Як у першы дзень вясны шчучынцы шукалі “да душы сваёй дарогу”. Аб гэтым даведаліся ў бібліятэцы імя Цёткі, дзе адзначылі Дзень праваслаўнай кнігі

 

Сапраўдны навукова-духоўны форум адбыўся сёння ў раённай бібліятэцы імя Цёткі. Мерапрыемства было прысвечана Дню праваслаўнай кнігі. Пад мілагучнасць царкоўных званоў яно аб’яднала прадстаўнікоў усіх пакаленняў. Гарэла свечка ля старажытнага “Евангелля”, пранікнёна ўглядваліся ў залу лікі святых з абразоў…

 

 Па добрай традыцыі на свята сабраліся не толькі адданыя чытачы бібліятэкі, але і святары, школьныя выкладчыкі факультатыўнага курсу “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”, настаўнікі гісторыі, гімназісты. Багата было і ганаровых гасцей.

 

Усіх цёпла віталі благачынны Шчучынскай акругі іерэй Аляксандр Пасцерняк і намеснік старшыні райвыканкама Алена Пасюта. Яны былі аднадумцамі ў тым, што менавіта моцны духоўны падмурак заўжды дапамагаў нашаму народу пераадолець усе цяжкасці і выпрабаванні, адстаяць мір і свабоду роднай зямлі.

 

 Вядучая Ірына Гудач абвясціла каляндар адметных у гісторыі праваслаўя юбілейных дат, якія мы будзем адзначаць сёлета. Менавіта 1030-годдзю заснавання Полацкай епархіі і 505-годдзю беларускага кнігадрукавання, а таксама шэрагу юбілеяў слаўных асветнікаў была прысвечана гэта імпрэза пад назвай “Да душы сваёй знайсці дарогу: святыні і святыя роднай зямлі”.

 

 

  З навуковым дакладам аб жыцці і дзейнасці Георгія Коніскага выступіў протаіерэй Уладзімір Барысевіч – загадчык сектара прыходскіх бібліятэк аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Гродзенскай епархіі. Беларускі свяціцель Георгій – унікальная асоба, маштабны дзеяч эпохі Асветніцтва, які нарадзіўся 305 таму год назад і чый духоўны подзвіг мы памятаем і шануем праз стагоддзі.

 

Уладзімір Барысевіч перадаў у дар іерэю Аляксандру Пасцерняку і дырэктару Шчучынскай раённай бібліятэкі Аляксандры Янкоўскай камплекты духоўнай літаратуры.  

 

Неверагодна цікавая і велічная постаць Патрыярха Ціхана (Бялавіна) паўстала з мінулага і дзякуючы аповедам выкладчыка Мінскай духоўнай акадэміі, кандыдата багаслоўскіх навук Паўла Бубнова і дацэнта кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Купалаўскага ўніверсітэта, кандыдата гістарычных навук Аляксандра Горнага.

 

 

Перанесціся ў сусвет высокіх пачуццяў дапамагалі музыка і паэзія. Народны ансамбль духоўнай музыкі “Преображение” пад кіраўніцтвам Алены Руткевіч здзівіў чыстымі прыгожымі галасамі, гарманічным выкананнем малітоўных песень. А юныя аматары мастацкага слова па-майстэрску чыталі вершы Міколы Мятліцкага, Дануты Бічэль, Юліі Серабраковай і іншых паэтаў, што ўслаўлялі святых ахоўнікаў зямлі беларускай.

 

З цікавасцю знаёміліся ўдзельнікі гэтай сустрэчы з кніжнай выставай “Жывое слова мудрасці духоўнай”. У экспазіцыі такія фаліянты, як “Слуцкае Евангелле” 1582 года, “Точное изложение восточной православной веры”, выдадзенае ў Маскве ў 1876 годзе, і многа іншых кніжных рарытэтаў.

 

 Кніга – вялікі дар Бога чалавеку. Ад таго, што мы чытаем, іншы раз залежыць, як ды чым мы жывём.

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!