І сэрцы іх сагрэліся цяплом. Святочны канцэрт, прымеркаваны да акцыі “Ад усёй душы”, прайшоў у Астрынскім аддзяленні кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў
На Шчучыншчыне працягваецца рэспубліканская акцыя “Ад усёй душы”, якая мае на мэце падарыць радасць пажылым людзям. Шмат мерапрыемстваў ужо было праведзена ў рамках гэтай дабрачыннай ініцыятывы. Зусім нядаўна акцыя ў чарговы раз завітала да насельнікаў аддзялення кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у Астрыне.
З падарункамі і цёплымі пажаданнямі да людзей старэйшага пакалення ў Астрыну завіталі старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Сяргей Шлычкоў, дырэктар Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі Раіса Сухарукава, галоўны спецыяліст па арганізацыйнай рабоце Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза галін прамысловасці “БЕЛПРАФМАШ” Аксана Пачынчык, настаяцель Спаса-Праабражэнскай царквы ў Астрыне протаіерэй Алексій Талмазан. Таксама на мерапрыемства прыйшлі прадстаўнікі раённай улады і грамадскіх арганізацый Шчучыншчыны на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Ганнай Хвядзюк.
Увага і дапамога старэйшаму пакаленню – наш важны абавязак. Добра, што неабыякавыя людзі стараюцца праявіць клопат і стварыць святочную атмасферу для адзінокіх пажылых людзей, якія з вялікай падзякай ставяцца да такой увагі да сябе і радуюцца гэтым імгненням.
Шчырыя пажаданні і, вядома ж, падарункі сталі ўпрыгажэннем мерапрыемства: госці прывезлі слодычы і розныя патрэбныя прадметы, а таксама грашовыя сертыфікаты на паляпшэнне матэрыяльнай базы аддзялення кругласутачнага знаходжання.
Прыемным падарункам таксама стала канцэртная праграма ад артыстаў Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, якія парадавалі пажылых людзей добра знаёмымі і любімымі песнямі.
Як адзначыў Сяргей Шлычкоў, увага да старэйшага пакалення – гэта вельмі важна. Мы павінны пастаянна клапаціцца аб нашых бацьках і дзядах.
– Падчас сённяшняга мерапрыемства не раз было заўважана, што менавіта дзякуючы старэйшаму пакаленню мы маем сёння краіну, якой можам ганарыцца, – кажа Сяргей Уладзіміравіч. – А ганарыцца сапраўды ёсць чым: распрацоўкамі ў галіне высокіх тэхналогій, касмічнымі поспехамі, фундаментальнай фізікай, ядзернай энергетыкай, авіяцыяй і шмат чым яшчэ. І ў гэтым вялікая заслуга пажылых людзей. У кожнага з нас у жыцці былі і ёсць настаўнікі, якія не толькі вучылі нас у школах ці ўніверсітэтах, але і дапамагалі ў тым, каб стаць сапраўдным чалавекам. Узяўшы лепшае ад іх, мы перадаем гэтыя веды і досвед наступнаму пакаленню. Калісьці старэйшае пакаленне клапацілася аб нас, а сёння ўжо нашая чарга дапамагаць ім. Такім чынам мы паказваем добры прыклад нашчадкам.
Пасля канцэртнай і віншавальнай праграмы насельнікі аддзялення кругласутачнага знаходжання сабраліся за ўтульным і святочным салодкім сталом. З кубкам гарбаты бабулькі і дзядулькі шчыра пагутарылі і абмеркавалі свае надзённыя пытанні. Іх сэрцы, поўныя цеплыні, запомняць гэтыя хвіліны радасці надоўга.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.