З цеплынёй у сэрцы. Святочны канцэрт у рамках акцыі “Ад усёй душы” прайшоў у аддзяленні кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у Астрыне

 

На Шчучыншчыне працягваецца рэспубліканская акцыя “Ад усёй душы”. Гэтым разам дабрачынны марафон завітаў у аддзяленне кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у Астрыне. Падарункі, святочны канцэрт, шчырыя пажаданні і віншаванні былі адрасаваны насельнікам аддзялення.

 

Шмат гасцей сабраў канцэрт, які арганізавалі работнікі Шчучынскага цэнтра культуры і народнай творчасці. Раздзяліць святочную радасць з людзьмі ганаровага ўзросту прыехалі старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Сяргей Шлычкоў, старшыня Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Віктар Лісковіч, намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Яўгеній Вінча, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Прафсаюза “Белпрофмаш” Алеся Цыдзік і прадстаўнікі раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў.

 

 

Вясёлыя песні суправаджаліся шчырымі ўсмешкамі слухачоў. Артысты Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці пастараліся парадаваць пажылых людзей добра знаёмымі і любімымі ўсімі навагоднімі песнямі.

 

– Хачу пажадаць вам, каб у гэтыя святы вы хаця б на хвілінку акунуліся ў той чароўны свет, які нясуць гэтыя святы, – звярнуўся да прысутных Віктар Лісковіч. – Кожны з вас пражыў вялікае жыццё, выхаваў дзяцей, унукаў і пакінуў пасля сябе самую галоўную спадчыну – людзей, які працягваюць жыць і працаваць у нашай краіне. Дзяржава зрабіла ўсё неабходнае для таго, каб вы былі ў цяпле, каб вам аказвалася медыцынская дапамога, каб вы не адчувалі сябе ў адзіноце. Гэтае месца – ваш другі дом і тут з любоўю ставяцца да вас.

 

 

Да віншаванняў далучыўся Сяргей Шлычкоў, ён адзначыў важную ролю старэйшага пакалення ў тых дасягненнях, якія мае наша краіна сёння. Надзвычай важна клапаціцца аб сваіх бацьках і дзядах, бо такім чынам мы таксама паказваем добры прыклад нашай моладзі.

 

 

Дабрачынная акцыя “Ад усёй душы” ужо стала своеасаблівым прыкладам сувязі паміж пакаленнямі – прыкладам пераемнасці традыцый. Слодычы, розныя патрэбныя прадметы, грашовыя сертыфікаты на паляпшэнне матэрыяльнай базы аддзялення кругласутачнага знаходжання і бытавая тэхніка сталі прыемнымі падарункамі насельніка аддзялення ад гасцей мерапрыемства. Вялікая колькасць прэзентаў з’яўляецца не толькі добрым жэстам увагі да пажылых людзей, але і ў значнай ступені паляпшае якасць іх жыцця.

 

 

Галоўным здабыткам святочнай імпрэзы можна лічыць шчырую радасць людзей старэйшага пакалення, якія заўсёды радыя гасцям. Вельмі добра, што адчуць чароўны дух свята можа кожны чалавек незалежна ад узросту.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!