Як валанцёры-ліцэісты дапамагаюць людзям сталага веку
Падчас месячніка Чырвонага Крыжа Шчучынская раённая арганізацыя БТЧК праводзіць нямала цікавых і карысных мерапрыемстваў. Сёння валанцёрскі атрад з сельскагаспадарчага ліцэя на чале з педагогам-арганізатарам Вольгай Сільвановіч наведаўся да адзінокай жыхаркі Шчучына Яніны Іосіфаўны Якімовіч.
-- Гэта наша падапечная, -- тлумачыць Галіна Мацюк, старшыня РА БТЧК. – Надзвычай важна, каб пажылыя людзі не заставаліся сам-насам са сваімі праблемамі. Прыемна, што навучэнцы ліцэя тут жа адгукнуліся на просьбу дапамагчы старэнькай панасіць і скласці дровы.
Работа ішла зладжана і дружна. Ніхто не хаваўся за спіны таварышаў. Будучыя слесары, вадзіцелі і электраманцёры сваім прыкладам паказалі, што працаваць умеюць і любяць.
– Ах, дзетачкі, вялікі ж вам дзякуй. Ды адна б я тут і за тыдзень не справілася з гэтай горкай бярвенняў, -- задаволена паўтарае бабуля Яніна і горка ўздыхае. – Зусім я адна-аднюткая засталася: ні дзяцей у мяне, ні сваякоў. Але сястрычка міласэрнасці з Чырвонага Крыжа, як родная. І хлопцы з дзяўчатамі малайцы, вунь як стараюцца.
Пасля таго, як валанцёры належным чынам зрабілі сваю справу, актывісты Чырвонага Крыжа адправіліся наведаць насельнікаў дома-інтэрната. А ў рамках Адзінага дня Чырвонага Крыжа яны ўчора арганізавалі дзве пляцоўкі ў Доме гандлю. На першай Вікторыя Ларыёнава расказвала шчучынцам пра валанцёрскі рух у нашым раёне, заклікала да яго далучыцца, як гэта зрабіла яна сама.
А на пляцоўцы здаровага ладу жыцця сёстры міласэрнасці мералі жадаючым артэрыяльны ціск, праводзілі прафілактычныя гутаркі, адказвалі на пытанні людзей, якія неабыякава ставяцца да свайго здароўя.
Месячнік Чырвонага Крыжа будзе доўжыцца да 8 чэрвеня.
– Мы плануем яшчэ шэраг сустрэч і акцый. Ужо далі старт конкурсу на лепшае мерапрыемства ў пярвічках БТЧК. Так што грамадскае жыццё абяцае быць насычаным, -- зазначыла Галіна Станіславаўна Мацюк.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.