Як выбраць самыя дакладныя тэрмометр і танометр

 

У апошнія гады з прычыны пандэміі многія медыцынскія тэрміны сталі агульнаўжывальнымі словамі, і практычна ў кожным доме з'явіліся медыцынскія гаджэты, якія дапамагаюць сачыць за здароўем. Але сёння мы хочам пагаварыць не пра модныя пульсаксіметры, а пра самыя неабходныя прыстасаванні — тэрмометры для вымярэння тэмпературы цела і танометры, якія вымяраюць артэрыяльны ціск.

 

Але гэта не дакладна?

 

Восень і зіма, як вядома, — сезон абвастрэння рэспіраторных захворванняў. Штогадовыя эпідэміі грыпу і ВРВІ даўно сталі для нас звыклымі, а цяпер да іх дадаўся і ковід. Але які б шкодны вірус ні залез у ваш арганізм, важна зрэагаваць як мага раней. А значыць, тэрмометр павінен быць сёння ў кожным доме — гэта аксіёма. Бо тэмпература цела — найважнейшы паказчык здароўя.

 

Калі вы прадукт савецкай эпохі, то тэрмометр для вымярэння тэмпературы цела вы, хутчэй за ўсё, называеце градуснікам. Сучасная моладзь часцей кажа «тэрмометр», распавядае фармацэўт адной з мінскіх аптэк Любоў Казлевіч. Зрэшты, і старэйшае пакаленне, і маладыя пакупнікі ў большасці выпадкаў сёння не выбіраюць ртутны градуснік. А дарма. Фармацэўты сцвярджаюць, што менавіта гэты класічны прыбор прайшоў праверку часам і па-ранейшаму застаецца самым дакладным.

 

Медыкі называюць ртутны тэрмометр «максімальным», расказвае ўрач-гігіеніст Валянціна Гапановіч.

 

— Дасягаючы максімальнага значэння, слупок не апускаецца самастойна — градуснік трэба страсянуць, каб «абнуліць», — тлумачыць суразмоўца.

 

Безумоўныя плюсы ртутнага тэрмометра — высокая дакладнасць, даступны кошт (8-9 рублёў) і нескладанасць выкарыстання. А яшчэ — настальгія па дзяцінстве: класічны градуснік нязменна выклікае асацыяцыі з бацькоўскім клопатам, журавінавым морсам, утульнасцю і спакоем. Ну, а мінусы прыбора — неабходнасць беражлівых адносін да яго (шкляны градуснік лёгка разбіць) і тое, што ртуць атрутная. Менавіта таму сёння некаторыя медыкі заклікаюць ад яго адмовіцца.

 

Дарэчы, а вы ведаеце, што рабіць, разбіўшы ртутны градуснік?

 

— Найважнейшае пытанне — як паступіць, калі тэрмометр усё ж разбіўся. Перш-наперш патэлефанаваць у МНС або санітарна-эпідэміялагічную службу, — адзначае Валянціна Гапановіч. — Калі ртуць выцекла, эвакуіруйце ўсіх з пакоя. Галоўнае — не панікаваць. Калі разаб'ецца адзін ртутны градуснік, вы не атрымаеце вострага атручвання.

 

Збіраць ртуць з разбітага градусніка самастойна не варта. Бо калі некалькі шарыкаў ртуці затояцца ў кутку пакоя, яны будуць патроху атручваць вас і вашых блізкіх. Пры гэтым паху ртуць не мае і няўзброеным вокам яе пары не ўбачыш.

 

Зрэшты, альтэрнатыў гэтаму прыбору сёння на аптэчных паліцах дастаткова. Гэта галінстанавыя, электронныя і інфрачырвоныя тэрмометры.

 

Галінстанавы, ён жа бязртутны, тэрмометр — прамы спадчыннік вышэйапісанай класікі, толькі больш бяспечны. Вонкава ён мала адрозніваецца ад ртутнага, але ўнутры яго капіляра — не таксічная ртуць, а бяспечны для чалавека сплаў галінстан (волава, галій, індый). Прыбор не саступае ртутнаму градусніку ў дакладнасці, але куды больш бяспечны. Калі ён разаб'ецца, гэта не прычыніць ніякай шкоды, адзначае спецыяліст.

 

Ёсць у прыбора і мінус — яго таксама трэба страсянуць, каб «абнуліць» вымяральны слупок да нізкіх значэнняў. Вось толькі страсаць давядзецца вельмі моцна — гэты напаўняльнік не настолькі рухомы, як ртуць. Акрамя таго, прыціскаць бязртутны тэрмометр да скуры трэба мацней, чым ртутны, каб атрымаць дакладны вынік без хібнасцяў. Каштуе бязртутны градуснік у сярэднім 14-15 рублёў.

 

Лічбавы электронны тэрмометр — найбольш распаўсюджаны сёння прыбор для вымярэння тэмпературы: ён ёсць практычна ў кожнага. Напэўна, яго бачылі ўсе: пластыкавы корпус і дысплей, на які выводзіцца вынік вымярэнняў. Аб заканчэнні вымярэнняў прыбор апавяшчае гукавым сігналам.

 

— Сярэдні час вымярэння тэмпературы цела з дапамогай электроннага градусніка — 3—5 хвілін. Але рэкамендуецца патрымаць яго яшчэ пару хвілін для дакладнасці, — адзначае Валянціна Гапановіч.

 

Да плюсоў прыбора адносяцца бяспека і магчымасць захаваць даныя папярэдніх замераў у памяці тэрмометра. Ну, а мінусы — тое, што калі прыціскаць яго да цела няшчыльна, паказанні будуць далёкія ад рэальных. І тут больш высокая ў параўнанні з ртутным цана, вядома (у сярэднім ад 15 да 20 рублёў).

 

Лічбавы электронны тэрмометр – найбольш распаўсюджаная прылада для вымярэння тэмпературы цела.

Лічбавы электронны тэрмометр – найбольш распаўсюджаная прылада для вымярэння тэмпературы цела.

 

Інфрачырвоны тэрмометр, ён жа бескантактавы, або дыстанцыйны, — ідэальны выбар для мам маленькіх дзяцей. Даведацца пра тэмпературу з яго дапамогай можна літаральна за 1-2 секунды. У сувязі з супрацьэпідэмічнымі мерапрыемствамі ў апошнія гады такія градуснікі бачылі, напэўна, усе — гэта тыя «пісталецікі», якія выкарыстоўваюць у фае паліклінік, каб выявіць хворых наведвальнікаў.

 

— Бескантактавы тэрмометр фіксуе цеплавое выпраменьванне цела чалавека і выводзіць паказанні на экран, — тлумачыць Любоў Казлевіч.

 

Пры выбары гэтага тэрмометра варта звярнуць увагу на такія характарыстыкі прыбора, як хібнасць вымярэнняў (выбірайце тыя, у якіх яна не перавышае 0,3 градуса), а таксама, колькасць апошніх вымярэнняў у памяці.

 

Месцы вымярэння тэмпературы такім тэрмометрам — лоб, скроні. Ёсць таксама тэрмометры, якімі вымяраць тэмпературу трэба ў вушной ракавіне.

 

Безумоўнымі плюсамі прыбора можна назваць прастату і хуткасць выкарыстання, а мінусы — магчымая недакладнасць, а таксама высокая цана (у сярэднім ад 45—50 рублёў, але па акцыі можна знайсці і за 29). І яшчэ адзін нюанс: інфрачырвонаму тэрмометру трэба «даваць адпачываць». Занадта частае вымярэнне тэмпературы прыводзіць да награвання прылады, а гэта дрэнна ўплывае на яго дакладнасць, распавяла супрацоўнік аптэкі.

 

Важнае пытанне: колькі трымаць кожны тэрмометр, каб паказанні былі дакладныя?

 

— Каб атрымаць дакладныя паказанні ртутнага тэрмометра, аптымальны час, які яго варта трымаць пад пахай, складае каля 5 хвілін, — распавядае Валянціна Гапановіч. — Галінстанавы медыцынскі тэрмометр таксама трымаюць пад пахай 3—5 хвілін. Інфрачырвонай прыладзе патрабуецца некалькі секунд. Лічбавы градуснік пакажа тэмпературу за перыяд ад 10-20 секунд да 3 хвілін у залежнасці ад мадэлі.

 

Не трэба ціснуць!

 

Высокі артэрыяльны ціск — адна з самых распаўсюджаных праблем сучаснага чалавека. І гіпертанія часта абвастраецца (або ўпершыню праяўляе сябе) з прыходам восені. Пахаладала, і нам хочацца сагрэцца — напрыклад, кубачкам духмянай кавы. Надвор'е за акном сумнае, і мы дадаем да кавы пірожнае, каб узняць настрой. Кафеін выводзіць з арганізма ваду, цукар у залішніх колькасцях загушчае кроў. Вынік — высокія лічбы АЦ, галаўны боль, шум у вушах.

 

З павышаным артэрыяльным ціскам многія маюць справу гадамі, нават не здагадваючыся пра гэта, кажуць медыкі. І папярэджваюць: бестурботнае стаўленне да лічбаў ціску — шлях да сур'ёзных наступстваў. Словам, танометр — яшчэ адзін musthave ў кожным доме. Кардыёлагі раяць рэгулярна вымяраць артэрыяльны ціск нават маладым людзям — проста каб мець уяўленне, што адбываецца з іх сардэчна-сасудзістай сістэмай. Калі ў выпадку з'яўлення высокіх лічбаў АЦ зрэагаваць хутка, гэта дазволіць пазбегнуць гіпертанічнага крызу. Такім чынам, выбіраем танометр. І пачнём з механічнага. Як і ў выпадку з тэрмометрамі, старая добрая класіка была і застаецца эталонам дакладнасці. Але з агаворкай: у руках медыцынскага супрацоўніка. Або проста дасведчанага ў зносінах з гэтым «капрызным» прыборам чалавека. Механічны танометр патрабуе некаторага спрыту: каб вымераць з яго дапамогай ціск маме або бабулі, а тым больш самому сабе, неабходна папрактыкавацца.

 

У выпадку вымярэння ўласнага ціску вам давядзецца пампаваць грушу, напружваць увагу і прыслухоўвацца, каб улавіць тоны сэрца. А такія «практыкаванні» якраз і павышаюць ціск, асабліва калі вы да іх не прывыклі. І ў выніку паказанні прыбора будуць вышэйшымі, чым рэальныя, адзначаюць супрацоўнікі аптэк.

 

Плюсамі прылады з'яўляюцца яе даўгавечнасць (ламацца там асабліва няма чаму) і вельмі бюджэтная цана (ад 32 рублёў). Мінус — некаторая складанасць выкарыстання для пачаткоўцаў.

 

Электронныя аўтаматычныя танометры сёння выбіраюць часцей за ўсё.

Электронныя аўтаматычныя танометры сёння выбіраюць часцей за ўсё.

 

Асучаснены варыянт класічнага танометра — паўаўтаматычны прыбор. Тут вынік вымярэнняў вы ўбачыце на экране, але пампаваць грушу для нагнятання паветра ў манжэту вам усё роўна прыйдзецца. Гэта значыць, магчымасць больш высокіх лічбаў верхняга і ніжняга ціску не выключаная. Плюсы — цэнавы фактар (ад 60 рублёў) і прастата ў выкарыстанні ў параўнанні з механічным. Мінусы — магчымая недакладнаць вымярэнняў у сувязі з тым, што вам прыйдзецца актыўна працаваць далонню і пальцамі (як і ў папярэднім выпадку).

 

Электронны аўтаматычны танометр сёння выбірае большасць пакупнікоў, распавядалі ў аптэках Мінска. Такія прыборы простыя ў выкарыстанні і досыць дакладныя, падыдуць як пачаткоўцам, так і гіпертонікам «са стажам». Варыянтаў у аптэках мноства: ад простых да складаных з безліччу опцый. Ёсць мадэлі, якія разлічваюць сярэдняе значэнне трох замераў, здольныя знайсці сярэдні паказчык вашага ціску за тыдзень і нават весці дзённік замераў (які патрэбны вашаму доктару, калі ў вас гіпертанія). А таксама мераюць пульс і могуць дыягнаставаць мігальную арытмію. Гэта плюсы. Адзіны мінус — высокая цана. Але яна значна вар'іруецца ў залежнасці ад колькасці опцый і вытворцы. Сёння, адзначае спецыяліст, найбольш часты выбар — адносна нескладаныя аўтаматычныя танометры з найбольш патрэбнымі функцыямі (у сярэднім яны абыдуцца рублёў у 80—120). Звычайна пакупнікам важна, каб у памяці прыбора захоўваліся папярэднія вымярэнні, а таксама яго ўменне падлічваць сярэдняе значэнне трох вымярэнняў, вырабленых адно за адным, — гэта найбольш дакладны вынік і менавіта так рэкамендуюць мераць ціск кардыёлагі. Зрэшты, калі вы без двоек скончылі сярэднюю школу, то, напэўна, зможаце вылічыць сярэдняе арыфметычнае трох замераў вашага ціску і без удзелу электронікі — з дапамогай аркуша паперы і ручкі.

 

— Набываючы танометр, важна правільна выбраць манжэту, — адзначае фармацэўт любоў Казлевіч. — Калі вы будзеце ведаць абхоп рукі там, дзе надзяваецца манжэта (змерце руку кравецкім метрам перад купляй танометра), спецыяліст у аптэцы падбярэ патрэбны памер.

Манжэта — першае, што перастае функцыянаваць у такім прыборы. Сам ён досыць даўгавечны (гарантыю на яго даюць 10 і больш гадоў), а манжэту можна праз пару гадоў памяняць.

 

Каб вымяраць ціск правільна з дапамогай танометра любой мадыфікацыі, трэба памятаць аб важных правілах, патлумачыла спецыяліст. Перш за ўсё, не варта пераціскаць адзеннем руку ні на плячы, ні бліжэй да запясця — гэта паўплывае на паказанні прыбора. Манжэту надзяваем на тую руку, якую ў паўсядзённым жыцці выкарыстоўваем менш (ляўшы — на правую, праўшы — на левую). Нельга скрыжоўваць ногі і тым больш сядзець, закінуўшы нагу на нагу. Пастава павінна быць свабоднай і зручнай. Вымяраць ціск неабходна моўчкі і не раней чым праз паўгадзіны пасля прыёму ежы.

 

ЗВЯЗДА

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!