Ён вельмі любіў жыццё…
25 кастрычніка майму бацьку Уладзіміру Мікалаевічу Фядотаву –журналісту і пісьменніку – споўнілася б 90 год. Аднак у маёй памяці ён назаўсёды застаўся маладым – мінула больш за паўвека, як ён пайшоў з жыцця. Выходзіць, пасля яго адыходу прайшло ўжо больш часу, чым доўжылася ягонае жыццё. А людзі памятаюць яго. Нездарма ж кажуць: чалавек жыве на зямлі, пакуль жыве памяць аб ім.
І я вельмі даражу гэтай памяццю, якая прарываецца ў шчымлівых радках сяброў-паэтаў, у нечаканых успамінах знаёмых і незнаёмых мне людзей, у сціплых букеціках з дзвюх пар кветак на магіле…
Хто ведаў Уладзіміра Фядотава, гавораць аб ім з цеплынёй, адзначаюць яго дабрыню і тактоўнасць, прыстойнасць і таварыскасць, жыццялюбства і адданасць любімай справе. Бацька быў выдатным журналістам, пісаў лёгка, вобразна, закранаў актуальныя тэмы. Ён бываў у самых аддаленых вёсках раёна, знаходзіў цікавыя лёсы, проста і захапляльна расказваў пра вяскоўцаў, усхваляў іх працавітасць і талент, у той жа час востра ўзнімаў надзённыя праблемы, аб’ектыўна выкрываў негатыўныя з’явы. З цікавасцю перачытваю яго артыкулы, што друкаваліся на старонках “Савецкай вёскі” ў 60-ыя гады. Уладзімір Фядотаў арганізаваў пры газеце літаб’яднанне, куды прыцягваў мясцовых паэтаў, а яшчэ ён быў старшынёй прафкама работнікаў культуры, умеў згуртаваць вакол сябе творчых людзей, быў натхняльнікам цікавых паездак, вечароў паэзіі. Усё гэта, можа, было і залішне для яго натруджанага сэрца, але жыць інакш гэты чалавек не мог.
Жыццялюб, душа кампаніі, пяшчотны муж і клапатлівы бацька – такім быў Уладзімір Фядотаў. Частымі гасцямі ў нашым доме былі татавы калегі і сябры. Для іх заўсёды знаходзіўся і смачны пачастунак, і цёплае слова. А па вечарах тата сядаў у зручнае крэсла, раскладваў на століку белыя лісты і запраўляў чарніламі аўтаручку. Адзін за адным спісаныя лісты адкладваліся ўбок. Так нараджаліся дакументальныя аповесці…
На жаль, мой тата не патрымаў у руках ніводную са сваіх кніг. Праз тыдзень пасля яго смерці ўбачыла свет першая кніга “Мёртвыя застаюцца жывымі”. Гэтая дакументальная аповесць расказвае пра самаадданую барацьбу жыхароў вёскі Вялікая Воля, што мясцілася на беразе Шчары, з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, пра дзікую расправу, якую ўчынілі гітлераўцы над вяскоўцамі.
Тэма вайны была блізкай Уладзіміру Фядотаву. Ён з пакалення, якое са школьнай парты крочыла ў агонь вайны. У 1942 годзе вялікая сям’я Фядотавых знаходзілася ў партызанскім атрадзе брыгады Героя Савецкага Саюза Караткіна, што дзейнічала на Віцебшчыне. Дванаццацігадовы Валодзя быў сувязным у атрадзе, выконваў вельмі адказныя даручэнні. Партызанскае дзяцінства пакінула цяжкі след у душы майго бацькі, падарвала здароўе. Гэта яго расстралялі акупанты на сельскай дарозе, гэта на яго вачах забілі бацьку, майго дзеда Мікалая. Тата цудам застаўся ў жывых, але вайна намнога скараціла яго жыццё, пакінуўшы ў спадчыну хворае сэрца.
Пра гэта ён расказаў у сваёй другой аповесці “Сорак дзён”, якая была выдадзена ў 1973 годзе выдавецтвам “Мастацкая літаратура”. Праўдзівы расказ аб сарака днях жыцця пацыентаў санаторнага ізалятара не можа не крануць чытачоў. У вобразе хворага журналіста, ад імя якога вядзецца аповед, без цяжкасці пазнаецца мой бацька. Паралельна паказаны лёсы людзей, якія прайшлі скрозь агонь вайны, што апальвае іх сэрцы і трывожыць старыя раны праз многія гады. Аўтар тонка і глыбока раскрывае няпростыя характары сваіх герояў. Вельмі цёплую прадмову да гэтай аповесці напісаў Васіль Быкаў.
З дзяцінства я запомніла пах друкарскай фарбы і крутую лесвіцу ў цемнаватым рэдакцыйным калідоры, па якой паднімалася на другі паверх і бегла ў кабінет да таты. З цікаўнасцю разглядвала макеты газетных палос, свінцовыя гранкі і вялізную настольную лямпу. Будучы дзяўчынкай, я і падумаць не магла, што мае радасныя экскурсіі ў рэдакцыю хутка закончацца. Зімой 1967-га шчучынцы праводзілі ў апошні шлях Уладзіміра Фядотава. Развітацца прыйшоў увесь горад, бо людзі добра ведалі яго і паважалі за справядлівасць, дабрыню душы, шчырае жаданне дапамагчы.
Уступаючы ў дарослае жыццё, я не вагалася ў выбары прафесіі: цвёрда ведала, што стану журналістам, як тата. І мая мара спраўдзілася.
Журналісцкая праца надзвычай цяжкая. Колькі было бяссонных начэй, нахлынуўшых эмоцый, нястрыманых слёз ад пранікнення ў чужыя лёсы, такія цяжкія, парой трагічныя. Я любіла пісаць пра людзей, асабліва пра прадстаўнікоў ваеннага пакалення, гераічнага, нязломнага. Як жа часта ўспамінала бацьку, як мне не хапала яго парад і падказак.
Няўмольна бяжыць час. Мала ў каго са шчучынцаў захаваліся кнігі У. Фядотава. Якая ж была ў мяне радасць, калі ў 2015 годзе да Дня беларускага пісьменства (які праходзіў тады ў нашым Шчучыне) выдавецтва “Мастацкая літаратура” перавыдала аповесць “Мёртвыя застаюцца жывымі”. Так што кніга майго бацькі зноў знайшла чытачоў.
За сваё кароткае жыццё Уладзімір Фядотаў многае паспеў зрабіць, а самае галоўнае – ён увекавечыў у сваіх кнігах пра вайну подзвіг землякоў.
Ала ФЯДОТАВА.
Фота з сямейнага архіва.