Некаторыя дамы, дзе жывуць інваліды-калясачнікі, абсталяваны пандусамі і поручнямі, там расшыраны праёмы дзвярэй, добраўпарадкаваны дваровыя тэрыторыі.

 

-- Такія рэчы вельмі важна лабіраваць яшчэ на стадыі падрыхтоўкі праектаў пры капітальным рамонце жылога фонду. І мы пра гэта не павінны забываць, -- адзначыла Алена Васільеўна. – Што тычыцца безбар’ернага асяроддзя, то яго будзем і далей развіваць. У бліжэйшых планах – вуліца 17 Верасня, дзе таксама будзе праведзена заніжэнне бардзюрнага камня.

 

Была звернута ўвага, што ля новых магазінаў у Шчучыне адведзены спецыяльныя аўтапарковачныя месцы для людзей з інваліднасцю, а вось на аўтавакзале такая інфраструктура адсутнічае, і гэта варта паправіць у самы бліжэйшы час.

 

 

Старшыня раённай арганізацыі БелТІЗ Алена Кавальская выказалася аб неабходнасці агучваць назвы прыпынкаў у гарадскім транспарце: гэта важна для слабавідушчых людзей. Патрабуе карэкціроўкі на больш выразнае агучванне аперацый і гарадскі банкамат. Увогуле, уздымалася вельмі многа пытанняў, на якія часцяком не звяртаюць увагу звычайныя людзі, а вось для чалавека з абмежаванымі магчымасцямі яны перарастаюць у сур’ёзную праблему.

 

-- Менавіта таму мы павінны праяўляць увагу і чуласць адзін да аднаго, згуртоўваць наша грамадства, рабіць усё, каб людзі з інваліднасцю не адчувалі сябе абдзеленымі, не замыкаліся ў чатырох сценах, а займалі актыўную пазіцыю, прымалі ўдзел у сацыяльных праектах, у раённых мерапрыемствах і святах, каб самі выступалі на сцэне, дэманструючы свае таленты, -- лічыць Алена Васільеўна Пасюта.

 

У гэтым напрамку вельмі многае робяць супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а для юных выхаванцаў – педагогі цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Новыя накірункі дзейнасці і ў выкладчыкаў Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў, дзе ўжо не першы год ідзе рэалізацыя сумеснага з літоўскімі калегамі трансгранічнага праекта “Сацыяльная інтэграцыя ўразлівых дзяцей з дапамогай мастацтва”. Так, стварана ўся належная інфраструктура, каб ужо з 1 верасня ў ДШМ маглі займацца музыкай і выяўленчым мастацтвам дзеці з асаблівасцямі. Прычым, на бясплатнай аснове.

 

Ствараць умовы для сацыялізацыі людзей з інваліднасцю, аказваць ім падтрымку ў працаўладкаванні, у набыцці тэхнічных сродкаў рэабілітацыі, псіхалагічную дапамогу – такія задачы паставілі члены раённай камісіі па праблемах людзей з інваліднасцю. Дзякуючы міжведамаснаму ўзаемадзеянню і непадробнай зацікаўленасці гэтыя намечаныя планы будуць ажыццяўляцца.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 

 

Будзьце ў курсе!

Па пытаннях абслугоўвання на даму сацыяльным работнікам або пры жаданні быць залічаным у аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту, можна пазваніць у ТЦСАН па тэлефонах 21-0-85 і 21-0-80.

 

 

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!