Янчукі – вёсачка Янаў?

На дварэ – лістапад. Дрэвы амаль скінулі сваё прыгожае рознакаляровае восеньскае ўбранне, апусцелі палеткі. На вуліцы сыра і холадна. А мы, нягледзячы ні на што, зноў збіраемся ў дарогу. Праўда, зусім блізка ад райцэнтра – у суседні Шчучынскі сельсавет. Яго старшыня Станіслаў Яўгенюшавіч Возны ўсё ніяк не мог вызначыцца, у якую вёсачку нам накіравацца.
– Дык у нас жа ўсюды людзі добрыя жывуць, – прыводзіў мне важкі аргумент. – Куды ні паедзь – ёсць і моладзь, і старажылы, і майстры адмысловыя. І свае населеныя пункты даглядаюць, каля сядзіб парадкі наводзяць. А ёсць і зусім маленькія вёсачкі, дзе па пяць-дзесяць чалавек жывуць.
Спыніліся на Янчуках – малой радзіме Станіслава Яўгенюшавіча. А наведацца вырашылі да доўгажыхарак, як аказалася, бабулек вельмі прыемных, працавітых і гаваркіх.

Знайшла мужа … у краўчыхі
У маі гэтага года Марыя Янаўна Куроўская адзначыла сваё 85-годдзе. Толькі гледзячы на гэту карэнную жыхарку Янчукоў зусім не скажаш, што яшчэ пяць год, і ёй будзе дзевяноста. Акуратненькая хатка, чысціня ў пакоях. Сама гаспадыня толькі вярнулася з касцёла і ветліва запрашае ў дом. Мы ўладкоўваемся ва ўтульнай гасцёўні і з цікавасцю слухаем расказ бабулі пра яе жыццё-быццё.


– Я нарадзілася ў вялікай, дружнай сям’і, – гаворыць Марыя Янаўна. – Усіх нас у бацькоў было дзевяць дзяцей – сем дзяўчат і два хлопцы. Жыць, канечне ж, было цяжка. Помню, прыйдзем з работы, бяжым у лес, назбіраем ягад па бідончыку і так з малаком наямося! Калі бацькі ўступілі ў калгас, нашмат лягчэй стала. Тата спачатку працаваў конюхам, потым яго кладаўшчыком паставілі. Грошай плацілі мала, заработную плату выдавалі зернем – так тады за работу ў гаспадарцы разлічваліся. Трымалі сваю гаспадарку: і кароўкі, і свіней, і птушку. Мама, бывала, яйкі прадавала, каб дзе якую капейку зарабіць. Дзяўчат жа многа было, усім добра апранацца хацелася. І ткалі самі. А замуж я пайшла ў Падражанку. Але дом для сваёй сям’і вырашылі будаваць тут, на маёй малой радзіме, у Янчуках. Мне хацелася быць бліжэй да сваіх бацькоў. 
Муж Марыі Янаўны быў сапраўдным гаспадаром, і дом сваімі рукамі пабудаваў. А пазнаёміліся яны, можна сказаць, выпадкова. Марыя Янаўна разам з сяброўкай павезла ў Падражанку шыць сукенку да яго братавой, якая была добрай краўчыхай. Там і ўбачыла свайго Янка. А хлопец жартаўніком аказаўся: схаваў ровары, на якіх дзяўчаты прыехалі. Другая сустрэча з будучым мужам адбылася на танцах у Янчуках. У Марыі Янаўны ўжо быў хлопец, аднак гэта ніколькі не спыніла настойлівага кавалера. Танцы ладзіліся ў чацвер, а ў суботу Янак зноў прыехаў у Янчукі і … прапанаваў Марыі руку і сэрца. 
– Я – у слёзы, – успамінае Марыя Янаўна. – Страшна мне было прымаць такое рашэнне. Алё ён не адступаў, і ў рэшце рэшт я згадзілася. Жылі добра, у мужа рукі былі залатыя. Да апошняга дня кошыкі плёў з дроту, адзін на ўсю акругу. 
Марыя Янаўна з мужам шмат год прарабілі на ферме ў Янчуках. За працу плённую яна не раз атрымлівала      ўзнагароды. Выгадавалі траіх дзяцей. Старэйшы сын жыве ў Слоніме, у дзвюх яго дарослых дачушак ужо таксама свае сем’і. Малодшы застаўся ў Янчуках. Купіў дом, абуладкаваў яго сваімі рукамі. Часта наведваецца да матулі і дачка. Самая вялікая радасць бабулі – пяць унукаў і дзве праўнучкі. 
У свае 85 год Марыя Янаўна жыве адна. Ужо дзявяты год, як пайшоў з жыцця яе муж. Але яна яшчэ садзіць агарод, а сёлета нават сама бульбу з “цаліка” выкапала. 
Звяртаю ўвагу на незвычайны посуд у буфеце гаспадыні. 
– Гэта вазы, тортніцы, падсвечнікі, – расказвае Марыя Янаўна. – Мы з мужам прыдумвалі і плялі. Аснову рабілі з калочкаў і апляталі рознакаляровым дротам. 

Дыванок ад мясцовай майстрыхі

Уладзіслава Міхайлаўна Бакун нарадзілася ў вёсцы Лунна, дзе жылі яе бацькі. У свой час яе тата пакінуў свой невялічкі надзел зямлі непадалёку Астрыны братам і пайшоў служыць да ксяндза ў Лунна. Мама там працавала даяркаю. Вайна прымусіла сям’ю Уладзіславы Міхайлаўны пераехаць на радзіму мамы ў Янчукі. 
Вучылася дзяўчынка спачатку ў школе, якая мясцілася ў суседнім доме, а потым – у Дамуцеўцах. Закончыла чатыры класы і далей ужо нікуды не пайшла. Бацька паехаў на заработкі і ў сям’ю ўжо не вярнуўся. Дзеці як маглі дапамагалі матулі: і гаспадарку даглядалі, і дровы нарыхтоўвалі, і ўся работа па доме была на іх плячах. 


– Нас было чацвёра – тры сястры і брат, – расказвае Уладзіслава Міхайлаўна. – Мама расціла нас адна. Калі яе не стала, зусім цяжка прыйшлося. Старэйшая сястра выйшла замуж, малодшая – разам з мужам пераехала аж пад Баранавічы, стварыў сваю сям’ю і брат. Таму калі да мяне пасваталі хлопца з Быкаўкі, а ў Янчуках жылі яго родныя, я згадзілася. 
Працавала Уладзіслава Міхайлаўна разам з мужам у мясцовай гаспадарцы і ў паляводстве, і на цялятніку. Абодва былі ўдарнікамі Камуністычнай працы, не аднойчы атрымлівалі Ганаровыя граматы за поспехі ў раённым спаборніцтве і іншыя ўзнагароды. 
Часта ўспамінае бабуля сваю маладосць.
– Якая была весялосць, якая дружба! – гаворыць бабуля. – Сена грабіць ідзём ці едзем – песні не сціхаюць! Якую б работу не рабілі – усе разам, усе з настроем. Цяпер, як сыдземся з суседкамі, так многае ў памяці ўсплывае. Хіба ж сёння так жыве моладзь? 
Дзеці Уладзіславы Міхайлаўны жывуць непадалёку: сын – у Шчучыне, дачка – у Навасёлках. Багатая бабуля на ўнукаў – іх у яе шасцёра, і ўжо трое праўнукаў.
У свабодны час, а яго цяпер многа, як гаворыць сама гаспадыня, пляце яна дыванкі са старога адзення і з пустых малочных пакетаў. Любіць паглядзець тэлевізар, а таксама паслухаць радыё. Толькі зрок ужо не той. Дзеці часта наведваюць матулю, асабліва калі яна хварэе ці ёй патрэбна дапамога. А сама бабулька марыць пра тое, каб скінуць гадкоў дзесяць і адчуць сябе поўнай сіл. Ух, колькі б яна тады спраў перарабіла! 

“Я абажаю свае Янчукі!”
Ярэну Янаўну Мішкель мы са Станіславам Яўгенюшавічам дома не засталі.
– Напэўна, яна дзесьці каля кароў будзе, – выказаў меркаванне старшыня сельскага Савета. – Яна ж ні хвіліны не пасядзіць без справы. І гэта ў свае 82!


І не памыліўся! Ярэна Янаўна была ўся ў рабоце: буракі ўладкоўвала, якія нядаўна са свайго гарода даставіла на падворак. Але пагутарыць згадзілася – трэба ж хоць хвілінку адпачыць.
– У сем годзікаў я засталася без таты, – расказвае Ярэна Янаўна. – Калі вайна закончылася, мы ўсе пахварэлі на тыф. Тады ў адзін дзень не стала таты і маёй сястры – яны памерлі ад гэтай страшнай хваробы. Мама нас даглядала, але, на шчасце, не заразілася. Мы – тры сястры – выжылі. Трымалі кароўкі. Але ў пасляваенныя гады пачаліся масавыя крадзяжы: у нас укралі каня, зерне, адзенне, іншыя рэчы. Нягледзячы на голад, мы ўсё вытрымалі.
Ярэна Янаўна з сястрой працавалі ў калгасе. Яна заўсёды была ў перадавіках. Жыць было вельмі цяжка, і дзяўчына вырашыла паехаць на заработкі ў Архангельскую вобласць. Працавала разам з лесарубамі, абрубвала сукі на спілаваных дрэвах і нядрэнна зарабляла. Частку грошай адпраўляла маме і сёстрам. Праз год вярнулася і зноў уладкавалася ў гаспадарку. Неўзабаве склаліся ў яе адносіны з мясцовым хлопцам – Эдуардам Мішкелем з Барташоў, за якога яна і выйшла замуж. Нарадзіліся ў іх дзве дзяўчынкі. Праз некаторы час сям’я Мішкеляў купіла дом у Янчуках. 
– Працавала я на ферме ў Янчуках, – працягвае Ярэна Янаўна. – Работа мне вельмі падабалася, дый і зарплата дастойная была. Жылі нядрэнна. Толькі ў 51 год пайшоў з жыцця муж, і я засталася адна. Аднак дзяцей падняла: Ірына стала геолагам і жыве ў Краснаярску, а Людміла засталася на малой радзіме і працуе бухгалтарам у Шчучыне.
Да гэтага часу Ярэна Янаўна трымае карову і цялушку і апрацоўвае вялікую колькасць зямлі каля дома. Сама косіць і даглядае кароў і свіней.
– Сеем 20 сотак ячменю, 20 сотак бульбы, кармавыя буракі, кабачкі і іншыя расліны, – гаворыць бабуля. – Дапамагаюць дачка, зяць, унучка. Амаль уся мая пенсія ідзе на пасадкі і апрацоўкі, таму што тэхніку мы наймаем. Але я не расслабляюся: без работы жыць не магу!
Я слухала расказ гэтай бабулі пра сваё ой якое няпростае жыццё і здзіўлялася толькі аднаму: яна ні на што не скардзілася, не наракала на лёс. Ад яе зыходзіў адзін пазітыў, вось дзе чалавек-аптыміст! 
– Нам цяпер няма чаго скардзіцца! – рэзюмавала бабуля. – Пенсію дзяржава плаціць дастойную, аўталаўка прадукты прывозіць, аўтобус ходзіць тры разы на дзень, да касцёла можна дабрацца без праблем. Што яшчэ трэба? Мне здаецца, што нідзе няма так, як у нашых Янчуках. Чысціня, парадак, прыязныя людзі – я абажаю сваю вёсачку!
На жаль, ніхто са старажылаў не ведае, чаму гэта вёска некалі атрымала такую назву. Можна толькі меркаваць, што калісьці тут жыло шмат мужчын з іменем Ян. А можа такое імя насіў першы яе жыхар? Усё гэта толькі гіпотэзы. Як бы там ні было, Янчукі – прыгожая, акуратная вёсачка, якая раскінулася на даволі значнай тэрыторыі. Адна яе частка – дамы, пабудаваныя шмат дзесяцігоддзяў таму, а другая – адносна новыя. І ў яе – свая гісторыя, як і ў людзей, якія тут жывуць, людзей з адкрытымі душамі і чыстымі сэрцамі.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!