З цёплымі эмоцыямі ў новы навучальны год! У Васілішкаўскім доме-інтэрнаце прайшла ўрачыстая лінейка, прымеркаваная да Дня ведаў

 

Шмат цёплых віншаванняў і шчырых словаў падзякі прагучала на ўрачыстай лінейцы, прымеркаванай да Дня ведаў, якая прайшла ў Васілішкаўскім доме-інтэрнаце для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

 

 

Па традыцыі ў першы восеньскі дзень павіншаваць асаблівых дзетак прыехалі ганаровыя госці з падарункамі: старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Вольга Сядзельнік, намеснік начальніка ўпраўлення КДБ Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці Сяргей Чыкірыс, намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Таццяна Цюсіна, начальнік упраўлення па працы занятасці і сацыяльнай абароне Шчучынскага райвыканкама Андрэй Навіцкі, старшыня Шчучынскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Юрый Пашук і часова выконваючы абавязкі па пасадзе начальніка Шчучынскага аддзела Дэпартамента аховы Аляксандр Цыбульскі.

 

 

З цёплымі словамі да дзяцей звярнулася Вольга Сядзельнік:

 

– Зусім нядаўна, у пачатку чэрвеня, было дзіцячае свята. Тады стаяў выдатны летні дзень. Учора лета скончылася, і наступая не менш цікавая пара – пара навучальнага года, калі ўсе нашы дзеткі будуць ахоплены вучобай. Дарагія дзеці, я хачу пажадаць вам у новым навучальным годзе новых перамог, дасягненняў, поспеху і вялікага здароўя. А настаўнікам хочацца пажадаць аддаваць дзецям усю сваю цеплыню і дабрыню. Жадаю вам усім мірнага неба і стваральнай працы на карысць не толькі вашай установы, але і ўсёй нашай краіны.

 

 

Пасля цёплых пажаданняў Вольга Сядзельнік уручыла дырэктару дома-інтэрната Здзіславу Янкевічу грашовы сертыфікат. Гэтыя сродкі пойдуць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

 

 

Таксама да прысутных звярнуўся Сяргей Чыкірыс:

 

– Добры дзень паважанаму персаналу ўстановы, паважаным дзецям і запрошаным гасцям. Хачу ў першую чаргу павіншаваць вас усіх са святам. 1 верасня – гэта традыцыйна хвалюючы дзень. Заўсёды гэты дзень азнамяноўваў сабой новыя дасягненні і нешта новае, невыведанае, што мы вывучалі на ўроках. Даражэй за дзяцей няма нікога і нічога. Беларуская дзяржава заўсёды падтрымлівала і будзе падтрымліваць кожнае дзіцё, бо ў гэтым наша будучыня, дзеля якога мы жывем.

 

 

Ад ўпраўлення КДБ Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці Сяргей Чыкірыс перадаў дому-інтэрнату ключы ад новага аўтобуса. Як адзначыў Здзіслаў Янкевіч, гэты транспарт дапаможа выхаванцам установы вывучаць родную Беларусь не толькі тэарытычна на ўроках, але і практычна ў падарожжах.

 

 

Таксама дзеці атрымалі падарункі ад раённага кіраўніцтва. Як заўважыла Таццяна Цюсіна, місія педагогаў, якія працуюць у доме-інтэрнаце, бязмерна важная. Дзякуючы іх старанням дзеці ў інтэрнаце вучацца ўсяму самаму галоўнаму і становяцца сапраўднымі патрыётамі сваёй зямлі.

 

 

Пасля лінейкі для дзетак было арганізавана тэатралізаванае прадстаўленне пад назвай “Скрынка ведаў”. Галоўная думка, якую хацелі данесці ўдзельнікі міні-спектакля, веды – найважнейшы скарб сучаснага грамадства. Разам з акцёрамі на сцэне амфітэатра пад адкрытым небам выступілі таксама і выхаванцы ўстановы. Яны весела танчылі і, па ўсім відаць, атрымлівалі задавальненне ад шчырых апладысментаў сваіх сяброў, якія размясціліся на месцах гледачоў.

 

 

Дзяцей парадавалі цікавыя конкурсы, на якіх самыя актыўныя маглі сабраць сабе ранец у школу і паўдзельнічаць у эстафеце. Закрывалі мерапрыемства танцавальны флэшмоб і песня.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!