Яны дораць радасць. У Шчучыне прайшоў традыцыйны навагодні конкурс на лепшага Дзеда Мароза і Снягурку

Сёння плошча Свабоды ў Шчучыне ператварылася ў сапраўдны казачны свет, а ўсё таму, што каля галоўнай ёлкі раёна прайшоў традыцыйны навагодні конкурс на лепшага Дзеда Мароза і Снягурку. Канкурсанты прайшлі святочным парадам па цэнтры горада і парадавалі не толькі маленькіх, але і дарослых шчучынцаў.

 

Сёлета за ганаровае званне лепшых казачных персанажаў пазмагаліся сем калектываў. Канкурсанты паказалі сваё акцёрскае майстэрства і стварылі святочны настрой для дзетак.

 

 

Разам са шматлікімі казачнымі персанажамі Дзяды Марозы і Снягуркі вадзілі карагоды, спявалі песні, гулялі з хлопчыкамі і дзяўчынкамі ў розныя актыўныя гульні, слухалі іхнія вершыкі і частавалі юных гасцей мерапрыемства слодычамі. Усе канкурсанты аднесліся да сваіх выступаў адказна і творча, а інакш і быць не можа, калі твая публіка – дзясяткі маленькіх ззяючых вочак.

 

 

Таксама на мерапрыемства завіталі супрацоўнікі Шчучынскага РАНС і райгаза. У гульнявой форме яны тлумачылі дзеткам асноўныя правілы бяспекі.

 

 

Перад членамі журы стаяла складаная задача, аднак пераможцы і прызёры конкурсу былі вызначаны. Так, самым лепшым прызналі выступ навагодняга калектыву цэнтральнай раённай аптэкі № 6, другое месца ў прадстаўнікоў Ляшчанскай сярэдняй школы, а замкнуў тройку самых калектыў Першамайскага Дома культуры.

 

 

Прызавых месцаў на ўсіх не хапіла, аднак, упэўнены, што самай галоўнай узнагародай для ўдзельнікаў мерапрыемства сталі дзіцячыя смех і радасць. Дык няхай жа ў новым годзе дзіцячы смех гучыць званчэй, а вочкі ззяюць ярчэй!

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!