Якая яна, шчучынская моладзь? Пра дзейнасць Шчучынскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” расказала першы сакратар Вікторыя Куцэйка

Чым быў знамянальны для шчучынскай моладзі мінулы год і якім выдасца 2020? Пра гэта мы пагутарылі з першым сакратаром РК БРСМ Вікторыяй Куцэйкай.

 

– Вікторыя, якая яна, наша моладзь?

 

– Актыўная! Мы заўсёды на перадавой (усміхаецца). Хлопцы і дзяўчаты працуюць і вучацца, служаць Айчыне і выхоўваюць дзяцей, удзельнічаюць у самых значных падзеях рэгіёна, даюць жыццё велізарнай колькасці цікавых і карысных для моладзі праектаў.

 

 

– Кожны год прыносіць у скарбонку РК БРСМ новыя ўзнагароды. Вось, да прыкладу, Вы атрымалі падзяку ад ЦК ГА “БРСМ” за арганізацыю работы па павышэнні прававой культуры і электаральнай актыўнасці моладзі. Дзе яшчэ ў гэтым годзе “засвяціліся” нашы актывісты?

 

– Мы працавалі вельмі плённа. Па выніках мінулага года наш РК БРСМ узнагароджаны дыпломам 3 ступені ў конкурсе на лепшы тэрытарыяльны камітэт Гродзенскай абласной арганізацыі БРСМ. Такі вынік – наша агульная праца і сумесныя намаганні.

 

 

– У нашай газеце не раз пісалі пра розныя раённыя і рэспубліканскія акцыі. Якія з іх сталі самымі маштабнымі для моладзі Шчучыншчыны?

 

– Нашы рабяты актыўна ўдзельнічаюць у маштабнай акцыі рэспубліканскага маладзёжнага праекта “#ЗаДело” пад эгідай БРСМ. Школьнікі, маладыя шчучынцы добраўпарадкоўваюць тэрыторыі каля школ, акультурваюць паркі і скверы, даглядаюць помнікі і мемарыяльныя комплексы. Атрад “Молния” сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя стаў пераможцам абласнога конкурсу ў намінацыі “Лепшы моладзевы атрад аховы правапарадку па ўзаемадзеянні з МНС РБ”, моладзевая каманда “Вышэйшая Ліга” перамагла ў абласной інтэлектуальнай гульні, прысвечанай 975-годдзю горада Навагрудка, маладая сям’я Янковіч з г.п. Астрына заняла першае месца ў абласным этапе і другое ў фінале рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла-2019”, каманда СШ №3 г. Шчучына заваявала гран-пры ў абласным конкурсе паветраных змеяў “Пёстрое небо”.

 

 

Вызначыліся маладыя шчучынцы ў рэгіянальным этапе рэспубліканскага праекта “100 ідэй для Беларусі”, перамаглі ў абласным сэлфі-конкурсе “# Галасую” і ў абласным фотаконкурсе “Аўта Лэдзі”, у рэспубліканскім конкурсе “Слова першае ў жыцці”. Мы прымалі актыўны ўдзел у акцыях “Нашы дзеці” і “Цуды на Каляды”. У намінацыі “Лепшы сельскагаспадарчы атрад” адзначаны падзякай студэнцкі сельскагаспадарчы атрад імя Пятра Жукоўскага з г.п. Астрына.

 

 

– Мы разам з вамі сочым за поспехамі валанцёрскага атрада “Продвижение” Астрынскай сярэдняй школы імя А.С. Пашкевіч.

 

– Так, гэтыя рабяты вельмі актыўныя. Валанцёрскі атрад “Продвижение” прызнаны лепшым у Беларусі ў намінацыі “Лепшая валанцёрская група ў сацыяльных сетках”. Астрынчане не толькі вельмі шмат робяць для сваіх пажылых землякоў і адзінокіх жыхароў аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, яны актыўна распавядаюць пра гэта ў сацыяльных сетках. Валанцёрскі атрад з’яўляецца лаўрэатам грамадска-дзяржаўнай ініцыятывы “Гарачае сэрца-2020”. Інфармацыя пра дзейнасць валанцёрскага атрада будзе апублікавана ў адкрытай штогадовай Ганаровай кнізе “Гарачае сэрца”.

 

 

– Як у раёне развіваецца студатрадаўскі рух?

 

– Безумоўна, адно з асноўных дасягненняў БРСМ – шырокае развіццё студатрадаўскага руху. Рознымі формамі другаснай занятасці наша арганізацыя ахапіла велізарную колькасць моладзі. У мінулым годзе на тэрыторыі раёна працавала 28 студэнцкіх атрадаў агульнай колькасцю больш за 400 чалавек. За сем апошніх гадоў працаўладкавана каля чатырох тысяч юнакоў і дзяўчат. Выдатна зарэкамендаваў сябе моладзевы атрад аховы правапарадку, створаны для прафілактыкі негатыўных з’яў у моладзевым асяроддзі. Вядзецца сур’ёзная праца з маладымі спецыялістамі, якія прыязджаюць у наш рэгіён, развіваецца патрыятычны і валанцёрскі рух, падтрымліваюцца творчасць і крэатыўныя ідэі.

 

 

– Моладзь Шчучыншчына была актыўнай і падчас мінулай выбарчай кампаніі?

 

– Вядома! Падчас правядзення выбараў дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь моладзь Шчучыншчыны не засталася ў баку, і ў якасці назіральнікаў ад саюза моладзі быў вылучаны 31 чалавек, 3 члены БРСМ сталі даверанымі асобамі цяперашняга дэпутата Паўла Рышардавіча Міхалюка. На ўчастках для галасавання сваю дапамогу пажылым грамадзянам аказвалі валанцёры саюза моладзі.

 

 

– У гэтым годзе рады моладзевай арганізацыі папоўніліся?

 

– Так, членамі БРСМ сталі 34 чалавекі. У свае рады саюз прыцягвае моладзь не толькі патрыятычнымі мерапрыемствамі і рэальнымі добрымі справамі, але і фінансавымі стымуламі! Уладальнікі членскага білета могуць атрымаць скідкі на тавары і паслугі ў асобных гандлёвых кропках, цэнтрах абслугоўвання, кінавідэасетцы. Прыемна, што шчучынцы ўспрымаюць нашых хлопцаў і дзяўчат у яркіх футболках з надпісам “БРСМ” вельмі пазітыўна. Актывісты саюза моладзі прымаюць удзел ва ўсіх раённых мерапрыемствах. Яны дапамагаюць гасцям горада, ветэранам вайны і працы, дораць цяпло адзінокім людзям, удзельнічаюць у экалагічным руху.

 

– Якія планы ў шчучынскай моладзі на будучыню?

 

– І далей трымаць руку на пульсе часу. Працягваць рэалізацыю асноўных напрамкаў і праектаў ГА “БРСМ”, праграм для саюзнай моладзі, працу з маладымі спецыялістамі, далей развіваць валанцёрскі рух, займацца пошукам новых крэатыўных ідэй у рамках конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, удасканальваць інфармацыйна-прапагандысцкую работу, арганізаваць шэраг сустрэч з моладдзю ў працоўных калектывах. У гэтым годзе асноўная ўвага будзе нададзена 80-годдзю ўтварэння Шчучынскага раёна і 75-годдзю Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Мы не будзем спыняцца на дасягнутым. Бо мы – маладыя – надзея краіны!

 

Гутарыла Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!