Якасную ўпакоўку для “другога хлеба” набылі нядаўна ў Гродзенскім занальным інстытуце раслінаводства НАН Беларусі
У Гродзенскім занальным інстытуце раслінаводства НАН Беларусі набылі ўнікальную лінію для ўпакоўкі бульбы. Новая машына айчыннай вытворчасці абышлася гаспадарцы ў 52 тысячы рублёў.
– Зрабіць гэту пакупку нам параілі спецыялісты фірмы “Сінергія”, – гаворыць дырэктар занальнага інстытута раслінаводства Сяргей Мікалаевіч Шэўчык. – Я наведаў адну з гаспадарак Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці, дзе ўжо задзейнічаны падобны агрэгат. Дэтальна азнаёміўшыся з тэхнічнымі характарыстыкамі лініі, мы купілі яе. І не прагадалі! Цяпер загрузка 21-тоннай фуры займае не двое сутак, а ўсяго некалькі гадзін.
Увесь вытворчы працэс тут кантралюе камп’ютар. Бульба набіраецца да зададзенай вагі (ад 2,5 да 30 кілаграмаў) і высыпаецца на транспарцёр, які дастаўляе клубні на другую лінію. Там яны запакоўваюцца ў спецыяльныя сеткі, запайваюцца і прашываюцца. Сама ўпаковачная лінія мабільная: яе без перашкод можна аператыўна пераставіць у любое месца.
– Сёлета мы накапалі 3,5 тысячы тон бульбы, – зазначае Сяргей Мікалаевіч. – Сабраны ўраджай рэалізуем на экспарт: ужо прадалі ўкраінскім партнёрам каля 400 тон клубняў. Наша харчовая бульба расходзіцца “на ўра”, а насенную мы прытрымліваем да вясны, калі на яе значна вырасце попыт. Перад пачаткам наступнага сезона плануем прадаць каля 1,3 тысячы тон высакаякаснага пасадачнага матэрыялу.
Між іншым, бульба – далёка не адзіная сельскагаспадарчая культура, вырошчваннем якой актыўна займаюцца спецыялісты занальнага інстытута раслінаводства. Сёлета яны пасадзілі 10 гектараў суперінтэнсіўнага яблыневага саду, у тым ліку 5 гектараў – саджанцамі польскай селекцыі. Першы ўраджай плануюць атрымаць ужо ў наступным годзе – прыкладна 25 тон яблыкаў з кожнага гектара.
– Пры закладцы выкарыстоўвалі саджанцы польскай селекцыі, – працягвае наш суразмоўца. – Падрэзвалі іх па спецыяльнай схеме, пры якой плады растуць каля самага ствала. Каб маладзенькія дрэўцы не ламаліся, прывязалі іх да бамбуку. Па падліках нашых эканамістаў, гэты суперінтэнсіўны яблыневы сад акупіцца праз два гады. Паступова мы будзем расшыраць яго плошчу – да 10 гектараў у год. З гэтай мэтай пасадзілі 33 тысячы падвояў, якія і ствараюць наш генафонд. Стары сад паступова раскарчуем, а вызваленыя землі ўключым у севазварот.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.